— Знаёмцеся,— Лашковіч павярнуўся да русявага, як i ён, задумлівага хлопца, назваў Алеся.— А гэта, Дзед, твой цёзка, Алесь Нядоля. Мой таварыш па партыі i па Сібіры, паэт.
Алесь Нядоля, падымаючыся i падаючы руку, сарамліва ўсміхнуўся. Можа, i ад таго, што яго гэтак пахвалілі. Хоць, як здавалася Алесю, вершы, надрукаваныя ў свой час у «Нашай ніве» пад подпісам Алеся Нядолі, былі добрыя.
Потым, калі ўжо да стала падсеў i Алесь, гэты Нядоля маўчаў, Муха i Алесь калі-нікалі ўстаўлялі адно-два словы, найчасцей які-небудзь жарт, а верхаводзіў Лашковіч — расказваў штосьці з сібірскага, парадзіраваў новае петраградскае i мінскае, кпіў, сыпаў анекдоты. Пасля, калі Нядоля пайшоў i Антаніна паслала Алесю ды Лашковічу на канапе i яны ляжалі ў цемнаце i ў цяпле, сябрук-сібірак суцішыўся — нібы стаміўся, нібы не мог гарэзаваць з Алесем. Ёсць людзі, з якімі добра весці лёгкую, вясёлую размову, i ёсць тыя, з якімі кепікі, пацешкі не ўдаюцца. Хоць Алесь не быў нудзюн, наадварот, любіў гумар, але не з усімі i не ва ўсіх размовах мог гарэзаваць альбо нават «гуляць».
— Ну што, Алесь, чуваць у нашым баку? — апусціўшы пад канапу акуляры i заклаўшы рукі пад галаву, пацікавіўся Лашковіч.— Я ж толькі другі дзень у Мінску.
— Нічога добрага, Максім, не чуваць,— адказаў Алесь, адкочваючыся да сцяны.— Люд знямогся ад вайны i салдатні.
— Душа рвецца ў Мікалаеўшчыну...— уздыхнуў Лашковіч.— Там жа, як помніш, маці. Адна як перст, без хаты i зямлі.
Алесь крыху ведаў Лашковічавы сямейныя сакрэты. Праўда, калі вучыліся ў семінарыі, той сачыніў пра сябе гісторыю — ён, маўляў, сын афіцэра, героя Крымскай вайны. Як i кожны, не мог хваліцца беднасцю ды прызнацца, што ён, да слова, байстручаня. Але пасля, калі ўжо настаўнічалі i аднойчы сустрэліся, пасядзелі ў рэстаране, дык нібы паспавядаўся. Мабыць, прыходзіць хвіліна, калі патрэшся ў жыцці, штосьці пазнаеш, дык тады ўжо нельга не расказаць хоць каму, нават i незычліўцу, пра свой цяжкі лёс.
— Калі знайду работу, які куток, адразу ж забяру маці да сябе,— сказаў Лашковіч.— Хопіць ёй па чужых людзях туляцца, дзецям азадкі падціраць ды пазіраць на чужыя міскі... Хай хоць перад смерцю адчуе сябе чалавекам, гаспадыняй, адпачне, убачыць, што ёсць сын — яе апора... Выпадковы, нежаданы, няўдалы, але сын...— Уздыхнуў.— Ну, а твае ўсе жывыя-здаровыя?
— Жывыя,— адказаў Алесь.— Але не скажаш, што ўсе шчаслівыя... Ну, а я, бачыш, з табой у Мухі ляжу...
— Здзівіў мяне наш Муха. Які раптам стаў «шчыры», «свядомы»! Ці сапраўды падабрэў душою, ці... Не разбяруся... А Сымон ні кроплі не змяніўся. Пыхкі, як порах, i наіўны, як дзіця...
— Ну, а ты, Максім, як гэтыя гады жыў?
— Я, як кажуць, ліцазрэл сібірскую Расею-матухну, дзяйсцвіцельнасць,— уздыхнуў Лашковіч, наўмысна перасыпаючы сваю мову казённымі словамі.— Знавалi закасцянелых чыноўнікаў, дэспатаў, хапуг, i турэмных душыцеляў, i хцівых купцоў, i просты сярмяжны люд, i летуценнікаў, валацуг, біндзюжнікаў, цынікаў, забойцаў, зладзеяў, i рэвалюцыянераў розных масцей... Бачыў, брат, i паэзію, узнёсласць, i дно, i бруд ды нікчэмнасць... Прайшоў па ўсіх кругах дантавага пекла... Сам не ведаю, як не паў. Не толькі ўтрымаўся, але падвучыў нямецкую ды англійскую мову, авалодаў рускай i польскай, склаў граматыку беларускай...
— А я, лічы, патраціў гэтыя гады марна.
