— Мы не жадаем, Максім, i твайму, як ты кажаш, самабытнаму народу міру, волі, дабрабыту?
— Не закалыхвай мяне, Арсен, прыгожымі словамі,— абарваў яго Лашковіч.— Вы, а таксама i ў саюзе з іншымі партыямі, як я паспеў разабрацца, на многае тут, у краі, у Мінску, замахваецеся. Найперш праз Мінскі Савет, а таксама i праз міліцыю. Але наколькі я ведаю, у Выканкоме Мінскага Савета няма ніводнага чалавека ад нашых партый, а то i ўвогуле беларуса. Дык вось i скажы ты мне, дарагі, як вы думаеце справядліва дбаць пра нас? Без нас саміх?
— Сапраўды, у Выканкоме Савета няма пасланцоў ад беларускіх партый,— сказаў Фрунзе.— Але мы не супраць супрацоўнічаць, скажам, з вашай БСГ. На сходах, на мітынгах мы ахвотна даём вам слова.
Лашковіч з ухмылкаю скрывіўся:
— Ну-ну! Уважылі! Дазволілі разявіць рот!
— А вы чаго хочаце? — неспадзявана ўступіў у гаворку незнаемы вайсковец.
Лашковіч павярнуўся i пільней прыгледзеўся блізарукімі вачыма: вайсковец па-ранейшаму сядзеў паклаўшы нагу на нагу. Здаецца, невысокі, таўсматы. Чарнявы, высакалобы, з шырокім раздвоеным падбародкам. Як i ўсе маларослыя, мусіць, настойлівы, самалюбівы i агрэсіўны.
«Закаўказец»,— падумаў Лашковіч, a ўголас запытаў:
— Вы — хто, васпане? Бальшавік?
— Бальшавік,— рэзка адказаў вайсковец.— Ну й што?
— Дык вось мы хочам прыкладна таго, пра што вашы лідэры шмат гаварылі да вайны...
— Дык вы сёння будзеце крычаць i лямантаваць?
— Што — для нас няма свабоды сходаў, слова? — па-ледзяному прыплюшчыў вочы Лашковіч, але вайсковец вельмі не збянтэжыўся.— Што — нам няма пра што пагаварыць? Няма чаго дабівацца для свайго затаптанага народа?
— Дык чаго ўсё ж вы хочаце?
— Людзьмі звацца...— крыху дурасліва нахіліў галаву i прыклаў руку да грудзіны Лашковіч.
— Калі ласка, канкрэтней...
— А не скажу...— ужо захуліганіў Лашковіч.— Бо не бачу ні спачування, ні разумення...
— Мацёры таварыш! — заматляў галавою прапаршчык.— Не ў прыклад сваім памяркоўным землякам...
— Памяркоўнасць, дарагі т а в а р ы ш, нікому не зашкодзіць, а вось быць баязлівымі, угодлівымі, самазнішчацца — хопіць!
— Чаго вы, Максім, думаеце дабівацца? — спакойна запытаў Фрунзе.— Давай пагаворым шчыра. Сказаць па праўдзе, я не вельмі шмат ведаю пра вашыя турботы...
— Вось пра гэта, пра што ты пытаеш, i будзе гаворка на з'ездзе,— паспакайнеў i Лашковіч.— З улікам усёй сітуацыі ў Расіі i тут.
— Я хачу, Максім, сказаць табе пра дзве рэчы,— сказаў Фрунзе.— Першае: вы маеце поўнае права сабрацца i пагаварыць пра свой боль, пра свае клопаты. Другое: будзе, аднак, недарэчна, калі ў вас, як кажа Алёша, разаўецца нездаровы сепаратысцкі рух. Ваша буржуазія, той жа Скураны, можа штурхнуць вас на такі крок. Але не дзеля затаптанага народа, а дзеля сябе. Скураны ёсць Скураны. Ён, наколькі я ведаю, быў аўтанаміст, цяпер ён ваш народны сацыяліст, загульваў i з царскім урадам, i з вамі, a апошні час вядзе каншахцікі з вамі i Часовым урадам. Пасля перавароту стрымліваў вас, а цяпер ірвецца ўзначаліць ваш рух. Чаму? Ды ён не так i не пра тое думае, як i пра што думаеце вы: Васілевіч, ты i іншыя шчырыя хлопцы...
— А пра што, выбачай, думаеш ты, стаўшы старшынёй тутэйшага сялянскага камітэта? — рэзка перабіў Лашковіч.— Ты што — селянін? Разумееш іхнія клопаты — клопаты нашых вяскоўцаў у тым ліку? Калі не ведаеш, дык скажу: недзе пад восемдзесят пяць працэнтаў люду нашага краю — сяляне. Дык найперш сяляне — касцяк нашага народа. Намагаючыся ўзначаліць сялянскі рух нашага краю, ты хоць добра ўяўляеш, чаго хоча наш селянін альбо чаго хочам мы, сялянскія дзеці? Ці табе гэта ўсё роўна? Ці табе самае важнае — адлучыць сялян ад эсэраў, ад нас, завабіць на свой бок i павесці ix за сабою?
— Селяніну, Максім, найперш трэба мір, лад, добры кавалак зямлі, павага, помач горада,— непарушна адказаў Фрунзе.
— Ты дасі мір i зямлю? — ухмыльнуўся Лашковіч.
— Гэтага трэба дабівацца ўсім разам.
— Як?
— Народ павінен сам узяць сабе тое, што яму належыць! Зямлю, заводы i фабрыкі.
— Дык гэта ж падман! Нават — правакацыя!
— Чаму? — раптоўна жорстка прыплюшчыў вочы Фрунзе.