Усе i ў прэзідыуме, i ў зальцы суцішыліся i зірнулі на яго паважліва. Мусіць, калі не на як героя, то на таго, хто працаваў настаўнікам i не на словах, а на справе ўжо тое-сёе рабіў, пра што яны цяпер гавораць, i адбываў за гэта турэмнае пакаранне.
— Я разумею, калегі, чаго мы сабраліся тут,— з хваляваннем прамовіў ён.— Але дзве рэчы трывожаць мяне. Па-першае, я здзіўляюся, што мы гэтак спрачаемся наконт таго, пра што не павінны спрачацца... Па-другое, я здзіўляюся, што i на сумесным пасяджэнні, i тут у нас мы гаворым пра многае, але пра адно з самых важных клапоцімся мала...
Захваляваўся. Нават звыш меры. Сэрца, здаецца, ледзь не разрывалася.
— Словам, амаль усе мы — сялянскія дзеці,— зноў загаварыў.— Значыць, мы добра ведаем клопаты нашых бацькоў-сялян. Пра пэўную долю гэтых турбот мы ўжо сказалі, але пра вялікую палавіну чамусьці гаворым мімаходзь. Бадай, толькі Васілевіч i пасланец Мінскага Савета сказалі...— Паволі пачаў супакойвацца, тым больш што слухалі яго вельмі ўважліва.— Маю на ўвазе, што мы павінны больш дбаць пра мір, пра зямлю... Якраз, скажу вам шчыра, пра гэта найперш думае мой бацька, дзеля грошай, дзеля таго, каб купіць кавалак зямлі, на некалькі гадоў паехаў у Амерыку на заробкі мой брат... Паверце, калі мы не будзем гаварыць i пра гэтыя клопаты нашых сялян, то яны нас не зусім зразумеюць i не падтрымаюць, ахвотней пойдуць за тымі, хто ім штосьці падакляруе...
— Ясна,— прамовіў Муха, зірнуў на яго.— Усё?
— Бадай, усё,— прамовіў ён i сеў.
— У нашай камісіі свае мэты, але пра тваю думку я скажу ў сваёй справаздачы,— сказаў Муха.
...Як уведаў пазней Алесь, палеміка, сутычкі ўспыхвалі i ва ўсіх астатніх камісіях.
5.
Яшчэ шарай раніцаю зноў сабраліся ўсе разам. Абралі новы з'ездаўскі прэзідыум. З нашай, мінскай, суполкі ў яго трапілі Лашковіч, Васілевіч i я, з іншых мінчукоў — Скураны, Мяцельскі. Як Гартны, Бурбіс, а з нашых Васілевіч ні заміналі, старшынёю апынуўся Скураны, i якраз ужо ён узнёсла павёў рэй далей.
Спачатку паслухалі старшынь камісій, пасля — праект рэзалюцыі. Калі я сам выступаў ca словам, слухаў справаздачы іншых, урэшце гэты праект, дык увесь час думаў, што не будзе ўсіхнага паразумення i з'езд, як кажуць, разваліцца. Ды не, той-сёй толькі захацеў унесці свае папраўкі, як я лічу, ніхто нават не спрабаваў зглуміць тое, над чым карпелі два дні. Паслухалі папраўкі, трохі паспрачаліся i рэзалюцыю зацвердзілі цалкам.
Гэтая рэзалюцыя, па-мойму, не толькі засмелая, але i добра-такі фантастычная. Я, помнячы Дзядзеў наказ, не выскакаў, не крычаў, што «мы звыш меры фантазіруем», карацей, не замінаў, але ў душы ўвесь час аж пасміхоўваўся з ілюзій тых, хто пісаў рэзалюцыю.
Канечне, з'езд можа абраць Беларускі нацыянальны камітэт, можа даручыць яму «арганізаваць Беларусь у кантакце з Часовым урадам», «падрыхтаваць выбары ў Беларускую краёвую раду i ва ўсерасійскі Устаноўчы сход»— гэта значыць тут, на неакупаваных беларускіх землях, пачаць утвараць у гарадах i вёсках свае органы самакіравання i пакрыху прыбіраць уладу ў свае рукі.
Канечне, з'езду не цяжка абавязаць гэты БНК «узяць клопат пра сялян, азнаёміць ix з палітычным становішчам у краіне пасля Лютаўскай рэвалюцыі», а таксама склікаць сялянскі i настаўніцкія з'езды, утварыць іхнія саюзы, падабраць лектараў, палітычную літаратуру i паслаць ix ва ўсе паветы, пачаць утвараць кааператывы.
