— Дзякую, Браніславе,— сказаў Муха, калі той закончыў.— Хто яшчэ хоча выступіць, штосьці прапанаваць?
— Дазвольце мне,— падняўся ў зальцы высокі чарнявы хлопец і, убачыўшы Мухаў ківок галавою, выйшаў, стаў каля прэзідыума.— Дарашэнка, з «Гомельскага саюза беларускай дэмакратыі»,— загаварыў з вялікім акцэнтам, змякчаючы цвёрдыя зычныя.— Наш саюз вылучае тэзіс «поўнага аб'яднання Беларусі з усёй Расіяй, з шырокім самакіраваннем на дэмакратычных пачатках», «захаванне цэласнасці зямель Беларусі з горадам Вільняй як галоўным яе культурным цэнтрам», «прызнанне бясплатнай перадачы ў карыстанне беларускага народа на аснове закона Устаноўчага сходу дзяржаўных, манастырскіх, даркоўных, удзельных i прыватнаўласніцкіх зямель». Што датычыць мовы, то наш саюз лічыць, што ў навуковых установах усё ж няхай будзе агульнадзяржаўная мова, цалкам зразумелая для ўсіх беларусаў...
У зале заўсміхаліся, заківалі галовамі.
— Я магу спаслацца на вялікі наш аўтарытэт,— бачачы гэтую непрыхільную ад многіх рэакцыю, прамовіў Дарашэнка.— Перад самым з'ездам я сустракаўся з Яўхімам Фёдаравічам Карскім — выдатным нашым славістам. Дык ён мне сказаў: цалкам падпісваецца пад нашай гомельскай праграмай, у тым ліку i пад поглядам на беларускую мову...— Дастаў з унутранай кішэні кніжачку і, адгарнуўшы пару лістоў, зачытаў: — «Введение в школе, особенно в средней и высшей, обучения на белорусском наречии затормозило бы развитие белорусской народности».— Загарнуў кніжачку.— Яўхім Фёдаравіч лічыць, што цяпер можна ўводзіць беларускую мову толькі ў пачатковую школу i то найперш у заходніх раёнах...
— Я не ведаю, ці сказаў такое наш шаноўны акадэмік, але якраз так адносіцца да роднай мовы — абсурд, блізарукасць...— не выцерпеў, падаў голас Тарашкевіч.
— Карскі якраз так сказаў,— паспешліва запэўніў Дарашэнка.— Мы нават гаварылі пра большае. У нас наперадзе вялікая работа. Мы павінны дапоўніць намаганні нашых продкаў — аб'яднаць велікарускае, маларускае i беларускае плямёны ў адну магутную i незнішчальную рускую народнасць...
— I што ж за агульназвер будзе з мядзведзя, вала i зубра?
Дарашэнка запнуўся. Тут жа ў зале падняўся поўны сівы дзядзька i, не назваўшыся, кінуў з месца:
— «Магілёўскі Беларускі нацыянальны камітэт» лічыць: мы — бела-русы, а не бела-ляхі...
Зала ўзарвалася. Хто — з ухвалою, а хто — з абурэннем.
— Патлумачце свае словы,— спакойна папрасіў Муха.
— Апошняе стагоддзе беларускую мову найбольш ажыўляюць ураджэнцы заходніх абласцей, католікі,— сказаў той.— Ix падбіваюць на гэта палякі. Каб адарваць заходнія вобласці ад рускай культуры i ўвогуле ад Расіі...
— А вы — за што?—пакпіў Тарашкевіч.
— Мы арыентуемся не на захад, а на ўсход...— адказаў магіляўчанін.— Мы беларусы, але беларускай мовы не прызнаём...
— У вас, выбачайце, скасабочаны мозг. Па-першае, запечнае мышленне: усё беларускае — усяго толькі нечая «интрига». Па-другое, абмежаваны, а то i лакейскі погляд малапісьменнага дзядзькі: «Мы — беларусы, але без беларускага». Што ж гэта, скажам, такое: рускі — без рускага? Француз — без французскага? Японец — без японскага? Яблыня —без яблыкаў? Рэчка, мора — без вады? Зямля — без глебы? Hi адзін цывілізаваны чалавек у свеце не апусціцца, выбачайце, да такой дурноты...
