Бурбіс, здаецца, прытрымаў за руку Каганца i паволі ўстаў сам.
— Пан Метлін, вам не месца не толькі ў прэзідыуме, але i ўвогуле на з'ездзе...— ціха, але ясна прамовіў ён, пазіраючы то ў вочы Метліну, то ў залу.
— Вон! Вон адгэтуль! — там зноў падхапіўся i закрычаў Тарашкевіч, тыцкаючы пальцам на Метліна.— Табе не месца тут!
Метлін, нічога больш не сказаўшы, моўчкі падаўся з прэзідыума. Але не ў залу, а — за кулісы. Праводзілі яго воплескамі, але не цёплымі, а злараднымі, пераможнымі.
— Дазвольце,— падняўся ў зале высокі малады мужчына ў сінім касцюме i шэрым світэры. I, калі Каганец, ужо не падымаючыся, седзячы, хітнуў галавою, пайшоў да трыбуны.
— Уважаемые друзья, я — Тораткевич, белорус, хотя по-белорусску говорить не могу...
— «Сапраўдны» беларус! — пакпіў хтосьці з залы.
— Я не совсем согласен с Метлиным, но, поверьте, не надо так вести себя с теми, кто мог бы нам помочь...— прымірэнча прадоўжыў гэты Тараткевіч.— Зачем нам сознательно множить себе врагов?
— Лепш адкрыты вораг, чым каварны друг! — выгукнуў Тарашкевіч.
— У нас говорят чувства, а не разум...— не здаваўся прамоўца.— Этот инцидент может дорого стоить нам... Вы представляете, что доложит Метлин губернскому комиссару?
— Вось іменна! — падтрымаў яго капітан Адамовіч.
У прэзідыуме падняўся Каганец. Ссутулена пастаяў, пакуль сама па сабе ўляжацца перапалка, а потым ціха, разгублена прамовіў:
— Паважаныя прыяцелі! Мы ж гаварылі напачатку, што няхай будзе ў нас усё шчыра, рэзка, але... Во гэтак, як цяпер выходзіць, мы можам перасварыцца, як вясковыя кабеты, i не толькі нічога не зладзіць, але самі загубіць усё... Я прашу вас: слухайма адзін аднаго, не перабівайма, шукайма, як разумныя гаспадары, паразумення, толку! Маеце яшчэ што сказаць? — павярнуўся ён да Тараткевіча.— Не? Дзякую. Тады давайце далей ісці. Цяпер нам трэба ўтварыць нашы рабочыя камісіі,—зноў паднёс блізка паперчыну,— агітацыйна-палітычную, арганізацыйную, этнаграфічную, школьную, фінансавую, па друку i земскую...
Калі галасаваннем зацвердзілі склад гэтых камісій i меліся разысціся i далей засядаць камісіямі, Каганец, памуляўшыся, зусім нечакана аб'явіў дрыготкім голасам:
— А цяпер, паважаныя прыяцелі, мушу заявіць: я перастаю быць старшынёй з'езда. На другім зборы трэба выбраць новага старшыню...
Хто не пачуў, а хто i пачуў гэтыя словы. Неяк усе ca здзіўленнем пазіралі на прысадзістага гарбаватага разгубленага чалавека, які адмаўляўся ад таго, да чаго яго доўга заклікалі, прасілі.
«Што такое? — быў уражаны i Васілевіч.— Збаяўся стары палемічнай атмасферы? Кепска сябе адчувае? Што-небудзь адпаведнае сказалі яму Гартны, Бурбіс альбо Скураны?»
Потым, у перапынку, Васілевіч дапытваўся i ў Гартнага i ў Бурбіса, што значыць Каганцова адмова, але абодва яму нічога толкам не адказалі. I для многіх яна была загадкаю. А да самога Каганца Васілевіч сёння падысці i распытаць не рашыўся.
4.
Пасля полудня сабраліся па камісіях: да слова, Шуляк быў у агітацыйна-палітычнай, Скураны — у арганізацыйнай, Нядоля — у этнаграфічнай, Белякова — у фінансавай, Лашковіч — па друку, Васілевіч — у земскай, а Муха i Нямкевіч трапілі ў школьную. Яны, грамадоўцы-мінчукі, загадзя падумалі, каб быць ва ўсіх камісіях і, калі трэба, усюды задаваць тон.
«Школьнікі» сабраліся ў малой, здаецца, для рэпетыцый, тэатральнай зале — ix, настаўнікаў, было шмат на з'ездзе.
Кіраваць пачаў Муха. Як член прэзідыума з'езда.
