— Па-першае, вы дазваляеце, «даеце» тое, што ўзяць самім няможна. Па-другое, калі люд пачне браць сабе сваё гвалтам, дык яго паб'юць, задушаць вялікаю сілаю! Арміяй!
— А можа, урад пачне хутчэй i справядлівей вырашаць аграрнае пытанне, калі люд сам, як вы кажаце, гвалтам, будзе браць сваё? — зноў умяшаўся ў спрэчку Мяснікоў.— А ахвяры... Што ж, можа, не абысціся без ix...
Лашковіч, здаецца, быў збіты з панталыку па гэтым сваім каронным — сялянскім — клопаце.
— Калі вы, Максім, будзеце дабівацца ўлады для сваіх паноў, мы аб'явім вам вайну...— перасцярог Фрунзе.
— Калі мы разам хісталі царызм, дык нам было па дарозе...— ухмыльнуўся Лашковіч.— А цяпер, калі царызм зрынулі, мы вам ужо лішнія, замінаем?!
— Я асабіста не хацеў бы не толькі ваяваць, але i варагаваць з табой, Максім,— з павагаю адказаў Фрунзе.— Я ведаю: ты — светлая галава, шчыры, гаротны. Але... Падумай добра, калі ласка, не спяшайся кідаць усім, у тым ліку i нам, пальчатку...
— Пагаварылі i дамовіліся!—падняўся i горка, цяжка ўсміхнуўся Лашковіч. Пакрыўдзіўся, думаючы, што былы таварыш па бядзе забыў, не цэніць усё тое добрае, што было некалі ў ix.
...Калі Лашковіч, Шуляк, Нядоля, Васілевіч i Нямкевіч вярнуліся да Траецкай гары, дык з задавальненнем убачылі: там свята гукання вясны аж гуло. Вялікія, нават агромністыя людскія гурты вадзілі карагоды, спявалі вясновыя песні, а моладзь гарэзна скакала праз вогнішча, паліла злую зіму-вядзьмарку — носьбіта ўсяго халоднага i злога на свеце...
3.
I вось наступіла для Васілевіча доўгачаканая хвіліна.
Ён адхіліў важкую аксамітную занавеску, выйшаў на прасторную сцэну i быццам не сваімі нагамі накіраваўся да некалькіх пастаўленых упрытык сталоў, накрытых зялёным сукном. Позірк яго раздвойваўся: вочы пазіралі то на блізкую апушчаную белую, а па краях чырвоную занавеску за сярэдзінаю сцэны — пасярод на шырокім белым палатне чырванелася вялікае поле, а на яго фоне, здавалася, неслася ўдалечыню постаць воіна ў шлеме на серабрыстым кані ў імклівай пагоні з узнятым над галавой мячом i шчытом з залацістым шасціканцовым крыжом,— то тут жа вочы прыварожваліся да залы, дзе, як сказала яму адна з сакратарак, Белякова, сабралася 150 землякоў не толькі з усіх неакупаваных беларускіх паветаў, але i з многіх расійскіх гарадоў. Як заўважыў, людзі на выгляд былі розныя: хто — у звычайных еўрапейскіх касцюмах, хто — у службовай форме, i нямала было тых, хто прыйшоў сюды ў вышываных кашулях i паясах. Была розная публіка i па думках i поглядах: кіраўнікі беларускіх камітэтаў помачы ахвярам вайны, беларускіх бежанскіх камітэтаў, былыя i цяперашнія грамадоўцы, а таксама члены іншых партый, беспартыйныя, «беларусы — прыхільнікі русіфікатара Саланевіча», а заадно сядзелі i «таямнічыя незнаёмыя», хто прыехаў сюды па сваёй i не сваёй ахвоце.
Васілевіч запыніўся пасярод доўгага стала, абвёў позіркам досыць запоўненую залу, намагаючыся ўтаймаваць хваляванне. Вялікім цяжарам на ім ляжала яго місія: які тон задасць ён з'езду, як будуць слухаць яго як старшыню Мінскага камітэта БСГ i тое, што яны будуць раіць. Тут няможна спатыкнуцца. Зрэшты, можа, ён i перабольшваў сваю місію, ролю гэтага з'езда, але, як i заўсёды, гаварыў i паводзіўся шчыра, з поўнай адданасцю i верыў: толькі так i трэба рабіць. Тым больш справу святую. А што сёння перад імі святая справа, ён ні кроплі не сумняваўся. Хоць i ведаў, што некаторыя мелі зусім іншы погляд.
Як толькі ён паспрабаваў загаварыць, нечакана, нібы па дамове, люд у зале дружна падняўся i наладзіў авацыю. I пан Скураны ў чорным гарнітуры, у вышыванай кашулі, i Петрыкевіч у парадным генеральскім мундзіры, i афіцэры Адамовіч, Еўзікаў, а таксама i іншыя «элітныя» людзі пляскалі заўзята, у духу адной для ўсіх еднасці.
Паселі.