Магіляўчанін хацеў яшчэ штосьці сказаць, але яго перапынілі:
— Хопіць тэорыі «интриг»!
— Шавініст!
— Халуй!
— Чуеце? — запытаў у яго Муха, паказваючы на яго суседзяў у зале.— Сапраўды, давайце ўжо нарэшце перастанем кляваць на каварна кінуты нам гісторыяй кручок: беларусы-католікі — палякі, а беларусы-праваслаўныя — рускія, a уніяты i іншыя — увогуле чэрці... Беларусы ёсць беларусы. Верацярпімыя да ўсіх рэлігій. I ад штучнага падзелу давайце самі першыя рашуча адмаўляцца, не выцягваць на свет дохлую кошку. Іначай мы самі накідваем на сябе пятлю, а канец вяроўкі аддаём першаму сустрэчнаму: хто ўхопіць яго — той i зашморгвае, душыць...
Непадалёку ад магіляўчаніна падхапіўся светлавалосы юнак.
— «Віцебскі саюз беларускага народа» прапануе ўвесці ў школу дзве мовы,— звонка ўсклікнуў ён.— Першая мова — руская, другая — беларуская...
«Якія ўсё ж розныя людзі мы, настаўнікі! — падумаў сам сабе Нямкевіч, збіраючыся выступіць i падтрымаць Тарашкевіча.— Усе ж цярпелі ад улад, але зразумець, падтрымаць адзін аднаго не хочам... Вельмі ж рознай начынкай, як кілбасы, напхнутыя...»
— Пачакайце! — магіляўчанін не садзіўся, настойліва хацеў даказаць сваё.— Давайце захоўваць цвярозасць... Сапраўды, наша мова ў свой час, будучы афіцыйнай мовай Вялікага княства Літоўскага, была высокаразвітая. На ёй гаварыў просты люд, на ёй мела зносіны знаць, вялося справаводства, выдавался кнігі... Але за апошнія дзвесце гадоў наша мова выйшла з афіцыйнага ўжытку, застыла, нават больш — заняпала. На ёй цяпер гаворыць толькi просты люд — да ўсяго гэтага ў кожнай губерні са сваім дыялектам. Сам люд не паважае сваю гаворку, саромеецца яе, хоча, каб яго дзеці вучыліся гаварыць па-панску. Дык калі мы будзем ажыўляць дыялект, нават наш люд нас не зразумее. Ён i так пазірае на нас як на паноў, а пасля знялюбіць усю нашу справу. Па-другое, як справядліва кажа наш гомельскі калега, прыгодная толькі для вясковага ўжытку, наша мова затармозіць развіццё навукі i культуры, адкіне назад як нацыю.
— I вы лічыце: мы ніколі не зможам развіць, зрабіць паўнацэннай нашу мову? — запытаў Муха.
— Можа, i здолеем,— адказаў той.— Але не хутка.
— Дык ці разумна адкладаць вялікую i, галоўнае, патрэбную культурную работу? Ды яшчэ пакідаць на некалі i на некага?! — зноў спытаў Муха.— А па-другое, чаму такое нявер'е ў народ?
— У нас няма сваёй інтэлігенцыі, а без яе, культурнага нацыянальнага пласта, не можа быць паўнацэннага народа, нацыі...
Слухаючы спрэчкі запалістых прамоўцаў, Алесь Нямкевіч увесь час парываўся падняцца i сказаць сваё слова, але яго апярэджвалі болей смелыя i красамоўныя. Калі неўзабаве палеміка аціхла i Муха збіраўся ўжо зачытаць рэзалюцыю, якую ён накідаў тут на хаду, Алесь паадолеў нерашучасць i падняўся.
— Ты таксама хочаш сказаць мудрае слова? — пажартаваў Муха.