Канечне, з'езд можа пажадаць, каб выкладаць у пачаткоўках беларускую мову, літаратуру i гісторыю, гэтае ж увесці i ў настаўніцкія, духоўныя семінарыі, a ў сярэдняй школе мець гэтае за факультатывы. Добрая рэч i задуманыя курсы, лекцыі, народныя дамы, каб знаёміць з народнаю культураю, а таксама спроба адкрыць свой універсітэт.
Канечне, з'езд мае права патрабаваць, каб зноў былі газеты на беларускай мове, агітацыйныя брашуры i бібліяграфічны слоўнік, нацыянальны банк, каб змяніць земскае самакіраванне i г. д.
Але ці можна ўсё гэта, што запісалі ў рэзалюцыю, ажыццявіць? Якімі сіламі i сродкамі? Тое, што абралі дэлегацыю з сямі чалавек для паездкі ў Петраград на перамовы з Часовым урадам, яшчэ вельмі мала значыць. Часовы ўрад можа не паслухаць i не пайсці насустрач, каб паспрыяць таму, на што яны гэтак спадзяюцца. А тых багатых i ўладных, хто памог бы, як след падпёр, няма. Дык хутчэй за ўсё гаварыльня застанецца гаварыльняю, як вось яна красуецца ў дэкларацыі, якую прынялі пад вечар.
У дэкларацыі з'езд яшчэ раз павітаў Лютаўскую рэвалюцыю, што «асвятляе шлях Беларусі да аўтаноміі», падтрымаў Часовы ўрад у яго «барацьбе са знешнім ворагам за свабоду Расіі, з прыслужнікамі старога рэжыму».
Затым, увечар ужо, выбралі БНК з 18 чалавек, які ўжо з заўтрашняга дня павінен дбаць пра з'ездаўскую рэзалюцыю.
6.
Гэтыя 18 камітэтчыкаў у перапынку сабраліся ў асобным, досыць прасторным пакоі з высокай белай столлю i яркаю чатырохкутняй, з пазалочанымі кантамі люстрай.
Як толькі ўсе паселі на крэслах уздоўж сцен, паклееных светлымі, з жоўтымі кветкамі шпалерамі, каля стала падняўся мажны, пунсовы Скураны i ўсміхнуўся:
— Якія ўсе маладыя i пекныя! Мы ca спадаром Карусём,— зірнуў на ссутуленага, стомленага Каганца, сёння таксама ў ботах i сялянскай світцы,— дзяды супраць вас!
Сапраўды, Каганец i Скураны былі старэйшыя гадоў на дваццаць за Бурбіса, Гартнага, Фальскага, Шуляка, Васілевіча, Муху, Лашковіча, Нямкевіча, Кужэльнага i іншых, гадоў пад дваццаць пяць — за Тарашкевіча, самага маладога тут, на выгляд зусім яшчэ юнага.
— Па-першае, э-э, па праве старшыні прэзідыума з'езда віншую вас усіх з абраннем у вышэйшы палітыка-дзяржаўны орган нашага народа! — прамовіў Скураны i, калі аціхлі іхнія воплескі, зноў закрактаў: — Па-другое, нам трэба выбраць нашу вярховіцу: прэзідыум i старшыню. Якія, э-э, будуць думкі?
Нейкі час у пакоі панавала цішыня. Кожны мог стаць, як кажуць, атаманам, але кожны, канечне, адчуваў: цяжкая ноша будзе ў яго. Вунь колькі i што трэба рабіць, a сілы i грошай вельмі мала. Ды калі яшчэ тут набралі сілу губеранскі камісар i Мінскі Савет.
— Дазвольце мне сказаць слова,— прамовіў, а пасля i падняўся невысокі, чупрыністы, але ссівелы ўжо, смешнаваты ў доўгім пінжаку Васілевіч.— Наш старшыня павінен быць з сялян, з рэвалюцыйнай біяграфіяй, рухавы, жыць у Мінску. З нас усіх найбольш падыходзіць на гэту пасаду Максім Лашковіч.
— Гэта толькі твая думка ці думка Мінскага камітэта БСГ? — падаў з месца голас зямляк з Петраграда, Кужэльны. Статны, чупрыністы, у прыстойным шэрым гарнітуры i чырвоным гальштуку.
— Гэта — думка Шуляка, Мухі, Нямкевіча i мая,— адказаў Васілевіч (ён не ладзіў з гэтым Кужэльным, які меў сімпатыі да эсэраў).
— Я думаю,— Кужэльны падняўся, зачароўваючы ўсіх статнасцю,— наш сябра Васілевіч у чымсьці мае рацыю. Але, я думаю, мае рацыю i той, хто параіць на пасаду старшыні не толькі чалавека менскага, з рэвалюцыйнай біяграфіяй, але чалавека аўтарытэтнага.