— Варты пераймання i пахвалы жэст!—усміхнуўся Васілевіч, здзіўляючыся, як павёўся цяпер пан Скураны. Перад лютаўскімі падзеямі i цяпер ён пакрысе ўсё болей i болей выдаваў за радыкала, але да такіх вось заяў яшчэ не падымаўся.— А цяпер, сябры, пра нацыянальнае пытанне, якое ўжо закраналася тут. Мы лічым, што трэба дабівацца Расійскай федэратыўнай рэспублікі, а нам, беларусам, мець у гэтай федэрацыі аўтаномію. Жадаць меншага — не робіць нам гонару, не вартае нашага шматмільённага старажытнага народа, марыць пра большае — здаецца, не рэальна, як кажа адзін мой знаёмы... Адпаведна, мы павінны выбраць наш дзеяздольны орган, які будзе гуртаваць вакол сябе нашы сілы, павядзе далей работу па ўсіх напрамках — дзяржаўных, эканамічных, палітычных, сацыяльных, культурна-асветніцкіх і г. д. Ёсць думка гэты орган назваць Беларускім нацыянальным камітэтам, куды выбраць пятнаццаць — дваццаць відных нашых дзеячаў. Камітэтчыкі выберуць свой прэзідыум i ўтвораць адпаведныя камісіі. Пасля (калі так усё i будзе) камітэт адразу ж пашле дэлегацыю ў Петраград i дакладзе Часоваму ўраду пра ўсё i папросіць прызнання, помачы. Думаю, Часовы ўрад не адмовіць нам, улічыўшы, што мы i надалей хочам быць неадлучныя ад нашай сястры Pacii...
З трыбуны яго праводзілі гучнымі воплескамі. Яны цешылі i радавалі яго: не шмат адчуваў ён у жыцці ўвагі, разумення i пашаны. Пасля яго Каганец запрасіў сказаць слова Парэчын-Кузьміцкага — пасланца Мінскага Савета.
Васілевіч з цікавасцю агледзеў гэтага незнаёмага чалавека ў чорнай скураной куртцы, з нецярплівасцю чакаў, што той скажа. Сам ён запрашаў на сённяшні з'езд i Позерна, старшыню Савета, i яго намеснікаў, у тым ліку i Міхайлава, але тыя паскардзіліся, што не маюць часу прыйсці, падакляравалі, што кагосьці прышлюць іншага. Вось i прыслалі. Гэтага Парэчын-Кузьміцкага.
— Грамадзяне! — як толькі ён, каржакаваты, русявы, стаў за трыбуну, пачуўся яго ўпэўнены голас.— Выйшла так, што ў члены Выканкома Мінскага Савета вы, а таксама вашы землякі не трапілі. Але мы адчуваем: Мінск, тыл усё роўна верыць нам i шчыра падтрымлівае нас, бо адчувае, што мы выяўляем народныя клопаты. Савет намагаецца апраўдаць гэты давер. Савет з разуменнем успрымае ваш нацыянальны з'езд, лічачы, што ёсць патрэба паразважаць пра нацыянальнае пытанне. Мы толькі не хацелі б, каб выбухнулі нацыяналістычныя тэндэнцыі... А цяпер дазвольце падрабязней пагаварыць пра ўзнікненне нашага Савета, пра яго цяперашнюю работу, пра мэты...
Прамоўца гаварыў досыць доўга, запальваючы ўсіх вераю, што найперш Савет можа зрабіць шмат для рэвалюцыі, згадзіўся з Васілевічам, што «трэба разгледжваць больш пільна самыя гарачыя пытанні сучаснасці» — да слова, як сказаў ён, трэба болей дбаць пра сялян i пра надзел беднякоў зямлёю, а таксама «не забываць салдатаў, што гніюць у акопах». Гэтае «гніюць» прагучала рэзка i, канечне, выбівалася з «абаронніцкіх» настрояў тых, хто прамаўляў дагэтуль.
Калі Парэчын-Кузьміцкі, не сказаўшы пра тое, чаго найбольш чакаў Васілевіч, пакінуў трыбуну, зноў падняўся ў прэзідыуме ссутулены Каганец.
— А цяпер, дарагія прыяцелі,— прамовіў ён, падносячы блізка да вачэй паперку,— ёсць думка паслаць прывітальныя тэлеграмы Часоваму ўраду, Петраградскаму Савету, нацыянальным суполкам Украіны i Літвы. Згодныя? Дзякую. Тады дамо слова Кужэльнаму i папросім яго зачытаць гэтыя тэлеграмы.
Кужэльны — статны, маладжавы іхні зямляк-петраградзец — падышоў да трыбуны i гучна прачытаў загадзя напісаныя вітанні. Прагаласавалі за ix адзінадушна.
Затым Каганец даў слова памочніку мінскага губеранскага камісара Метліну. Той, таўсматы, круглатвары, з важкім падволічам, лёгка закрочыў да трыбуны, абапёрся на яе краі i смела акінуў позіркам залу.
— Грамадзяне! — молада i ўладна ўсклікнуў ён.— Я ўпаўнаважаны выступіць ад імя мясцовага органа Часовага ўрада i ад імя маіх калег сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Мы разумеем ваша жаданне сабрацца, паглядзець адзін на аднаго, перакінуцца словам пра падзеі, урэшце выліць свой боль. Змест i дух вашага з'езда, канечне, мы належна вывучым i ацэнім. Усё здаровае падтрымаем, а непрыгоднае адкінем...
