Дзядзька тузнуў лейцамі худаватага пасля зімы каня, i той крануўся. Спачатку, да сценкі, ішоў паволі, нібы нехаця, а далей, па сценцы, патрусіў подбегай.
Дарога была няроўная, з выбоінамі — калёсы трэсла, падкідала. Ад трасяніны паколвала Янку ў плячо, што яшчэ не зажыло. Каб атушыць боль, Янка прылёг на здаровы бок спіною да фурмана i адрачона пазіраў то на ўзбочыну з леташняю зелянотай, на яшчэ зусім сырое (але ўжо крыху з падсохлымі горкамі жоўтага пяску ды з выветраным пустазеллем на межах) поле, то на асмужанае перадвечаровае неба i паніжэлае сонца, на блізкі, яшчэ ў павуцінні i плесені, не абмыты вясновымі дажджамі лес, то раптоўна яго позірк запыняўся на дузе, дзе ўваткнутая ў колца трэслася папяровая ружовая кветка з таксама папяровым зялёным лісцем. Вось яна, гэтая адмысловая кветка, i навявала тужлівасць. Здаецца, ён зноў пакідаў родны кут i ехаў немаведама куды i чаго — у чужы свет.
— Но! Но! —дзядзька Стась пакуль што не чапаў яго, гаманіў на каня: — Не ляніся — падбяжы, разамні пасля зімы ногі...
Янка слухаў i не слухаў дзядзьку — паглыбляўся ў думы пра сваё. А думы, пачуцці былі самыя супярэчныя. Адчуваў i хлапечы сорам: як-ніяк едзе не ў звычайныя госці, a ў сваты. Да дзяўчыны, лічы, незнаёмай. Пра гэта ўжо заўтра будуць ведаць, гаварыць i Пруды, i Янкавіны, ды i ўсе навакольныя вёскі. Адчуваў i трывогу: як яго прымуць? Мала што яны, Нямкевічы, лічаць самі сябе людзьмі, можа, сёння ix не зашануюць. Можа, Дошчачка захоча мець багацейшага зяця. Адчуваў заадно i нейкую суровую непазбежнасць: хочаш ці не хочаш сватацца да той прудскай багацейкі (да яе некалі хацеў пасватаць сына Гарбацэвіч), прымуць там ці не прымуць, але кланяцца трэба. Так, дзяўчына тая, Ядвіга, амаль незнаемая, бачыў яе да вайны толькі раз у Налібаках, ды ён не першы i не апошні едзе сватацца вось так нечакана.
У лесе дзядзька Стась парушыў яго задумлівае маўчанне.
— Ну, чаго зажурыўся? — ткнуў локцем у плячук.— Не на работу цяжкую, а да дзеўкі едзем!
— А што мне рабіць? — усміхнуўся.— Спяваць?
— Я разы са два бачыў тваю суджаную,— сказаў дзядзька.— Старэйшая трохі, не царэўна, але i не брыдкая. Ззаду круглая, спераду пышная...
Звычайна негаваркі, як i Янкаў бацька, дзядзька Стась мяняўся на вачах. Не зважаў, што па гадах Янка сын яму, пляменнік i хрышчонец, загарэзаваў. Можа, i таму, што не было побач чужых людзей, кабет, можа, лічыў: цяпер сама адпаведны час для такіх шчырых, нават вольных гутарак i што ён як сват павінен крыху адукаваць маладога, адкрыць яму на ўсё сталае, патаемнае вочы.
— Не сакрэт, вельмі многа значыць — трапіцца жонка халодная ці гарачая. Надта напачатку, у першыя гады пасля вяселля,— сапраўды пачаў вучыць мудрасці дзядзька.— Як звычайна бывае? Рэдка калі сыходзяцца тыя, хто сам сабе любу ці любімага выбраў. Часцей заводзяць бацькі. Здараецца, звядуць маладых, а яны дагэтуль адзін пра аднаго нават i не чулі. Не сакрэт, i я, i бацька твой гэтакія. Мне маю Аршулю ў Брынічаве знайшлі, твайму бацьку тваю маці — у Скрошчыне. I твой бацька, i твая маці абое спакойныя, разважныя, дык i паразумеліся. A ў мяне, скажу табе па праўдзе, спачатку бяда была. Я гарачы малады быў, а мая Аршуля — лёд. Дык i доўга не было ладу. Нават да адной удавы пачаў падходжваць... Аршуля зусім нямілая стала... Не ведаю, што было б, каб не бацька. Злупіў мяне аднаго разу лейцамі, прыстрашыў: ступлю нагою ва ўдоўскі двор — выганіць голага з хаты. Я гатоў быў i голы пайсці, але... Перагарэў трохі, астыў... A дзеці па Аршулі пайшлі. Аляксандра наш узяў паглядную ж, спрытную, але... Сам бачыў, як жылі... Пры ім яшчэ з Вінцуком круцілася, а цяпер... Няма Вінцука, дык з салдатамі гуляе. А ваша нявестка, пакуль муж у Амерыцы грошы зарабляе, з казаком байстручка прыдбала.
Янка зноў змаўчаў, толькі зморшчыўся — ад болю за брата.
— Ды ты, мусіць, i сам пакаштаваў ужо грашнога? Га?—Дзядзька зноў тыцнуў локцем.— Усе ж кажуць: Зося ад цябе нарадзіла.
— Выдумляюць людзі...— буркнуў, не прызнаючыся, Янка.
— Такой бяды, калі i падкраўся, памог таму нездаляшчаму... Еш з голаду, a любі змоладу!.. A ў Зосі i ў гэтага Віці няма ладу. Мала люба ёй гаспадарка, багацце, бо не любы гэты хліпак... Вось так, пляменнік... A калі маладыя падыдуць адно аднаму, дык скора паразумеюцца, злюбяцца, да ўсяго — да сям'і, да гаспадаркі — будуць хінуцца... Праўда, нашы старыя людзі лічаць нават такія гавэнды за грэх. Бачыш, што бог табе даў, тое i май, так i жыві. Даспадобы ці не даспадобы — цярпі, маўчы i дзецям сваім такое наказвай. Можа, так яно i мудра, але колькі слёз, бяды, людскога гора вось з-за такога бывае...
Янка па-ранейшаму маўчаў, слухаў.
— Гаварыць можна пра гэта многа, але ніхто яшчэ не разабраўся, што гэта такое — любасць i нянавісць... Адзін любіцца, жэніцца з кахання вялікага, другі — каб прыяцельку мець на ноч, трэці — каб зямлю, грошы дастаць, чацвёрты — каб было каму кашулю памыць i залатаць, есці зварыць ды прыбраць, пяты — каб бабылём не застацца, шосты — бо яму бацькі загадалі, сёмы — бо папаўся, восьмы i соты жэняцца самі не ведаючы нашто... Жаніцеся, панічы, ды знайце скутку: тры дні вяселля, а цэлы век смутку...
«Адукаваў дык адукаваў! — не вытрываў, усміхнуўся сам сабе Янка.— Заблытаў i там, дзе крыху штосьці ведаў...»
— Зірні сюды, налева,— сказаў дзядзька.— Во якраз пад'ехалі да Дошчачкавага поля. Тут у яго каля сямі дзесяцін. Поле неблагое, уробленае, кожная груда рукамі перамацана i перацёрта. Дошчачка, што ні кажы, гаспадар талковы. Як i ўсе ў Прудах... Далекавата, праўда, трохі будзе ездзіць. Чатыры вярсты. Але лепей далей, чым ніяк. Сама меней пяць дзесяцін будзем патрабаваць.
