— Спадзяюцца, што памогуць руху сувязі Скуранога ў Мінску, у Петраградзе i яго вялікія грошы...
— Ну, а сам ён што?
— Рады.
— Значыць, захацеў стаць беларускім удзельным князем...
Муха, бачачы, што Дзядзя думае, замаўчаў.
— Вулкан рэвалюцыі можа выплюхнуць што хочаш...— прамовіў той.— Але няхай вашы землякі трохі пацешацца, паўпіваюцца поспехам. Трэба яшчэ болей падсыпаць ім жару, каб яны зусім страцілі развагу, пачуцці рэальнасці. A ў рэшце рэшт рэальнасць будзе суровая: паколькі амаль усе вашы «ўрадоўцы» люд не грашавіты, паколькі маёмасныя не ўсе пойдуць за вамі, то рана-позна трэба будзе пачухаць патыліцу: а дзе ўзяць грошы на ўрад i на яго апарат, на банк, на кнігі i газеты, на універсітэт, тэатры i школы? А без грошай ніхто не зможа стаць гаспадаром! Дык прыйдзецца рана-позна самім жа заваліць сваю справу, не паразумецца i перасварыцца.
Муха маўчаў, слухаў.
— Але будзем пільна трымаць i ix пад каўпаком, назіраць, як яны мітусяцца...— зларадна прамовіў Дзядзя.— Тое, што трапілі ў кіруючае ядро i вы, выдатна. Kaгo з маладзейшых, з вашых сяброў можам мы «уловить», «вспоить и воспитать» для лідэраў вашага руху, але для нашых інтарэсаў?
— Нават не ведаю,— паціснуў плячыма Муха.— Усе шчырыя, апантаныя сваёю ідэяю.
— Тады каго i як можна спакусіць? Перасварыць?
— Лашковіч схільны да гарэлкі, Шуляк — да жанчын i самалюбства, Васілевіч — да спрэчак, гарачы Нямкевіч лёгкаранімы...
— Дык i націскайце на гэтыя слабасці,— ужо не толькі параіў, але i загадаў Дзядзя.— I заадно смялей, дзейсней спажывайце свой гумар, сатыру. Усё іхняе, вартае ўвагі, але небяспечнае для нас, высміхоўвайце, апашляйце i разбурайце анекдотамі, баечкамі. Як мне кажуць, вы гэта ўмееце рабіць няблага.
— Добра,— адказаў Муха.
— Не зусім разумееце мае новыя павяленні? — усміхнуўся Дзядзя.— Не задумлівайцеся лішне, Георгі. Выконвайце — i «воздастся вам»... Усяму свой час: радзіць i паміраць, сеяць i вырываць, плакаць i смяяцца, раскідаць каменні i збіраць ix, абдымаць i ўхіляцца ад абдымкаў, шукаць i траціць, маўчаць i гаварыць, любіць i ненавідзець, час вайне i міру... Ясна?
— Ясна,— усміхнуўся i Муха.
— Дзякую, Георгі,— Дзядзя падняўся, падаў руку, невялікую, кволую, халодную, як лёд.— За сваю работу вы вартыя таго, каб мы падвысілі вас на яшчэ адзін градус. У самы блізкі час, думаю, i падвысім. Гэтыя дні выведвайце, з чым паедуць вашы ў Петраград. Мы павінны тэрмінова i грунтоўна перадаць у Петраград усе звесткі i пра ваш з'езд i яго рэзалюцыю. Іначай «Вярхоўны савет народаў Расіі» падсыпле нам на арэхі за марудлівасць...
Муха са згодаю хітнуў галавою.
— Болей сюды не прыходзьце,— загадаў Дзядзя.— Забудзьцеся пра гэтую кватэру. У ёй вы ніколі не былі. Ясна?
Падзякаваўшы, нізка пакланіўшыся, Муха пакінуў гэты заканурак. Дадому вяртаўся цемнатою, у сцюдзёнае надвор'е.
Каля самага яго дома нечакана дарогу заступіла цёмная постаць.
— Васіль Іванавіч?
Фу ты, чорт! Сінілаў. З былой ахранкі.
— Са з'езда, Васіль Іванавіч?
— Са з'езда,— адказаў. Паціснуў працягнутую руку.
— Што ўсе вакол засядаюць, дзіва няма. А што вось i вы, лапатнікі, запалітыкавалі, паднялі галовы, скажу шчыра, збіты з панталыку...
— Цяпер многае многіх збівае з панталыку...
— Асабіста вы, Васіль Іванавіч, пайшлі на з'езд з Дзядзевага блаславення?
— Бадай.
— He зусім разумею вашых. Яны ж супраць нацыянальнага.
— Я таксама не ўсё разумею...