— Сябры! — прамовіў дрыготкім і, здаецца, залішне танклявым голасам.— Дазвольце цёпла павіншаваць вас з рэвалюцыяй, з яе цяперашнімі радыкальнымі заваёвамі! A ўжо i тое, што вось мы змаглі сабрацца разам, будзем адкрыта, нікога не баючыся, гаварыць пра свой боль i клопаты,— канечне ж, вялікая рэвалюцыйная заваёва для нас, нацыянальнай меншасці!
Воплескі. Дружныя, працяглыя. Гэта вельмі падбадзёрыла яго, уражлівага,—зала, як паверыў, салідарная з ім.
— Як мы бачым, цяпер па ўсёй агромністай Расіі абуджаецца палітычнае жыццё,— ужо натхнёна прамовіў далей.— Абуджаемся i мы — тыя, хто ўжо некалькі стагоддзяў непрабудна спіць. I ў нас тут, у Мінску, i ў іншых гарадах, у тым ліку i расійскіх, да слова, адрадзілася БСГ. Нават больш — цяпер БСГ яднае вакол сябе прыяцеляў i кліча ix да кіпучай работы, да адраджэння, волі. Мы, грамадоўцы, а таксама нашы сябры з партыі беларускіх народных сацыялістаў рашылі склікаць вас усіх на гэты Вялікі Сход, які хочам канстытутаваць як з'езд, i гэты сімвалічны «прылёт» лепшых сыноў нашай Бацькаўшчыны прымеркавалі на цудоўнае народнае свята — на свята гукання вясны...
Перавёў дыханне, на міг (а яму здалося — на вечнасць) запнуўся, падшукваючы найбольш пафасныя i ў той жа час простыя, важкія словы. Пашукаў вачыма знаёмых — на першым радзе, з краю, сядзелі i ўважліва на яго пазіралі еўрапейскага выкшталцонага выгляду (у шыкоўным гарнітуры, у белай кашулі i пры «матылі», у пазалочаных круглых акулярах) безвалосы Цішка Гартны, ссутулены, у юхтовых ботах i сялянскай світцы барадаты, пажылы, нават нібы стары ўжо Карусь Каганец, кучаравісты Змітрок Бядуля, а за імі, на другім радзе,— яшчэ зусім малады, гадоў дваццаці пяці, каротка пастрыжаны i ў акулярах Тарашкевіч, дыхтоўны i санавіты Муха, русявы, з невысокім «вожыкам» валявы Лашковіч, лысаваты i сціплы Нямкевіч, шчупленькі Нядоля, засяроджаны Шуляк i Белякова з распушчанымі светлымі валасамі, зусім сёння свойская ў белай блузцы з блакітным бантам на шыі... Адчуўшы яго замінку, Лашковіч падняў руку i патрос ёю: камандуй-камандуй парадам!
— Сёння мы, грамадоўцы, правялі ўжо невялічкую канферэнцыю,—паспакайнелым голасам пачаў далей гаварыць Васілевіч,— На ёй мы ацанілі, як кажуць, цякучы момант, вызначылі сваю пазіцыю. Мы гаварылі шчыра, хоць часамі i рэзка. Адпаведна, былі i рознагалоссі. Але мы не дазволілі ім паланіць нас, пераадолелі ix i прыйшлі на гэты Вялікі Сход з яснай праграмай. Яе мы выкладзем у асобнай прамове. Хацелася б, каб i вы, сябры, гаварылі пра наш боль, пра нашы клопаты шчыра, калі хочаце, i рэзка, але каб не вышуквалі, напластоўвалі рознагалоссі. Яны могуць завесці нас у тупік, напачатку змарнаваць нашу святую справу. Думаю, вы згодныя: цяпер не час для амбіцый, звадаў, гульні: цяпер час смеласці, работы — карацей, справы. Іначай мы здрадзім свайму спакутаванаму народу, навек пахаваем усе яго мары i надзеі, веру ў нас, выказнікаў яго дум i абаронцаў... Адным словам, нашы старэйшыны даручаюць мне пачаць работу нашага з'езда. А якая, сябры, будзе ваша думка?
— Пачаць! — выгукнуў Лашковіч.
— Галасуем,— прамовіў Васілевіч.— Хто — за?
Як убачыў, паднялі рукі амаль усе.
— Хто — супраць?
У зале ўскінулася ўгору некалькі рук. Пяць ці шэсць.
— Хто ўстрымаўся?
Зноў некалькі чалавек. Здаецца, шэсць-сем.
— Пераважная большасць за тое, каб пачаць работу нашага з'езда,— сказаў Васілевіч, адчуваючы па галасаванні, што з'езд будзе няпросты. Будуць, канечне, i спрэчкі, i нават, можа, яшчэ i большае. Не толькі ад тых, хто толькі што галасаваў «супраць» i «ўстрымаўся», але i ад тых, хто падняў рукі «за».— Цяпер, як i належыць, трэба абраць наш рабочы прэзідыум. Колькі чалавек выберам у яго склад?
— Дзесяць,— выгукнуў хтосьці з задніх радоў.
— Пятнаццаць,— падаў валявы голас Лашковіч.
Прагаласавалі. Пасля пачалі выгукваць пайменна: