Гэтае «Фэрдусь, рэзні польку на чатыры камізэлькі!» чамусьці здаўна ўжо найвялікшая абраза для прудзян, а таксама для дзяцей з блізкага Церабейнага.
— Смагалі, смагалі! — не здаліся дзеці, зневажаючы непачцівай для янкавінцаў мянушкаю.
Янка ўгінаў галаву, маўчаў. Ён і сам некалі, у маленстве, дражніў тых, хто ехаў праз іхнюю вёску ў сваты, не ведаючы, што прыйдзецца самому вось цярпець такія здзекі.
9.
Ix сустрэў у двары сам Дошчачка. Борздка адчыніў браму, за вобраць увёў у двор каня, а пасля распяў i рассупоніў, вынес з гумна i падсунуў каню цэбар з сечкаю.
Дошчачка быў высокі, плячысты, асілак, дый годзе, гаспадыня была да пары яму — невысокая, але таўсматая, ружовашчокая. Абое ветліва сустрэлі ў хаце, пасадзілі — дзядзьку Стася на покуце пад абразікам, Янку — пры дзядзьку.
Ix, канечне ж, чакалі: гаспадар быў выгалены, з акуратнымі вусамі, у суконным фрэнчы i галіфэ, у хромавых ботах, а гаспадыня ўвабралася ў белую хустку, доўгую шэрую сукенку i ў белы вышываны фартух. Чысценька было i ў гэтай, чорнай, хаце — пабеленыя сцены i печ, надраны рыдлёўкаю руда-чырвоны гліняны дол.
— Дзякуй-дзякуй, добрыя людзі, прысядзем,— задаволена адказваў дзядзька.— Не сакрэт, многа дзе мы паездзілі, стаміліся, дык цяпер рады i прысесці. Ды i ўпэўніліся: нідзе нічога добрага няма. Калі i ест тое, што хочам, дык толькі ў вас.
Янка ведаў, што здаўна ёсць вось гэткія адмысловыя казані пры сватанні, нават яны мусовыя, хоць на ix ніхто надта не зважае, але бянтэжыўся i, мусіць, чырванеў.
— Пасядзіце, людцэ, адпачнеце,— сказала гаспадыня, прыспеўваючы i раз за разам зыркаючы на Янку.— Раскажэце, дзе што новае чулі альбо бачылі.
— Цяпер, пані Антося, навін многа. Але радасці ад ix мала,— прамовіў дзядзька. — Ды жывеш, верыш у перамены. Таму вот i тут,— усміхнуўся.— Шукаем купецкі тавар... Маладому князю трэба маладая князёўна. А князь наш толькі па гадах, на выгляд малады, а так — ужо мужалы чалавек. Змалку да работы прывучаны, да ўсяго спрыт мае. Усё ў яго руках аж гарыць. Пайшоў на вайну — героем стаў. Быў i на возе, i пад возам, i ўпапярок, i ўздоўж. Самі бачыце, рослы, файны. Цела ад зямлі здаровае, душа ад неба чыстая. Ад яго i дзеці здаровыя, рослыя ды файныя будуць. Так што калі маеце князёўну, дык паказвайце.
— Ды нямала добрага чулі мы i пра вас, пане Стась, i пра вашага хроснага сына, пра ваш увесь род,— прамовіла гаспадыня. — Так, мы маем тое, што вы шукаеце. I можам тэж пахваліцца: маладая князёўна, як вы кажаце, i паглядная, i працавітая, i не з галотнай сям'і альбо са зганьбаванага роду.
— Дык i добра: роўны роўнага i шукае...— ажывіўся дзядзька Стась.— Не хавайце яе, пані Антося, пакажэце. I мне, старому, i яму, маладому. Ды няхай самі, маладыя, агледзяцца.
— Паспеюць, агледзяцца.
— Не, не, пані Антося. Пакажэце. А то як гэта прыцэньвацца, а тавару не бачыць?! Што мы будзем хваліць кожны сваё? Няхай яны самі перш за ўсё сваё слова скажуць. Ды паглядзім: прыме ваша князёўна наш хлеб ці не?
