Селі. Янка зноў апусціў вочы, пазіраў на стол — на гаспадарову высокую прыпацелую пляшку, на міскі з баравічкамі, капустай, квашанінай, тушанай курыцай, на сала i хлеб.
— На сённяшні дзень, пані Антося, гэта ўсё — пip на ўвесь мір! — пахваліў гаспадыню дзядзька Стась.— Большага i лепшага — грэх i чакаць. Не сакрэт, па-заможнаму жывяце.
— Калі працуеш, дык i маеш. Ды яшчэ ўсю зіму, як i ўсе людзі, пасцілі, ашчаджалі... Але для вас, што ні ест, усё — на стол...— Усміхнулася.— Маеш дачку — трымай i ў глячку!
— Ды яно так, пані Антося,— пахітаў галавою дзядзька, глытаючы сліну.— Такая ўжо наша бацькоўская доля: адзін рукаў маю i той аддзяру для сваіх дзяцей...
Гаспадар, седзячы паміж дзядзькам Стасем i жонкаю, моўчкі наліў у чаркі на тонкіх ножках ca сваёй пляшкі.
— Ну, за ваша здароўе ды за тое, што нас ушанавалі...— коратка i проста сказаў ён.
— На здароўечка,— дадала гаспадыня, памачыла толькі вусны.
Янка, закусваючы, цяпер, пры святле, разгледзеў: гэтая Ядвіга — канечне, не раўня Зосі, але i не зусім брыдкая.
Пасля, калі за два разы выпілі яшчэ чарку гарэлкі-самагонкі (кабеты зноў толькі памачылі вусны), старэйшыя мужчыны загаманілі пра вясну, работы ў полі, рыхтуючыся, мусіць, перавесці гутарку пра запоіны i пасаг.
— Можа, дазволіце, пані Антося i панна Ядвіся, закурыць,— нечакана запытаў дзядзька, дастаючы пачак цыгарэт (ён курыў самасад, а вось для сённяшняга вечара раздабыў «куплёнае»).
Дзядзькава просьба была нечаканай для Янкі: амаль усе мужчыны ў Янкавінах у белай хаце не курылі, самае вялікае смалілі на кухні, а то выходзілі (а каго i выганялі) на двор.
«Няўжо хоча фарсануць?»
— Проша, пан Стась,— адказала гаспадыня.
Дзядзька раскрыў пачак, падаў гаспадару (той адмовіўся, бо, як сказаў, не курыць), узяў цыгарэту i прыкурыў. Пусціў клуб дыму.
Першая не вытрымала тытунёвай гаркаты нявеста. Спачатку яна запырхала, а пасля зморшчылася, нібы ёй блажыла, а потым, затуліўшы рот рукою, імтанула з-за стала на двор.
— У нас у хаце ніхто не курыць, дык вот i...— здаецца, разгубіўшыся, пачала апраўдвацца гаспадыня.
— Выбачайце,— нібы засаромеўся дзядзька, наслініў палец i патушыў недакураную цыгарэту. Аднак яе не выкінуў, схаваў у разарваны пачак.— Маю дурную прывычку: абы з'еў чаго — адразу цыгарэту ў рот...
— ... не нюхала ніколі ў хаце дыму, дык вот i незалюбіла...— вяла сваё гаспадыня.
— Яно не сакрэт, усяк бывае...— ужо не пазіраючы нікому ў вочы, прамовіў дзядзька.— Адзін цыгарэтнага дыму не любіць, другі — духоў, трэці — паху газы...
— Дзе ж яна? — занепакоілася гаспадыня i неўзабаве, папрасіўшы выбачэння, таксама выйшла з хаты.
Гаспадар сядзеў моўчкі, як набраўшы ў рот вады. Пасля схамянуўся i неяк няшчыра запытаў:
— Дык, можа, пан Стась, яшчэ вып'ем?
— Не, дзякую, пан Зэнусь. Больш трох разоў не п'ю. Хваціць. I так галава закружылася,— няшчыра адказаў дзядзька.
— Можа, напаіць каня, пан Стась? — замітусіўся гаспадар.
— Зрабеце ласку, пан Зэнусь.
Гаспадар падхапіўся i патупаў з хаты. Услед за ім падскочыў, як апараны, i дзядзька, шчыльна зачыніў за гаспадаром дзверы і, нахіляючыся, зашантаў на вуха:
— Дрэнь дзялы, хлопец. Трэба даваць адгэтуль драла.
Янка здзівіўся i пазіраў на дзядзьку няўцямна.
— Нічога не зразумеў?
Янка паціснуў плячыма.