— I я, брат, шмат палемізаваў у Сібіры пра гэта,— уздыхнуў Лашковіч.— Але скажу табе шчыра: я згодзен з Дастаеўскім, што зло хаваецца ў чалавеку глыбей, чым думаюць многія рэвалюцыянеры, што ні пры ніякіх пераваротах i зменах не пазбавішся ад гэтага зла, бо душа чалавечая застанецца тая ж i будзе ўсё роўна грашыць, дык трэба найперш не штурхаць людзей на мардабой, a выхоўваць у ix Міласэрнасць, Любоў i Дабрыню...
— Дык i ты цяпер супраць рэвалюцыйнасці?
— Амаль. Бо лічу: гвалтам можна змяніць урад, лад, але гвалтам не ашчаслівіш свет i людзей. Як ні выкручвайся, усё роўна прыйдзецца ўжыць насілле. A насілле ёсць насілле, тым больш што яно пасля некаторых рэвалюцый чамусьці бывае вельмі ж жорсткае, з морам крыві...
«Змяніўся Лашковіч,— падумаў Алесь.— Цяжка i зразумець: ён разабраўся ва ўсім, выбраў правільны жыццёвы шлях альбо зусім заблытаўся ў цянётах чалавечых думак?!»
— Дык пакідаеш эсэраў? — запытаў уголас.
— Бадай. Як казаў, у свой час яны зачаравалі мяне. Ідэямі экспрапрыяцыі капіталістычнай уласнасці, дэмакратычнай рэспублікі, васьмігадзіннага рабочага дня, сацыялізацыі зямлі, павышанай стаўкі на сялян. Толькі не падабалася мне іхняя грэблівасць да нацыянальнага. А вось цяпер, калі яны разам з меншавікамі ўзялі ў свае рукі Петраградскі Савет, паставілі на ногі i падперлі Часовы ўрад, я зусім страціў веру ў ix. Яны не робяць, a толькі гавораць пра тое, што дакляроўвалі. Ды i дазваляюць Часоваму ўраду, я табе скажу, не вельмі рэвалюцыйнае... Чытаў апошнія яго пастановы — пра палякаў, пра аграрнае пытанне, пра асобныя адмены вераспавядальных i нацыянальных абмежаванняў?
— Не. Дома я нават не бачыў новых газет.
— Слова пра польскі лёс, я табе скажу, вельмі паказальнае,— сказаў Лашковіч.— Няма куды дзецца, дык Часовы ўрад, а адпаведна i «рэвалюцыянеры» з Петраградскага Савета, у тым ліку i мае «любімцы», адзінадушныя: палякі маюць права мець незалежную дзяржаву. Але даваць незалежнасць не спяшаюцца. Маўляў, няхай на гэта згодзіцца будучы Устаноўчы сход,— і, маючы добрую памяць, зацытаваў: — «Пусть союз наших чувств и сердец предварит будущий союз наших государств». Чуеш: «союз наших чувств и сердец»? Які саюз? У ваўка i ў казы? У таго, хто душыць, i ў таго, каго душаць? Вы, дабрадзеі, спачатку вызваліце ахвяру з драпежніцкіх кіпцюроў, а тады ўжо гаварыце пра саюз! I гэта, брат, сказана пра вялікі, мужны, культурны польскі народ, які стагоддзямі меў сваю дзяржаўнасць. А што тады думаюць пра нас, пра «ветвь»? Ды нічога! Лепш сказаць, на нас па-ранейшаму глядзяць як на сваё ўраджайнае поле, на багаты дзічынаю лес, а на нас, людзей, як на паслухмяных, працавітых парабкаў-карміцеляў...
Лашковіч гаварыў ціха, але гнеўна.
— Ці вось пра зямлю, пра тое, што павінна быць адно з самых важных у гэтай рэвалюцыі,— прадоўжыў.— Нідзе не дзенешся, Часовы ўрад прызнае, што ўжо многія пакаленні вясковых людзей чакаюць зямельнай рэформы, што гэты клопат — клопат усіх дэмакратычных партый. Ён, маўляў, будзе на парадку дня будучага Устаноўчага сходу. Чуеш, зноў чорт ведае што: чакайце, цярпіце — некалі нешта будзе... Нават больш — асцярожна, але пагрозліва перасцераглі: зямельная справа не можа вырашыцца нейкім захопам альбо насіллем, бо гэта ўсё кепскае i небяспечнае ў галіне эканамічных адносін...
— А што можа рашыць той Устаноўчы сход?
— А хто ведае?! Але хітрунам з Часовага ўрада i іхнім апекунам з Савета трэба манеўр, дык вось яны дружна асуджаюць царызм, дакляроўваюць рай, але ствараць яго не спяшаюцца... А пазней, як утаймуюць люд, набяруць сілу, невядома, ці пойдуць на рэформы!.. Мы ж ведаем, як пачыналіся i чым канчаліся многія рэвалюцыі ў Еўропе, у тым ліку Парыжская камуна i наш 1905-ты... Што выйграў просты народ? Ды нічога! Наадварот, набыў яшчэ большае ярмо, яшчэ большыя пакуты...
Як здалося Алесю, Лашковіч меў логіку.
