— Малады яшчэ, не хітры,— ціха прамовіў дзядзька.— Гэтая Ядвіга хацела даць табе хвігу... Яна акабечаная ўжо...
Янку раптоўна лінула кроў да галавы: ён добра ведаў, што значыць, калі гавораць, што «дзяўчына ўжо акабечаная».
— Старога вераб'я на мякіне не падманеш...— зашаптаў дзядзька.— Не першы раз у сваты маладых важу... Бачу: не выходзіць пры святле, толькі пры цемнаце паказалася... Мяса не есць... Хм, думаю, можа, i так сабе. Дай, думаю, праверу, як ужо не раз правяраў. Закуру, дым пад нос пушчу. Усё добра — дык i будзе добра. Калі грубая часамі — дык дыму не выцерпіць... A калі закурваў, дык бачу: у бацькі рукі калоцяцца. Ён жа курыць, пальцы вунь якія жоўтыя, але не хацеў цяпер курыць... Пшыкнуў дымам — бачыў, як марсянула з-за стала?! Вот цяпер сам рашай: браць з такім ужо набыткам ці не?
Янка разгубіўся, не чакаючы такіх Дошчачкавых хітрыкаў.
— Рашай. Бо мне ад твайго бацькі будзе падзяка альбо кульбака... Бярэш такую?
— Не.
— А зямля?
— Не хачу т а к о й зямлі...
— Тады трэба ўцякаць. Але ні з таго ні з сяго няёмка бегчы, калі за сталом пасядзелі, хлеб-соль узялі. Трэба нешта прыдумаць, каб апраўдацца. Іначай жа зганьбяць, яны штосьці наплятуць на нас... Ведаеш што: вазьмі зараз i брыкні на дол. Качайся, енчы, губы кусай... Увойдуць у хату — я скажу: кантузіла на вайне, дык вот падучая. Толькi, не дай бог, не зарагачы...
Янка сумеўся: зусім не хацелася прыдурнівацца ды прыкідвацца, што мае такую страшную хваробу. Уведаюць усе вакол — дык людзі будуць баяцца сустрэцца з ім на адной дарозе.
— Не бойся,— вучыў дзядзька.— I мы пра ix, i яны пра нас маўчаць будуць... Бо нікому не будзе карысці малоць языкамі адным пра аднаго...—
І, пачуўшы тупат у сенцах, зашыпеў гусаком: — Ну! Валіся! Курчся, стагні!
Янка бухнуў з зэдліка на падлогу — тварам да сцяны. Як i вучыў дзядзька, застагнаў ды закурчыўся.
— А божачка! — адразу ж пляснула рукамі гаспадыня, як толькі ўвайшла ў пакой.— А што ж з вашым маладым, пан Стась?
— Бяда, пані Антося,— завохкаў дзядзька, з сілаю мнучы яму паранены плячок, што Янка хацеў ці не хацеў, a напраўду ўжо мусіў застагнаць.— Не сакрэт, выпіў крыху, дык вот i кінула... Я ж казаў пану Зэнусю: яго параніла. Аж яго яшчэ i моцна кантузіла. У галаву. Дык, бывае, i кідае раз, а то i два разы на тыдзень...
«Ну i брахун стары!» — чуючы гэта, здзіўляўся Янка.
— О, божачка! — заспачувала гаспадыня, канечне, ужо не хочучы ўпіхнуць сваю грэшную дачку такому хвораму чалавеку.
— Трэба яго на двор вынесці,— сказаў дзядзька.
Тут жа старыя, крэкчучы, пачалі выцягваць яго на цемнаваты ўжо двор — да воза.
Спехам падзякаваўшы за пачастунак, папрасіўшы выбачэння i нават не ўспамінаючы пра запоіны, дзядзька пачаў заварочвацца i выязджаць з двара. Дошчачкі не затрымлівалі, шчыра ці хітра бедавалі, спачуваючы ды праводзячы да дарогі.
Дзядзька паганяў каня, каб той несся на ўвесь дух. I ўжо за вёскаю абурыўся:
— Эйш, хітруны! Мяне, старога вераб'я, янкавінца, хацелі абдурыць! Думалі, што аслы, словамі ласкавымі, гарэлкаю, пачастункам вочы, розум затуманяць... Не-э! Нас можна запалохаць, набіць, але нас не абхітрыш. Я хітрыкі вашы адразу ўбачыў: на губах — мёд, а на сэрцы — лёд...
У Янкі ж не было вялікай злосці на Дошчачкаў, на іхнюю спакушаную некім, можа, i салдатам дачку — наадварот, шчыра спачуваў.
— Не бядуй,— па-свойму зразумеў яго маўчанне дзядзька.— Багатырэ багатырамі, зямля зямлёй, а, не сакрэт, не надта вялікі гонар з імі парадніцца. У ix i коні, i каровы, i свінні горшыя за нашыя, i самі яны — не раўня нам, местачкоўцам... Не сакрэт, чалавека з нашай вёскі аж люба паслухаць, як ён гаворыць, а яны картавяць i гугнявяць...
Янка не згаджаўся, не супярэчыў, хоць адчуваў: дзядзька перабольшвае, наўмысна нагаворвае на прудзян. Яны такія ж самыя людзі, як i ўсе астатнія — як з Налібок, з Дзераўной, увогуле з усіх тутэйшых вёсак. Асабліва гэта добра ўбачыш, калі пабудзеш на свеце.
— Не гаруй, кажу,— супакойваў ці сам супакойваўся дзядзька.— Хлопец малады, відны — без жонкі не застанешся. Апытаем, знойдзем харошую i багатую дзяўчыну ў Налібаках ці ў Дзераўной.
10.
Зося ўведала яшчэ ўчора, што Янка сёння, на другі дзень вялікдзеня, едзе ў сваты, а цяпер вось i дапільнавала гэты момант. Што ж, ён меў на гэта поўнае права: яна замужам, зноў цяжарная, а яму не быць жа ўсё жыццё халасцяком. Але ўсё роўна забалела не толькі сэрца, але ўся душа, заслалі вочы слёзы, калі пазірала на Янку — ён, высокі, ладны, у вайсковай апратцы, у хромавых ботах, падстрыжаны, з белымі плямінамі на патыліцы i каля вушэй, угнуўшы галаву, ішоў услед за дзядзькам паперадзе бацькоў за гумно, да калёс.
У хаце была толькі братавая, Анелька, дык Зося, не баючыся i не асцерагаючыся, доўга, пакуль бачыла, праводзіла позіркам Нямкевічаў, кусаючы вусны ды тручы-тручы шурпатай далонькай правую шчаку. Калі ж адвярнулася ад акна, дык хоць на вачах было поўна нямых, горкіх слёз, убачыла: непадалёку, каля пліты, стаіць невысокая, паўнаватая, бадай, затоўстая для сваіх гадоў, нязграбная Анелька і, затуліўшы далоньмі твар, плача наўзрыд.
Хоць па-адмысловаму балела самой, але Зося адразу ж зразумела ўвесь смутак, своеасаблівы боль сваёй братавай: тая даўно ўжо тайна i аддана кахае Янку i вось перажывае, пакутуе, што малады прыгожы сусед пагрэбаваў не столькі яе багаццем, як ёю, паехаў у сваты да іншай. У чужую вёску. На нейкае імгненне ў Зосіным сэрцы варухнулася спагада, бо ўсё ж нялёгка бачыць людскія пакуты, хоць сабе i сардэчныя, але тое, што Анелька пасягае якраз на таго, каго яна ўсё яшчэ кахае, адагнала жаночую спагаду, паддало лютай злосці.