— Kaгo раіце вы? — запытаў Скураны.
— Бурбіса альбо Гартнага.
— Я адмаўляюся,— ускінуў руку Бурбіс.
— I я,— прамовіў Гартны,—З Петраграда цяжка кіраваць рухам у краі. Трэба, як кажа Сымон, выбраць тутэйшага.
— Значыць, кандыдатура адна: Лашковіч.
Лашковіч, бліскаючы бялкамі з-пад акуляраў, маўчаў, толькі пагладжваў валасы. Зусім нечакана падняўся звычайна спакойны, нават строгі ксёндз Мяцельскі, сёння ў сумным сваім чорным уборы.
— Можна мне мовіць?
— Проша, святы ойча,— схіліў галаву Скураны i нават паблюзнерыў: — Тым болей што вашымі вуснамі будзе прамаўляць сам бог.
Той не пазважаў на жарт, прамовіў непарушна:
— Мы паважаем нашага шматпакутнага прыяцеля, Максіма Лашковіча. Ён — шчыры, разумны, страсны наш сябра. Але ў яго няма тых сувязей i сродкаў, якія мае, скажам, наш паважаны Рыгор Скураны. Дык вось я раю: Лашковіча — у прэзідыум, Скуранога — старшынёю.
— Ну...— нібы збянтэжыўся, а на самай справе ўзрадаваўся амбітны Скураны.— Дзякую, але гэта мы павінны рашыць разам...— Аглядзеў усіх.— Хто яшчэ каго вылучае?
— Я — за Скуранога,— падняў руку зямляк з Кіева.
— Я — таксама,— дадаў чалавек з Магілёва.
Нізкі Скураны ад душэўпага задавальнення, здаецца, аж прыпадымаўся на кукішкі, заззяў, як сонца.
Калі ён папрасіў галасаваць, то больш рук паднялі за яго. Відаць, заваражыў усіх учора, падакляраваўшы аддаць люду сваю зямлю.
Як толькі закончыўся з'езд i ўсе пачалі разыходзіцца, Муха адарваўся ад сваіх (тыя, нібы ап'янелыя, не заўважылі, што ён адышоў) i пашыбаваў на Шпітальную вуліцу. Да Дзядзі.
Муха другі раз ішоў сюды. Раней яны сустракаліся толькі ўвечар ці ўночы ў «сваім месцы», а вось учора i сёння, каб адразу ж усё ўведаць пра з'езд, Дзядзя сказаў зайсці ў яго прыстанак. Ён, як цяпер ужо выявілася, быў насупраць гарадскога саду, на першым паверсе двухпавярховай камяніцы.
На дамоўлены стук i сёння адчыніў сам Дзядзя — у тапачках i ў паласатым сіне-белым халаце, лысы, з узлямчанымі касмылямі над вушамі i на патыліцы. Зусім нізкі, прыгорблены, змарнелы.
Муха зноў з вузкага цёмнага калідорчыка ўбачыў Дзядзеву аднапакаёўку з кухняй i ваннаю. Той моўчкі запрасіў яго ў пакой, дзе былі i гасцёўня, i спальня,— i цяпер на ненакрытым круглым стале з точанымі ножкамі скупа мігцеў парафінавы каганец, пры адной сцяне стаяла старая, нічым не засланая, з выпхнутымі спружынамі канапа, а насупраць грувасціўся даўні, абламаны шэры камод, над якім вісела карціна, зноў, як i ўчора, цёмная, невыразная.
Дзядзеў аскетызм уразіў Муху. Няўжо можна цвяроза, аддана асудзіць сябе гэтак дзеля ідэі?
— Сядайце,— суха прамовіў Дзядзя i паказаў на крэсла каля стала, сам сеў насупраць.— Расказвайце.
— Я — са з'езда,— як i патрабуе Дзядзя, коратка i ясна пачаў гаварыць Муха,—З'езд прыняў пастановы, выбраў БНК, прэзідыум i старшыню.
— Паразумеліся? — ухмыльнуўся той.— Не перагрызліся?
— Ветэраны i лідэры здолелі ўтрымаць усіх у адным сілавым полі...— адказаў Муха.— Вось спіс членаў БНК, а таксама копія пастановы з'езда.
Дзядзя падсунуў бліжэй да яго каганец i буркнуў:
— Чытайце.
Муха прачытаў.
— Хм! — хітнуў галавою Дзядзя.— У прынцыпе ваша сходка — усяго толькі прыватная нарада, а па яе замашках—сапраўды, установачны з'езд з прававою асноваю... Аўтаномія, рэарганізацыя мясцовага самакіравання, банк, універсітэт, друк, школы на роднай мове... Чорт пабяры, гэта гучыць!.. Ну, а каго выбралі старшынёю?
— Скуранога.
— Як? — падняў на лоб бровы Дзядзя,— Узнялі кансерватара?