Янка зірнуў на роўнае каля дарогі, узгорыстае туды, пад лес, чорнае зверху, значыць, добрае, угноенае поле i не зарадаваўся, а нават засмуціўся: зямля, зямля мілая, ну, чаму ты не толькі хлеб, радасць даеш, трымаеш род людскі, але i гэтак мучыш людзей — змушаеш i біцца з-за цябе, i кроў ліць, i сквапным быць, часамі заглушаючы ў сабе ўсё чалавечае?! Ты, толькі ж ты адабрала ў мяне Зосю, гоніш сюды, у Пруды!
— Неблагая зямля i кавал лэпскі...— маючы іншыя, чым ён, думкі, зайздраснавата цмокаў дзядзька. Зайздрасць яго была вядомая: яго сыну, Аляксандру, каб зарабіць грошы, прыйшлося ехаць у заробкі ў Амерыку, а тут можна ўсё гатовае атрымаць у пасаг.
Дзядзька пазайздросціў крыху моўчкі, пасля прамовіў:
— Хоць цяпер каторыя зноў лічаць сябе шляхтаю, палякамі, але гаварыць будзем папросту. Каб быў Дошчачка са шляхты альбо напраўду паляк, дык ламалі б языкі на польскі ці на расейскі лад...
Неўзабаве ўехалі ў Пруды, што стаялі ўздоўж рэчкі, Шуры. Яна цякла сюды з Янкавін i Крычатоў. За рэчкаю (тут нашмат шырэйшаю i глыбейшаю, чым у ix) справа, а таксама i за полем злева гусцеўся сцяною лес — акраек Налібацкай пушчы.
Пруды былі нібы з трох астраўкоў — Першая, Другая i Трэцяя, як тут казалі, вёскі. Гэты Дошчачка, да якога яны ехалі, жыў пасярод, у Другой вёсцы.
Янка разы са тры быў у Прудах, але цяпер зірнуў на ix нібы новымі вачыма. Калі ехаў на фронт, а пасля ранення — у сібірскі шпіталь i ca шпіталя дадому, дык з акна цягніка наглядзеўся на сотні, тысячы вялікіх i малых вёсак. Розныя яны былі. I вельмі шмат сярод ix было ўбогіх. А Пруды, як i Дзераўная, Налібакі альбо іхнія Янкавіны, што ні кажы, усё ж не ўбогія. Вось амаль ва ўсіх гаспадароў дагледжаныя, дзе з яловага галля, а дзе i з частаколу платы, гародчыкі, сады, амаль усе моцныя, з камлюкоў, а то i абразанага бярвення хаты, накрытыя не толькі саломаю, але i сям-там дранкаю i нават чарапіцай, з узорнай шалёўкаю на вокнах, a ў таго-сяго i з прыгожымі верандамі. Яшчэ сырыя, але ўжо чыстыя, пасыпаныя жоўтым пяском двары. Уздоўж платоў — канаўкі. Для сцёку за вёску паводкавай i дажджавой вады з дарогі. Сама дарога падсыпаная, гладкая, без ямін альбо выбоін, вялізных брудных лужын, што бываюць, як бачыў, нават у некаторых гарадах, дык ужо i цяпер, ранняй вясной, ездкая.
Цяпер левы бок вёскі, ад лесу, быў ужо зацемнены, а правы — светлы, з ружовым водбліскам у вокнах, ад сонца, што павісла над самым лесам. Дружным брэхам сустрэлі ix сабакі, а з дарогі, падымаючы гвалт, уцякалі чароды белых гусей — вярталіся дадому.
За Першаю вёскаю, на поплаве, галёкалі дзеці — гулялі ў «чыжыка». Адна каманда стаяла ля дарогі, другая — «у полі». Пачуўшы рып калёс ды ўбачыўшы адмысловую кветку на дузе, тыя, хто быў пры дарозе, задражніліся:
— Кавалер, кавалер — свінні па каўнер!
— Сват, сват — сабачы брат!
— Ото я зараз вам, падшыванцы! — незалюбіў дзядзька Стась i заляскаў на бліжэйшых пугаю. А пасля таксама задражніўся: — Фэрдусь, рэзні польку на чатыры камізэлькі!