— Не час цяпер, разумееце, займацца нацыянальнымі справамі. Ёсць больш пільныя клопаты.
— Слухаю я вас, паважаны грамадзянін, i адчуваю: вам не рэвалюцыя, не перамены патрэбныя, а патрэбен толькі «дворцовый» пераварот...— сумна пахітаў галавою Васілевіч.— Вы зусім не адышліся ад сумна вядомага пана Сталыпіна, які гадоў пяць назад сказаў пра нас, беларусаў, прыкладна такое: «Мэта наша — паставіць крыж на племянной палітычнай барацьбе, якая тут (у Беларусі) ідзе, i абараніць тут уладным i рашучым словам расійскія дзяржаўныя інтарэсы».
Колькі яны ні дыскутавалі, нічога гэтаму чыноўніку не даказалі. Выйшлі з яго кабінета расчараваныя.
— Неверагодная глухата да нашага болю! — прамовіў Шуляк.
— Ясна, хлопцы,— уздыхнуў Красноўскі.— Што-што, a волі не даюць. За яе трэба біцца!
Прыгнечаныя, кленучы Керанскага, яны паблукалі па горадзе, спрабуючы дзе-небудзь перакусіць. Урэшце натрапілі на рэстаран са сціплым меню, падсілкаваліся.
Пабываўшы ў Кужэльнага ў Петраградскім камітэце БСГ (а іхняя партыя тут, як ім сказалі, расце з кожным днём[10]), Васілевіч, Шуляк i Нямкевіч падаліся на вакзал — браць білеты i вяртацца ў Мінск. I дзень сцерлі, i лапці здзерлі, i не паспавядаліся.
Перад ад'ездам ix нечакана ў пачакальні знайшоў былы Васілевічаў i Нямкевічаў сябрук, Лідскі. Той, выпадкова зайшоўшы да Гартнага дадому, уведаў пра ix i адразу ж паехаў на вакзал.
Шуляк не ведаў яго; Васілевіч злаваў за былое i свядома ўхіліўся ад размовы. Лідскі прыстаў да Нямкевіча.
— Ну што, чалабітчыкі? — пасміхнуўся.— Не прызнаюць?
— А табе што — радасць? — бачачы пахмурнасць Васілевіча i Шуляка, недружалюбна запытаў Нямкевіч.
Лідскі, сыценькі, акруглелы панок, у залатых акулярах, у шыкоўным паліто з каракулевым каўняром i ў каракулевай папасе, з жоўтаю «прафесарскай» папкай пад пахаю, не збянтэжыўся.
— Драўлянага палаца з саламянаю страхою захацелі? — ухмыльнуўся.— Драўлянай лавы замест трона? Правіцеля ў зрэбных портках i лапцях?
— Ведаеш што, разумнік...— не вытрываў, ускіпеў Васілевіч.— Ідзі ты... Не мазоліў вочы апошнія гады — не мазоль i цяпер!..
— Я даўно ўжо ўталкоўваў вам: марна вы затуляеце далоньмі сваё цяпельца i хукаеце на яго! — не супыняўся Лідскі.— Hi Петраград, ні родны люд вас не прыме...
— Хадзем адгэтуль,— Васілевіч пацягнуў Шуляка за локаць, адыходзячыся ад непажаданага земляка-петраградца.— Няхай адзін пацешыцца нашым болем, нашымі слязьмі...
Нямкевіч затрымаўся, хоць не меў намеру спрачанца з Лідскім. Дзеля чаго? Таму нічога не дакажаш.
— Малайцы! — раптам пахваліў той.— Стварылі пытанне...— I, бачачы, што Алесь не можа нічога прамовіць ужо ад здзіўлення, дадаў лагодна: — I нарабілі шуму. Услед за Кіевам — за Украінскай цэнтральнай радай на чале з Грушэўскім...— I ўжо, здаецца, зусім цёпла: — Дык што — недарэмна садзіўся за краты? Зарабіў рэвалюцыйную біяграфію? Выгадаў?
— А ты? — апамятаўся Нямкевіч.— Выгадаў у Петраградзе? Кажуць жа, ва універсітэце! Прафесар. Ці ўжо член-карэспандэнт?
— Знаеш, адкажу шчыра: лепш быць у вёсцы першым, чым у горадзе апошнім...— адказаў той жартам.
— Дык што — ці не думаеш вярнуцца да нас, «лапцюжнікаў»?
— Можа, i вярнуся. Усё ж, як кажа наш сябра Муха, у нашым лясным i азёрным краі не так ужо i блага...
«Асабліва вам, хітрунам i абыякавым да народнай бяды».
Затым Лідскі пачаў распытваць пра іхнюю работу ў Мінску.
8.
Гэты вялікдзень быў незвычайны для Янкі. Папершае, ён зноў сустракаў яго дома, з сям'ёю, падругое, Янкавіны цяпер падзяліліся: Глінішча, Сяло святкавалі па-старому, па-праваслаўнаму, а вось «шляхта» з Засценка (апроч старасты Дземідовіча i яго брата, дзяка), падгавораная налібацкім ксяндзом, адраклася ад праваслаўнай веры, зноў перайшла ў каталіцкую. I па-трэцяе, можа, i самае галоўнае, Янка паслухаў бацькоў i згадзіўся паехаць у сваты. Пад вечар i выйшлі на двор, падаліся за гумно.
— Ну, то мы паедзем за свет-мора жар-птушку шукаць...— пажартаваў дзядзька Стась, садзячыся на калёсы.
— Вясёлыя едзьце, шчаслівыя вяртайцеся,— ціха прамовіла маці, усхліпнула.
Кастуся, як бачыў Янка краем вока, таксама расчулілася, хутка-хуценька залыпала вейкамі i зморшчылася ад жалю; стрыманы бацька не абзыўнуўся i нібы не выяўляў ніякіх эмоцый (ён, канечне ж, загадзя перагаварыў пра ўсё сам-насам з братам, дзядзькам Стасем), толькі зноў, хоць i не было вялікай патрэбы, абаткнуў каля драбін сена, а таксама накрытую паверсе дзяружку.
— Ну, едзьце. Не паранее,— ціха сказаў ён.
[10] У красавіку ў петраградскай арганізацыі БСГ ужо налічвалася звыш 1000 членаў.