— Канечне, вашы — гібкія людзі. Усюды хочуць быць, усюды ўкараняюць сваіх людзей... А па маіх назіраннях Дзядзевы людзі сапраўды ёсць усюды...
Муха змаўчаў. Не меў ніякай ахвоты не толькі шчыраваць, але i ўвогуле знацца з адрынутым халуйным служакам.
— Васіль Іванавіч, я маю даручэнне з вамі пагаварыць...
«Ад каго?»
— Стыхія, наэлектрызаваная юдашамі, не затухла, але яшчэ цалкам i не ўвайшла ў берагі. Тыя, хто інспірыраваў бунт, чакаюць, каб чэрнь ап'янела дарэшты i завалілася пад плот. Тыя тады звяжуць зморанага соннага гіганта-бунтаўшчыка i павядуць яго туды, куды трэба. Адпаведна, удвая трэба апамятацца ад шоку i нам, верным трону i імператару. Учора мы тут таксама засядалі. Тайна, канечне. Мы рашылі: трэба збіраць сілы. Для барацьбы за аднаўленне манархіі. Як яе цяпер ні бэсцяць, але, як я вам даўно ўжо кажу, нам без яе не пражыць. Іначай расійская эканоміка, палітыка, культура будуць размытыя, запалоненыя Д'яблам i страцяць сваё аблічча. Мы станем матэрыялам у крывапіўных руках. Для чужых прагных i карыслівых мэт... А для гэтага, паверце, не пашкадуюць не толькі нашых, але i мільёнаў галоў. Можа ўзнікнуць такі тэрор, такая разня, якія ніколі яшчэ не былі ў Расіі. Hi ў пугачоўшчыну, ні ў 1863—1864 гады, ні ў 1905-ты...
«Што вам ад мяне трэба? Саюзніцтва? З вамі, душыцелямі?»
— Уступайце ў наш «Саюз абароны Айчыны»,— прамовіў Сінілаў i ў гэтую хвіліну, мусіць, засмыкаў ротам. Бо раптоўна перамянілася яго гутарка.—
Вы патрэбны нам са сваімі ведамі, сувязямі... Я магу за вас паручыцца.
— A ці рэальнае супраціўленне, Аляксей Міканоравіч? А перамога? Старога над новым!
— Не рэальна, злачынна цяпер рабіць адно — сядзець склаўшы рукі! Сёння мы паслалі сваіх пасланцоў да аднадумцаў у Петраград i ў Стаўку. Калі трэба, пабяжым i да Вільгельма. Каб i з яго ciлаю душыць юдашоў, бунтоўную чэрнь...
«Ну i свалата! Каб патапіць у крыві свой абуджаны народ, дык гатовы прадаць яго чужаземцам!»
— Ну, дык што скажаце, Васіль Іванавіч? Патрыёт ці не?
— Я падумаю,— прамовіў Муха, ведаючы, што трэба будзе расказаць пра гэтую размову Дзядзю. Праўда, той, канечне ж, зашле яго ў яшчэ адзін новы саюз. Каб i адтуль вычэрпваць навіны, каб i тое трымаць пад сваім кантролем. Жыццё! Калі пайшоў па крывой сцежачцы, дык ужо цяжка выйсці на роўную дарогу. Хочаш ці не хочаш, a станавіся трохгаловым змеем!
7.
Бурбіс i Гартны настоялі, каб адразу пасля з'езда сабрацца ўсім членам БСГ i перакінуцца словам-другім пра тое, што было за два апошнія дні, што рабіць далей.
Сабраліся ў сталоўцы «Беларускай хаткі». Сход адкрыў Васілевіч i сказаў, што трэба пагаварыць шчыра, без цырымоній. Няхай кожны скажа тое, што думае.
Першы слова ўзяў Гартны. Да самага нядаўняга часу я яго не бачыў, пазнаёміўся з ім толькі ў суботу, але ён мне вельмі спадабаўся. Нейкай своеасаблівай еўрапейскай i ў той жа час нашай інтэлігентнасцю, маладой мудрасцю. «Мне,— сказаў ён,— спадабаўся дух нашага з'езда. Добра, што мы сабраліся, пагаварылі пра свае клопаты, перамаглі кааліцыю шавіністаў, чарнасоценцаў, згоднікаў, перастрахоўшчыкаў i перахрышчаных — i тых, хто быў тут, i тых, хто не пажадаў заявіцца сюды. Што мяне засмучае? Малавата мы гаварылі пра зямельныя клопаты нашых сялян, пра рабочых. Па-другое, залішне паасцерагаліся спрэчак, дарэмна паставілі на чале руху Скуранога. Мы павінны пільна да яго прыглядацца i калі трэба будзе, то i папраўляць».