— Ну, што, калегі,— пасля паважна, расцягваючы словы i крышку адставіўшы жывот, санавіта пачаў работу камісіі Муха.— Усе мы добра, цудоўна ведаем, што такое школа ў грамадстве. Усе мы добра, цудоўна ведаем, як пачэсна, але цяжка прадаваць настаўніку ды яшчэ ў нашых умовах... Давайце пагаворым пра нашы школьныя клопаты, у тым ліку i клопаты беларускай школы, прымем пэўнае рашэнне i вынесем яго на разгляд з'езда. Спачатку дазвольце сказаць пару слоў мне. Мушу адразу прызнаць горкую ісціну, калегі: наша школьная справа не была на ўзроўні да вайны, а цяпер зусім змарнела. Ва ўсіх нас, настаўнікаў, высакародная мэта: сеяць разумнае, вечнае, добрае. Але колькі мы ўсе нацярпеліся ад «неукоснительного наблюдения» кожнага «власть имущего». I ад соцкага, i ад школьнага старасты, i ад інспектара, i ад папа, i ад усіх іншых чыноўнікаў. Нам жа, «недержавным», было зусім невыносна. Як ніхто, мы не мелі права на сваё. Любая праява намі роднага выдавалася за «сепаратызм» i груба, жорстка душылася. Вось, калегі, перад вамі жывы прыклад,— хітнуў на Алеся (а ён сядзеў побач, па левую руку) .— Гэтага шчырага рупліўца на ніве асветы за пашану да роднага спачатку звольнілі з працы, а пасля за ўтварэнне прыватнай школкі на роднай мове сфабрыкавалі справу i засадзілі на тры гады ў турму...
Нямкевіч апусціў галаву — засаромеўся. Які ён герой?!
— Цяпер, кажу, школьная справа зусім занядбаная,—прадоўжыў Муха.—Наколькі я ведаю, шмат настаўнікаў на вайне i многія школы — надта па вёсках — пазачыняныя. Дзеці не вучацца. Адпаведна, разумовы i культурны ўзровень народа не расце. А гэта — нацыянальная трагедыя, калегі. Мы цяпер павінны ўзяць школьную справу пад кантроль i, па-другое, намагацца падняць з пылу родную мову, атрэсці яе i даць ёй жыццё ў школе... У якой меры — не ведаю, давайце параімся. Але што трэба нешта рабіць у гэтым накірунку,— бясспрэчна. Не па-гаспадарску, нават злачынна мову ў сем-восем мільёнаў галасоў запіраць пад сялянскімі стрэхамі, не пускаць у свет, глуміць як «не самостоятельную», «грубую», «корявую». Няма ў свеце «дрэнных» моў, усе мовы арыгінальныя, па-свойму цікавыя i вартыя самай пільнай увагі! I найвышэйшы гуманістычны ўчынак не ў тым, каб гвалтаваць, таптаць «нешчаслівую» мову, сілком насаджваць «шчаслівую», a ў іншым — у разуменні, у высакароднай падтрымцы. Ці не так, калегі?
Муха дэмакратычна ўсміхнуўся i абвёў усіх прыязным позіркам. Тут у меншым гурце ўжо не апладзіравалі, сядзелі ціха.
— Ну а цяпер прашу выказацца, даць свае парады.
— Можна мне? — падняў руку Тарашкевіч. Ён сядзеў з правага боку Мухі.
— Калі ласка,— прамовіў Муха i сеў.
— Думаю, не варта шмат красамоўнічаць пра тое, пра што толькі што слушна гаварыў старшыня нашай камісіі,— спакойна прамовіў той.— Гэта ўсім ясна. Загвоздка толькі ў тым, каб змусіць улады лічыцца з намі. Я паўтараю: не прасіць, а — змусіць. На нашы стогны, просьбы не зважалі, нават больш — затыкалі паліцэйскай потнай далоняй рот, замыкалі душу на замок. Аднак цяпер мы павінны не плакаць, а — патрабаваць. Свайго. A іменна: трэба ўтварыць таварыства — можа, i пад умоўнай назваю «Прасвет»,— а гэтаму таварыству не толькі трымаць у полі зроку нашу школу, не толькі ўводзіць у яе сваё, роднае. Трэба яшчэ i большыя намаганні. Але пачнём спачатку. Роднае абавязкова трэба ўзаконіць у пачаткоўцы. Адпаведна, трэба вывучаць родную мову, літаратуру, краязнаўства i гісторыю ў настаўніцкіх i духоўных семінарыях. Адпаведна, трэба ўкараніць родную мову, літаратуру і ў сярэднюю школу. Напачатку хоць бы на факультатыўнай аснове. Далей. Варта падбаць i пра пазашкольныя формы далучэння да роднай мовы, культуры, гісторыі. Для гэтага можна наладзіць курсы, народныя клубы, дамы, дзе самымі рознымі формамі прапагандаваць, ачалавечваць сваё. І ўрэшце рана-позна мы павінны дабівацца вышэйшай навучальнай установы на роднай мове. Без яе мы не паднімемся як нацыя, як культурная нацыя, падкрэслю...