Зала заціхла, нібы амярцвела.
— Грамадзяне, дазвольце заўважыць: цяпер яшчэ не час вылучаць нацыянальнае пытанне,— бадзёра, рашуча гаварыў Метлін,— Па-першае, гэта — не самае галоўнае, па-другое, паўтараю, для яго яшчэ не падыходзячы момант. Мы цяпер павінны не раз'ядноўвацца, а гуртавацца, ісці да Устаноўчага сходу, які вырашыць лес Расіі i шматлікіх яе народаў. Па-трэцяе, будзьма рэалісты: ваш нацыянальны рух слабы, штучны, падаграецца жменькаю энтузіястаў альбо экстрэмістаў...
Зала загула: ёй не спадабаліся такія словы. Васілевіч паазіраўся: як паводзіцца прэзідыум?
— Нічога сабе афіцыйная асоба i афіцыйны пункт гледжання! — хітнуў галавою i даволі гучна сказаў Цішка Гартны Бурбісу.
Сапраўды, прамова Метліна была іскрай, якая трапіла ў бочку з порахам.
— Мы пратэстуем! — падхапіўся ў зале інтэлігентны, але цяпер разгневаны Тарашкевіч.— Пан Метлін выступае з нафталіннай русіфікатарска-чарнасоценнай ідэяй...
Бурбіс, маладжавы, пачырванелы, а за ім услед i Лашковіч азірнуліся i кіўнулі Васілевічу: не трэба маўчаць!
— Мы, грамадоўцы, таксама пратэстуем! — падхапіўшыся, як уджалены пчалою, выкрыкнуў сарваным, залішне тонкім голасам Васілевіч,— Нам зноў падсоўваюць тэзіс «адзінай недзялімай імперыі».
Метлін падняў руку, бліснуў белым манжэтам i залатым пярсцёнкам на тонкім пальцы: дайце дагаварыць! Але зала не супакойвалася, гула; той-сёй засвістаў, залюлюкаў. Каганец падняўся — здаецца, пачаў прасіць усіх суцішыцца, але цяпер не слухалі i яго, да каго ўсе адносіліся з вялікай сімпатыяй як да мужнага чалавека, так i да шчырага літаратара i мастака.
Метлін не сыходзіў — змагаўся з залаю, але адолець яе не мог. Урэшце махнуў рукою i паплёўся на сваё месца ў прэзідыуме.
З першага рада прэзідыума, з самага краю, што быў недалёка ад трыбуны, шпарка ўстаў шыракаплечы хлопец у ботах, белых штанах i вышыванай кашулі, з казацкімі вялікімі рыжаватымі вусамі.
— Прашу слова,— прамовіў Каганцу.
— Калі ласка,— згодна адказаў той i неяк збянтэжана сеў.
— Я прадстаўнік Кіеўскай суполкі БСГ, Краскоўскі,— басавіта загуў новы прамоўца.— Я заклікаю ўсіх вас не слухаць паноў метліных: яны не толькі не прызнаюць нас i наш народ, але i замоўчваюць, затоптваюць i свядома, паўтараю, свядома хочуць, каб мы ніколі не паднялі галовы. Яны хочуць задушыць нас у зародку. Яны, як агню, баяцца слоў «нацыя» i «федэрацыя». Але мы, па словах метліных, «жменька свядомых», не баімся, смела ідзём ім насустрач. Наступіла часіна, калі гэтае ўжо неабходна, бо толькі вольныя ў сваім развіцці народы могуць быць паўнацэнныя, ісці да светлага будучага, да агульначалавечай еднасці... Але паны метліны не разумеюць i не хочуць разумець, што перш чым стаць некім, спачатку трэба стаць самім сабою! Ім усё яшчэ трэба даказваць, што i ў нас на назе пяць пальцаў...
Апошнія словы патанулі ў выбуху воплескаў. Краскоўскі засвяціўся ад радасці, а пасля падняў абедзве рукі, сашчапіў ix і, патросшы імі ў паветры, героем вярнуўся на сваё месца.
Нечакана для Васілевіча зноў папрасіў слова Муха. Калі далі, санавіта выйшаў на трыбуну, абапёрся на яе локцямі.
— Наш грамадоўскі калега, Васілевіч, справядліва выказаў наша абурэнне,— прамовіў ён спакойна i ўпэўнена.— Да яго слоў я хачу толькі дадаць: цяпер кожны народ мае, павінен мець права развівацца па-свойму. Ад заганнай ідэі ўдушэння нацыянальных меншасцей трэба рашуча адмовіцца. Яна зганьбіла сама сябе, абрыдзела ўсім. Але панам метліным няма патрэбы дрыжэць ад страху, лямантаваць пра «расцягванне» рэвалюцыі: вольнае развіццё народаў — не значыць ix адасабленне, узаемную непрыязь. Яно не зашкодзіць дружбе з іншымі народамі. Наадварот, яно гэтую дружбу зробіць шчырай, плённай. Але для вольнага развіцця, як ні круціся, трэба родная мова, родная школа i хоць бы аўтаномія!
I Муха «адхапіў» авацыю.
Калі зала супакоілася, у прэзідыуме падняўся, як было відаць, пачырванелы на шчоках, на вушах Метлін i прамовіў:
— Граждане, при таком понимании и при такой обструкции я не могу быть товарищем председателя съезда...