Пасля сказаў слова Бурбіс — таксама вельмі інтэлігентны чалавек. Ён пагадзіўся з Гартным, абурыўся паводзінамі Метліна.
«Я таксама насцярожаны тым, што над намі ўзнёсся Скураны,— дадаў пасля.— Ён калі не зганьбіць, то i высока не падыме нашу справу. Іншая рэч, каб БНК узначаліў, скажам, Каганец, ён прыдаў бы руху арэол пакутніцтва, павагі i далучэння, i мы толькі выйгралі б ад гэтага».
Муха: «Я амаль з усімі ва ўсім згодзен. Толькі не падтрымліваю калег у наступным. Першае: Метліна варта было асудзіць, але не трэба было праганяць. Другое: усё ж добра, што якраз Скураны будзе кіраваць намі. Ён, багаты I ўплывовы, павінен шмат чаго дабіцца».
Шуляк: «Я лічу, што нашым калегам, выбраным у БНК, не варта ўхіляцца ад працы пад эгідаю Скуранога. Іначай мы разбурым наш рух. Але разам з тым мы, грамадоўцы, павінны не толькі назіраць ды слухацца Скуранога, a мусім i далей рабіць сваё пад сцягам нашай партыі».
Я не выступаў, слухаў іншых. Пасля, калі прамовілі ўсе ахвотнікі, зноў падняўся Васілевіч. Ён не падагульняў, толькі спытаў, ці варта прымаць нейкую рэзалюцыю. Гартны, Бурбіс i Муха сказалі, што раз гэтая сходка лічыцца ўсяго толькі нарадаю, то рэзалюцыі прымаць не трэба.
З гэтым i разышліся».
У сталіцу дабраліся ранічкай; спачатку на вакзале, а пасля i на вуліцах, па якіх ішлі пехатою, уразіліся мноству чырвоных палотнішчаў, рэвалюцыйных транспарантаў, чырвоных павязак на рукавах вайсковых i цывільных людзей, ажыўленню, што панавала ў горадзе — адным словам, па ўсім адчувалася: усюды пульсуе рэвалюцыйная кроў, узбуджанасць i прага да абнаўлення. Здавалася, нават сёлетні вялікдзень, да якога засталося ўжо некалькі дзён, будзе таксама рэвалюцыйны — як «явление» Волі i Надзеі спакутаванаму народу.
З заміраннем у душы яны вось мінулі арку i адразу пасля яе апынуліся на вялікай выбрукаванай плошчы, на якой узвышаўся вядомы ўсёй Расіі помнік — сімвал яе самадзяржаўнай улады. Хоць i церусіў дождж, стаяла паўночная сцюдзёная стынь, яны прытрымаліся, задралі галовы ўверх.
Праўда, цяпер Васілевіч, Шуляк i Нямкевіч (а яны дагэтуль не былі ў Петраградзе) не адчулі ні рабалепнасці, ні ўтрапення перад гэтым «александрийским столпом», бо ён ужо не меў таго знаку, на які быў разлічаны. Без царскай улады ён станавіўся звычайным творам культуры i мастацтва i да ўсяго гэтага не сказаць, каб адмысловым, вартым захаплення. Затое блізкі, трохі велічны, трохі панылы ў петраградскай шэрані Зімні палац хваляваў, страшыў — не столькі ўладаю, як невядомасцю адказу на іхнюю просьбу.
Пагрукваючы па бруку, яны рушылі па плошчы да парадных дзвярэй.
Пры ўваходзе ix затрымала варта. З вайсковых i цывільных людзей з чырвонымі павязкамі. Але калі яны паказалі паперыну з пячаткай, ix прапусцілі. Пасля ix пачаў распытваць у гардэробе стары важны швейцар: куды ідуць, чаго? Па шчырасці яны прызналіся.
— Необыкновенное-с дело...— таямніча буркнуў той.
Як падказаў швейцар, па шырокай мармуровай лесвіцы падняліся наверх i, трошкі паблукаўшы, натрапілі на афіцэрскую варту —малады i выцыглясты штабс-капітан затрымаў ix, паглядзеў іхнія дакументы, а тады паказаў, куды ісці.