Тут жа дзядзька прыпадняў з лавы белую торбачку, што ўнёс з сабою ў хату, развязаў i выставіў на стол пляшку, заткнутую гладка выструганым драўляным коркам, паклаў круглы боханчык хлеба.
Янка не падымаў вачэй, але адчуваў: Дошчачыха нібы завагалася — i замаўчала, i не краналася з месца. У хаце запанавала няёмкае маўчанне. Няўжо Янку хочуць забракаваць па нейкай прычыне? Ён не меў вялікай радасці ад гэтых сватоў, але i ў той жа час ганьба яму будзе ганьбай i ўсёй сям'і, усяму іхняму роду. Таму хочаш ці не хочаш, але трэба дбаць не толькі пра свой, але i пра ўсіхны гонар. Так было ва ўсе стагоддзі. У тым ліку, можа, i на гэтым трымаецца еднасць, моц, добрае імя роду, многіх пакаленняў людзей. Праклён бывае таму, хто зганьбіць свой род. Дзеля клопатаў пра дабрабыт, пашану роду прыходзіцца часамі ахвяраваць самым сваім дарагім.
— Пакліч яе,— нарэшце парушыў цішыню гаспадар.
Гаспадыня паслухала, падалася ў тую, белую, хату.
Тут, на кухні, ці на самай справе прыцямнела (сонца ўжо зайшло за лес ці нават i за зямлю), ці то гэты змрок здаўся Янку. Ды аж забухала ў вушах, калі пачуў лёгкія крокі.
— Вот, дачка, купцэ-сватэ...— прамовіў гаспадар.— Да цябе прыехалі. Хлеб во даюць. Дык як, возьмем ці не?
Дзядзька таўхнуў каленам: ды падымі ты галаву, зірні на суджаную. Янка, як дзіця, паслухаў, зірнуў на нявесту, i яна ў тую ж хвіліну падняла на яго вочы. Зыркнулі адно на аднаго i тут жа зноў паапускалі галовы. Ён добра не разгледзеў яе, але заўважыў: невысокая, у маці, у белай касынцы i блузцы, што шчыльна аблягае высокія грудзі, танкаватая ў паясніцы i шырокая ў клубах.
Янка чуў: вярнулася гаспадыня i таўхнула дачку ў спіну. Тая легка, амаль нячутна падышла да стала i ўзяла з дзядзькавых рук хлеб у сурвэтцы. Ад яе пачуўся лёгкі пах парфумы — вясковыя дзяўчаты, як ужо ведаў Янка, спажываюць яе рэдка, толькі на вялікае свята. Значыць, Ядвіга рыхтавалася да гэтага дня.
— Ну, то дзякуй табе, князёўначка, што не пагрэбавала, не паганьбіла нас,— устаў дзядзька i пакланіўся Ядвізе.— Калі так, дык садзіся з намі за стол.
Ядвіга сапраўды села — з супрацьлеглага боку. З белай хаты пачуўся прыдушаны смех — відаць, ля дзвярэй тоўпіліся i намагаліся праз шчыліну зазірнуць сюды меншыя дочкі.
— Ой, што ж гэта я, гаспадыня, стаю?! — раптоўна, як апомніўшыся, пачала дакараць сябе Дошчачыха.— Госці з дарогі, прагаладаліся, а я прастарэкваю... Ядзечка, палі гасцям, няхай рукі памыюць, а я на стол падам...
Першы спаласнуў рукі дзядзька, а за ім — i Янка. Калі браў белы вышываны ручнік, дык зноў міжволі зірнуў Ядвізе ў вочы. Заўважыў: яны зыркія, смелыя, а вусны поўныя, прызыўныя, пад кірпатым носам — рэдзенькі светлы пушок.
Хутка Дошчачыха запрасіла ix у белую хату.
Там сцены былі паклеены шпалерамі, была падлога, кафляны стаяк. Абапал сцен стаялі тры драўляныя ложкі, засцеленыя прыгожымі дзяружкамі, на ix ляжалі горкі белых падушак.
— Садзецеся, госцікі,— ветліва запрашала гаспадыня.— Ешце, што пастаўлена. На большае i на лепшае выбачайце.