— Нет полиции—так думают, что все позволено!
— На дурное кроў узыграла!
— Людзі мілыя! — з мальбою зірнуў на натоўп Лашковіч.— Не спяшайцеся ўсё i ўсіх мяшаць у гразь! Хто i з чыстаю душою прыйшоў на свята, а хто i з паганымі замысламі. Спытайце вунь у сыноў i дачок беларускіх дзеячаў, хто на ix нападаў i за што, а хто абараняў...
— Ну хадзем-хадзем, аратар,— абарваў яго Клёнаў.— У міліцыі ўсё раскажаш.
Лашковіч, бачачы, што дыскутаваць няма толку, паслухаў. Пайшоў. Толькі па дарозе ўсе заўважылі: сярод ix няма Мухі. Знік, нібы скрозь зямлю праваліўся.
Так, пад канвоем узброеных дружыннікаў, ix правялі амаль праз увесь горад — да трохпавярховай камяніцы на Падгорнай вуліцы.
Разам ix досыць недружалюбна піхнулі ў прасторны, але сціплы пакой, дзе стаяў стары пісьмовы стол на точаных ножках, гнутыя карычневыя крэслы, кніжная шафа. За сталом, за пісьмовым прыборам з шэрага мармуру, з масіўнымі крышталёвымі чарніліцамі, бронзавым мядзведзем з разяўленым ротам ды пад партрэтам Карла Маркса сядзеў яшчэ малады, але ўжо сталы мужчына ў афіцэрскай форме, але без пагонаў. Побач, паклаўшы нагу на нагу, сядзеў вясёлы малады прапаршчык. Яны абодва пільна агледзелі ix, i тут жа той, што сядзеў за сталом, падняўся.
— Фанатык? — у сваю чаргу здзівіўся Лашковіч,— Ты тут?
— Як бачыш, тут,— той выйшаў з-за стала, падаў руку.— Ты заваражыў мяне расказамі пра гэты край, я i рвануў сюды. Я думаў: ты таксама павінен быў даць драла...
— Два разы збягаў, але два разы i лавілі...— прамовіў Лашковіч.—А ты што тут робіш?
— Ды во ваш начальнік міліцыі,— усміхнуўся той.
— Ты? Той, хто так ненавідзеў паліцыю?
— Як бачыш...— гаспадар пакоя развёў рукамі.
— Дык іменна да цябе нас усіх прывялі?
— Як бачыш...— пацешваўся гаспадар пакоя з былога знаёмага па сібірскай катарзе. I, паварочваючыся ўжо да Клёнава, запытаў: — У чым правінаваціўся мой сябрук?
— Ды завялі бойку каля Свіслачы, таварыш Міхайлаў,— адказаў той. Хоць намеснікам Фрунзе лічыўся меншавік Яромій, але на самай справе, па даверы, намеснікам быў ён, Раман Клёнаў.— Як бачыў на свае вочы, найбольш арудаваў ён, ваш... знаёмы...
— Чаго буяніш, хлопча? — паўжартам, але разам з тым i непрыхільна запытаў Фрунзе. Невысокі, але трымаўся годна, рашуча каля вышэйшага на галаву Лашковіча.
— Я не буяніў бы, пан начальнік міліцыі, каб ты добра працаваў...— з выклікам адказаў Лашковіч.
Фрунзе, пачуўшы гэтае «пан», аж ускінуў галаву. Можа, скаланула, бо ў Лашковічавых словах пачуліся непрыемныя ноткі, нібы да служкі ca старога апарата.
— Ну, i дзе я кепска працую?
— Чаму нейкая сволач топча рэвалюцыйныя заваёвы, не дае права на свабоду сходаў i слова? I зусім канкрэтна: чаму рэцыдывісты не даюць правесці наша старадаўняе свята гукання вясны, пагражаюць, глумяцца над дзецьмі? Чаму сюды прывялі не толькі ix, але i нас, тых, хто не дазволіў глумленне?
— Ды не гарачыся ты, Максім,— пачаў астуджваць Лашковіча Фрунзе.— Раскажы ўсё па парадку.
— Няхай гэтая сволач раскажа, хто нацкаваў яе разагнаць народнае свята! Ды пры гэтым абражаючы наш народ!
Фрунзе павярнуўся да Клёнава i сказаў:
— Вядзіце ўсіх у свой кабінет. I ўсіх добра дапытайце. А ты, пан Лашковіч,— наўмысна падкрэсліў гэтае «пан»,— застанься, калі ласка. Я сам адпушчу цябе.
— Ну што ж, дзякую...— як толькі ўсе, апрача прапаршчыка, выйшлі, па-блазенску схіліў галаву Лашковіч.
— Ну, не задзірайся, Максім,— папрасіў Фрунзе.— Хочаш ці не хочаш, а нам цяпер прыйдзецца i супрацоўнічаць. A калі так, то давай шукаць i ўзаемапаразуменне.
— Я не хачу варушыць нашыя старый тэарэтычныя спрэчкі, Арсен,—сказаў Лашковіч, прысаджваючыся каля стала, насупраць прапаршчыка, які з цікаўнасцю за ўсім назіраў.— Але хочаш ці не хочаш, ды наспявае новы канфлікт...
— Які? — запытаў Фрунзе, садзячыся не за стол, а каля яго.— Давай пагаворым шчыра, Максім.
— Вам, Арсен, абы рэвалюцыя! З-за яе вы гатовыя на ўсё... Вы зусім не зважаеце: тут амаль дзесяцімільённы самабытны народ...