— Каганец!
— Бурбіс!
— Гартны!
— Лашковіч!
— Васілевіч!
— Скураны!
— Петрыкевіч!
Васілевіч ледзь паспяваў запамінаць. Пасля падняў угору лісток — усё, як i дамаўляліся, спіс складзены. Параіў галасаваць. Зноў было па шэсць-сем тых, хто быў «супраць» i «ўстрымаўся». Уражліваму Васілевічу было не зусім ясна, чаму так паводзяцца людзі. Калі прыйшоў сюды — дык будзь з усімі заадно, калі супраць — то чаго тут? Яму цяжка было зразумець логіку i псіхалогію «незадаволеных». Нават у галаву не ўкладвалася, што той-сёй можа быць супраць не так самой справы, як супраць таго, што якраз не ён, скажам, пачынае з'езд альбо не ён трапляе ў прэзідыум. Ён крыху разбіраўся ў «складанай чалавечай натуры», але не заўсёды мог зразумець яе праявы ў кожным асобным выпадку.
Калі названыя падняліся i перайшлі з залы на сцэну, паселі, то на пярэдніх крэслах Бурбіс, Гартны, Скураны, Петрыкевіч перамовіліся i абралі старшынёй прэзідыума Каганца, яго намеснікамі — эсэра Метліна i былога эсэра, а цяпер грамадоўца Шуляка.
Далей рэй павёў Карусь Каганец. Невысокі, прысадзісты, адсюль, са спіны, з досыць выпуклым гарбом. Ён, трымаючы ў абедзвюх руках загадзя падрыхтаваны Васілевічам i іншымі грамадоўцамі люток ca сцэнарыем уступу з'езда, дрыготкім голасам, з моцным сялянскім акцэнтам загаварыў:
— Наш з'езд, дарагія прыяцелі, вітаюць нацыянальныя суполкі з братняй Украіны i Літвы, а таксама вядомыя дзеячы нашай культуры...— Прачытаў гэтыя віншаванні. Кожнае з ix зала ўзнагародзіла воплескамі.— А цяпер слова для вітання мае старшыня менскага камітэта прапаганды асноў новага грамадзянскага ладу Марзон.
Гэты нізкі, з кароткай шыяй i буйной чорнавалосай галавою чалавек хуценька падышоў да трыбуны.
— Мы, дарагія сябры,— гучна, нават басавіта загаварыў адразу ж з пафасам,— павінны найперш ухваліць Часовы ўрад i яго ўсе падараваныя расійскаму народу свабоды...— Хваліў-хваліў новую ўладу, а пасля, калі ўспомніў гэты з'езд, сказаў: — Ад імя нашага камітэта жадаю, каб на форуме быў дух рэалізму, умацавання новага ладу ў Pacii i, само па сабе зразумела, дух увагі да інтарэсаў беларускага народа...
Як ні ўслухоўваўся Васілевіч, але так i не пачуў, што ім раіць старшыня мінскага камітэта прапаганды асноў новага грамадзянскага ладу, а гэта значыць, падумаў ён, прамоўца асцярожнічае, а то, можа, i пабойваецца з'езда.
За ім прамовілі пасланцы з Магілёва i Петраграда: танклявы кучаравісты Каравайчык i падцягнуты, шустры капітан Адамовіч. Яны абодва таксама віталі рэвалюцыю, падтрымлівалі Часовы ўрад i яго палітыку, але болей ужо i ясней гаварылі i пра тое, чаго яны павінны сёння дабівацца. Да слова, Каравайчык падаў голас за тое, каб з'езд вылучыў ідэю аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі.
— Цяпер час ужо зацвердзіць парадак дня,— пасля падняўся i з хваляваннем прамовіў Каганец.— Ён такі: адносіны да сучасных падзей, адносіны да расейскіх i нацыянальных сацыялістычных партый, арганізацыйныя пытанні. Як, згодзімся з гэтым, дарагія прыяцелі?
— Згодзімся,— прамовіў тут, у прэзідыуме, Гартны.
Прагаласавалі. Пасля пачалі слухаць даклады тых, хто жыў i працаваў у Мінску.
Першы выступіў Фальскі — малады яшчэ мужчына, акцёр, а цяпер, у вайну, службовец Лібава-Роменскай чыгункі. Як i чакаў Васілевіч, ён спакойна, прыгожым акцёрскім голасам пачаў расказваць, што робяць яны тут у Камітэце помачы ахвярам вайны i ў «Беларускай хатцы». Пасля загаварыў пра тое, што трэба пачаць дабівацца, каб новая ўлада адмяніла забарону на беларускую мову, дазволіла ўтварыць тэатр.
—Цяпер зноў тэатр можа шмат зрабіць для нашага народа, для культуры,— сказаў Фальскі.— Народны тэатр ды яшчэ ў такі кіпучы час, як цяпер,— вялікая рэч. Таму, не чакаючы дазволу, мы пачалі ўжо рупіцца: да слова, Ядвігін Ш. збірае драматычны гурток, які Фларыян Ждановіч (а ён вяртаецца ў Мінск праз тыдзень) можа хутка пераўтварыць у драматычную трупу, а я ладжу харавы гурт...
