Прыёмная міністра юстыцыі была прасторная, з крэсламі абапал сцен i ca сталом паблізу каля ўваходных дзвярэй у кабінет. На крэслах сядзелі з дзесятак мужчын i жанчын, а за сталом, за пішучай машынкаю красавалася маладая бландзінка. Павітаўшыся з усімі, да яе i падышла дэлегацыя, патлумачыла, хто яны i адкуль.
Бландзінка нічога не прамовіла, ca здзіўленнем зірнула на ix, узяла іхнюю сінюю папачку з паперамі, разгарнула яе i пачала чытаць. Яны ж паселі на вольныя крэслы. Нямкевіч сеў паблізу пажылога, спрэс лысага, з вялікімі чорнымі вусамі мужчыны.
— Так вы из Минска? — цікаўна запытаў той у Нямкевіча.
— Из Минска,— адказаў ён.
— Ну и что у вас делается?
— Что и везде. Революционное обновление.
— Фронт стоит?
— Стоит.
— Новая гражданская власть создана?
— Создана.
— А вы, местные, чего? Как я понял из вашего разговора, вы что-то вроде сепаратистское затеяли?
— Почему — сепаратистское? Хотим своего, законного.
— Ну, если и белорусы подняли голову, то что уже говорить о других!..— нібы жахнуўся лысач.
— А мы, уважаемый господин, не боимся,— асек яго Васілевіч,— Новую Расію чакае i ўсё новае...
У гэты час бландзінка паднялася i моўчкі падалася ў кабінет.
Неўзабаве яна вярнулася, але ўжо з пустымі рукамі, нічога не сказала, села за машынку i пачала далей штосьці друкаваць.
Выйшаў з кабінета наведнік — малады, у афіцэрскай форме, але без пагонаў, a ў кабінет рушыў тоўсты лысач. Пасля яго адзін за адным пайшлі іншыя, а ix не клікалі, хоць яны прыехалі здалёку.
Калі выйшаў апошні наведнік, бландзінка перастала друкаваць, зайшла ў кабінет i доўга там была.
— Міністр заняты i не мае часу вас прыняць,— калі вярнулася, прамовіла яна.
— Як? — здзівіўся Васілевіч.— Мы ж ехалі за столькі соцень вёрст! Нас паслаў дзесяцімільённы народ!
— У міністра клопат пра ўсю Расію,— непарушна адказала бландзінка.— Вас прыме служачы нашага міністэрства,— i яна назвала пакой, куды ісці i да каго.
Яны паапускалі галовы: Керанскі выганяў ix.
— Hi хвіліны ўвагі! — уразіўся Шуляк.
У служачага міністэрства юстыцыі, да каго ix адправілі, прыёмнага пакоя не было, дык яны мусілі стаць у калейку на калідоры i падперці плечукамі сцены. Калі дайшла чарга ім заходзіць, гэты службовец — высокі, маладжавы, у зялёным паўвайсковым касцюме i ў ботах, худы, як хворы на саліцёр,— выйшаў з кабінета сам, буркнуў: «Извините, господа. У меня обед»,— и падаўся палуднаваць. Зусім не зважаючы, што яны ехалі ўсю ноч, на тое, што яны яшчэ не толькі не палуднавалі, але нават i не снедалі.
Абражаныя, яны нікуды не пайшлі. З добрую гадзіну тапталіся па калідоры — каб не ўпусціць сваю калейку.
Паўвайсковец, калупаючыся запалкаю ў зубах, вяртаўся з полудня паволі, весела перамаўляючы ca сваім знаёмым.
— Заходите,— буркнуў, адчыніў дзверы ў кабінет, але не ix прапусціў, а сам зайшоў першы. I калі важна сеў за пісьмовы стол, фанабэрліва сказаў: — Аляксандр Фёдаравіч даручыў мне пазнаёміцца з вашай «нацыянальнай праграмай». Я яе прагледзеў. Скажыце: вы пры сваім розуме?
— Прабачце,— разгублена прамовіў Васілевіч.— Вы — супраць? Нават маленечкіх нашых просьб?
— Катэгарычна!— непарушна адказаў той.— Вы i самі страцілі развагу, i іншым паказваеце паганы прыклад! Можна было б вас зразумець, каб вы, скажам, дабіваліся толькі абласнога самакіравання, увядзення ўрокаў роднай мовы i літаратуры ў школы. Але ж вы вунь на што пасягаеце: на аўтаномію, на пасаду «камісара па справах Беларусі пры Часовым урадзе», на стварэнне воінскіх часцей з вашых землякоў, на выкладанне ва ўсіх школах на роднай мове i г. д.
— Прабачце,— узбуджана, але па-ранейшаму стрымана сказаў Васілевіч.— А як тады разумець словы з дэкларацыі Часовага ўрада пра вольнае развіццё нацый? Гэта што — гульня?