— Праўда, тут, у Мінску, да вёскі пагарнуліся сацыял-дэмакраты,— сказаў Лашковіч.— Учора яны выбралі пад сваёю эгідаю Губеранскі Сялянскі Камітэт, які рашыў 20 красавіка правесці з'езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай i Віленскай губерній. Старшынёй камітэта выбралі начальніка мінскай міліцыі, нейкага Міхайлава. Я табе скажу, што гэта будзе нам косткаю ў горле, бо мы можам аддаць чужому свой сялянскі люд...
— Можа, пра вайну ўжо што-небудзь сказалі? — запытаў Алесь.
— Не. Пра яе маўчаць. Значыць, нейкага павароту не чакай. Як i ў пастанове пра адмену вераспавядальных i нацыянальных абмежаванняў. Часовы ўрад скасаваў толькі забарону на месца жыхарства i перамяшчэння, на заняты рамёсламі, на паступленні на дзяржаўную службу, на вераспавяданне ды дазволіў «употребление иных, кроме русского, языков и наречий в делопроизводстве частных обществ, при преподавании в частных учебных заведениях и при ведении торговых книг». А што гэта значыць? Драбяза! Уяўныя аблёгкі прыватнага характеру! Так што i цяпер трэба патрабаваць ды патрабаваць сваіх правоў! А то i біцца за ix! Насмерць! Таму я, відаць, перайду да вас, грамадоўцаў...
— Але i ў нас не шмат сілы, не такое ўжо моцнае апірышча...
— На жаль, твая праўда,—уздыхнуў Лашковіч.— Зрэшты, многае ўжо ўбачым заўтра. Колькі мінчукоў прыйдзе да Траецкай гары на наша свята гукання вясны, а таксама колькі збярэцца нашых сяброў i прыхільнікаў на з'езд...
2.
Пад поўдзень Муха, Лашковіч i Нямкевіч падышлі да Траецкай гары, дзе мелася адбыцца свята гукання вясны. Як моладзь i дзетвара развітваюцца з зімою ў вёсках, Алесь бачыў, а вось як гэта робяць у горадзе, не ўяўляў — разважлівы, стрыманы горад, здаецца, не схільны да нязмушаных, шчырых народных гульняў.
Калі спусціліся з горкі, мінулі Паліцэйскую вуліцу, наблізіліся да Свіслачы, дык на тым беразе шырокай тут, ужо i без снегу, i без лёду, блакітнай пад высокім ясным небам ракі ўбачылі даволі шмат-людны натоўп. Значыць, вывешаныя загадзя па горадзе афішкі склікалі мінчукоў на веснавое старажытнае, з часоў язычніцтва свята.
— Вось бы цяпер сюды нашых песняроў, Купалу, Коласа альбо Багдановіча! — усклікнуў Лашковіч.— Вось можна было б паэтычным словам абудзіць натоўп, уразіць Мінск, схіліць на наш бок! Ды, чорт пабяры, няма цяпер тут слыннай, шырока папулярнай асобы!
Пайшлі па сухім ужо, гарбатым мосце, па таксама высахлых сходках сышлі на тупкі, па абочыне з ажылай, нават зеленаватай ужо травою бераг. Люд — старыя, моладзь, дзеці — тоўпіўся i каля рэчкі з пясчаным берагам, каля вялізнага полымя, а таксама i па ўзгорках, дзе каля вуліцы стаялі накрытыя абрусамі сталы, а на ix — пузатыя жоўтыя дымныя самавары, ляжалі горкі сухарыкаў i абаранкаў. Маладыя дзяўчаты ў прыгожых народных уборах прадавалі гарбату, белае мучное. Увесь гэты клопат, як ужо ведаў Алесь, узялі на сябе сябры з «Беларускай хаткі».
Воддаль красавалася спрытная складня дроў — каб увечар яе падпаліць, пастаяць каля вогнішча, паглядзець на чароўнае хараство i магічную сілу агню, пакарагодзіць вакол, паскакаць цераз яго, пад'юшчваючыся маладосцю, гарэзнасцю, вясновай радасцю i надзеяй.
Але неўзабаве Лашковіч з сябрамі мусіў пакінуць гэты мінскі куточак. Зусім нечакана на свята заблукала п'яная кампанія (некаторыя з яе былі ў салдацкай форме, толькі без пагонаў) i паспрабавала разагнаць усіх, разбурыць складню дроў. Пыхкi, як порах, Лашковіч адразу ж кінуўся суцішыць п'яніц, завязалася бойка, заявіліся дружыннікі на чале з Клёнавым, затрымалі ўсіх, хто вельмі разгарачыўся, пусціў у ход кулакі.
Сярод дружыннікаў быў i Пятрусь Чорны. Той спадылба зірнуў на Нямкевіча i не павітаўся. Абодва прыкінуліся, што адзін аднаго не ведаюць. Пятрусь чэпка трымаў за рукі i васпаватага п'яніцу, які быў з нажом (з носа яго цякла кроў), i ўзгарачанага Лашковіча. Уміг іншыя дружыннікі абкружылі i ix, Васілевіча, Шуляка, Алеся i тыпа ў шэрым плашчы.
— Хадзем з намі, галубчыкі,— прамовіў ім усім высокі i цемнаваты на твары Клёнаў.
Вакол ix пачаў збірацца натоўп. Загудзеў:
— Надрались, как свиньи!
— У такое свята бойку завялі!