За гэтыя словы i прэзідыум, i зала падзякавалі Фальскаму моцнымі воплескамі.
Пасля яго пачалі падыходзіць да трыбуны іншыя мінчукі: шыкоўны i ажыўлены сёння Муха, аскетычны, заўсёды разважлівы ксёндз Мяцельскі, весялун Буднік. Апошнія два прамаўлялі ад імя новых беларускіх партый, што ўзніклі на днях: ксёндз Мяцельскі быў пасланцом хрысціянскіх дэмакратаў, a Буднік—народна-дэмакратычнай суполкі. Усе трое сказалі, што з'езд мусіць патрабаваць «поўнага самавызначэння» беларускага народа, а Мяцельскі яшчэ дадаў, што цяпер трэба «збліжаць усіх католікаў i праваслаўных у адной веры з рознымі абрадамі, не дапусціць, каб наш люд па-ранейшаму расколваўся на дзве варожыя палавіны».
Пасля ix Каганец даў слова яму, Васілевічу, як аднаму з лідэраў Мінскай групы БСГ, якая, лічы, i склікала гэты з'езд.
— Цяпер я з праграмаю нашай партыі,— усміхнуўся ён, пазіраючы ў залу, якая ўжо, здаецца, насыцілася ад прамоў i дакладаў, слухала не сказаць каб вельмі ўважліва.
Паперы ляжалі перад ім, але ён не пазіраў на ix, а — на людзей. Па сабе ведаў: лепш сказаць нязграбна, але сваімі словамі, чым талдычыць па пісанаму. Цяпер ужо не хваляваўся звыш меры, выбраў з мноства люду аднаго Нямкевіча i гаварыў быццам яму:
— Наша сённяшняя канферэнцыя БСГ, сябры, таксама прызнала i ўхваліла Часовы ўрад i яго меры па ўсталяванню новага эканамічнага, палітычнага ладу. Значыць, мы ідзём тут па адной дарозе з усімі астатнімі партыямі. Іначай цяпер, здаецца, нельга. Супрацоўніцтва з новым урадам — той верны i трывалы грунт, падмурак, на якім можна пачынаць новы будынак. Тым больш гэта датычыць нас, нацыянальнай меншасці. Аднак мы, сябры, мусім сказаць i пра тое, пра што Часовы ўрад, а таксама многія нашы партыі, нават амаль усе сённяшнія нашы прамоўцы мала гаварылі...
Заўважыў: паколькі яго выступленне загучала дысанансам, дык зала запыніла перашэптванні, наструнілася.
— Мы разумеем тое, што Часовы ўрад, здаецца, хоча доўжыць вайну i дабіцца перамогі,— прамовіў ён.— Перамога нам, як тут i гаварылі, жыццёва неабходная. Іначай Вільгельм паспрабуе выратаваць свайго сабрата Мікалая Другога, а з вяртаннем манарха Расія не толькі пойдзе па старым шляху, але яшчэ i ўмыецца крывёю... Але мы не зусім разумеем, чаму цяпер новыя ўлады гэтак асцярожненька, туманна, а то i абыякава гавораць пра так званае аграрнае пытанне. Сказаць шчыра, я здзіўляюся, чаму пра гэта незаслужана мала тут гаварылі i нашы прамоўцы. Сябры, не забывайма: вёска, сяляне — гэта пераважная частка нашага народа. I калі мы хочам быць выказнікамі яго дум i пачуццяў, дык давайце помніць пра найпершыя яго клопаты! Я шкадую, што тут ад нашых сялян усяго некалькі чалавек. Але мы, сялянскія сыны, павінны адстойваць інтарэсы нашых бацькоў, братоў. Мы, грамадоўцы, лічым: трэба неадкладна пачаць дэталёва распрацоўваць зямельны закон, улічыўшы ўсе ўмовы i акалічнасці зямельнага пытання ў нашым краі, у тым ліку i спосаб пераходу зямлі да народа. I як толькі мы даб'ёмся самавызначэння, будзем мець свой кіруючы орган, дык гэтаму органу трэба будзе неадкладна пачаць надзяляць сялян зямлёю. А пакуль што, лічым мы, трэба перасцерагаць наш люд ад самачынных захопаў зямлі...
— Выбачайце, Сымоне! — пачуўся голас з прэзідыума. I тут жа падняўся Скураны: — Спадары! Як вы ведаеце, я, э-э, маю нямала зямлі. Але вось што я, э-э, хачу заявіць: калі нам удасца дабіцца, скажам, аўтаноміі, займець свой Краёвы сэйм, дык я, э-э, даклярую праз яго аддаць сваю зямлю народу. I бясплатна.
Гэтая заява зрабіла сваё: зала выбухнула авацыяй.