— Ну, не прыбядняйся, Дзед,— не даў яму самазневажацца Лашковіч.— Як сказалі хлопцы, i сам быў малайчына, i ў іншых дух падымаў, i патрэбныя слоўнікі складаў. Гэта — не марнатраўства, a духоўнае інтэлігенцкае жыццё... Іншыя не толькі не варухнулі пальцам, але нават i не думалі пра гэта. Некаторыя i выракліся роднага, i з усіх сіл, з імпэтам тапталі сваё дзеля кар'еры. Усселіся народу на карак i смокчуць з яго кроў, як п'яўкі. Усе іхнія думкі толькі пра свой жывот, усе інтарэсы — найперш страўнікавыя... Мусіць, нідзе няма столькі гэткіх інтэлігентаў-пустацветаў, вырадкаў, як у нас.
— Ты па-ранейшаму з эсэрамі? — запытаў Алесь.
— Не ведаю, Дзед...— прамовіў той. Замаўчаў, падумаў ці, можа, шукаў патрэбныя словы.— Як у свой час пацягнула да ix, так цяпер адварочвае. I не толькі ад эсэраў...
— Што — так? — здзівіўся Алесь.
— Як казаў, многа чаго ліцазрэл. У тым ліку i ўсю ссыльную брацію. Як убачыў, сярод яе ёсць сапраўдныя шчырыя, сумленныя, высакародныя людзі, але ўсе іхнія высокія парыванні — лухта. Яны не ведаюць, што ix толькі спажываюць. Тыя, хто таксама лічыцца перадавым, прыгожа i пафасна вяшчае, але крывадушнічае i маніць, дабіваецца толькі сваёй карыслівай мэты — улады. I ўлады глабальнай. Павер мне, вельмі складаная гэта з'ява — удзельнікі розных тайных гурткоў... Часам усё гэта — масонскія штучкі-дручкі...
— Ты сустракаўся i з гэтымі?
— З імі i ты сустракаўся! Але паспрабуй пазнай ты яго — патайнога, з выгляду шчырага, добрага, а на справе двудушнага i злога. Ён, бывае, пяе пра ўсеагульнае шчасце, як салавей, ды віжуе, як ты слухаеш, што думаеш i робіш. Прыдатны — паспрабуе завабіць да сябе, нязручны — махне на цябе рукою альбо будзе хітра трэціраваць. Сам жулік, падлюга, але якраз цябе зняславіць, сябе падасць як гуманіста, як барацьбіта за народнае шчасце...
— Дык у чым ты расчараваўся?
— Я доўга, браце, лічыў: тайна светастварэння, жыцця, роду людскога, яго мэт не разгаданая, але ў кожным пакаленні разумныя людзі стараліся шчыра пазнаць усё — растлумачыць, ацаніць, перайначыць, як кажуць, «для чалавечага шчасця». Але цяпер я ведаю: здаўна былі i хітруны. Яны яшчэ ў сівую даўніну зразумелі: чалавек ёсць чалавек, ён i яго справа смяротныя. А вось бог i яго справа — вечныя. Мудрацы не маглі аб'явіць сябе багамі, але яны аб'явілі сябе богавымі любімымі дзецьмі... Адпаведна, сабе прысвоілі богаву місію. Місію панавання над светам. Так з'явілася старая Біблія. Калі ж ім ці не верылі, ці не слухалі ix, заявіўся Хрыстос з новаю Бібліяю: раз не ўдаецца ўпарадкаваць свет аднаму народу — давайце ўпарадкоўваць яго ўсе разам, але з адным богам у сэрцы... Пасля пайшлі філосафы, эканамісты. Яны ці то развівалі Хрыстова вучэнне, то разбівалі яго... Яны, лічу я, наўмысна вылучылі процьму філасофскіх думак, канцэпцый, ідэй, у тым ліку i вельмі прывабных, каб не памагчы, а яшчэ болей заблытаць цябе... Каб ты сноўдаўся ў пошуках ісціны ў загарадцы, раз за разам утыкаўся ў кут i не бачыў ніякага выйсця, расчароўваўся ва ўсім, апускаў рукі. Якраз такі ты, спакутаваны, хітрым i трэба. Каб зрабіць цябе авечкаю ў статку. A калі не траціш надзеі, шукаеш ісціну, замінаеш, дык цябе могуць зганьбіць, растаптаць... I больш. Хітрыя i двудушныя дзеля сваіх тайных амбітных мэт гатовы не толькі апустошваць людскія душы, але i загадваць свае ідэі, праліць мора крыві...
Алесь нічога не прамовіў, адчуваў: сапраўды, Лашковіч шмат у чым зняверыўся.
— Ну i да чаго ты дадумаўся? — запытаў пасля.
— Амаль ва ўсіх гэтых «філосафаў», «ловцов душ» глабальныя мэты! А на чорта мне, сыну невялікага народа, сусветны апетыт? Нам увесь свет не трэба. Нам трэба, каб кожны чалавек на свеце, наш у тым ліку, меў волю, добры кавал зямлі, хату, права на роднае слова, на сваю душу, на сваю дзяржаву, урэшце! Я не хачу ўсё гэта кроўнае, але на мове «барацьбітоў за ўсеагульнае», маўляў, «малое i вузкае», размываць у сваім народзе i прапаведаваць «вялікае», але згубнае.
— Дык ты, як могуць сказаць твае праціўнікі, «скаціўся да ліберальнага народніцтва»?!
— Падняўся, Алесь. Бо, як справядліва пісаў Дастаеўскі ў «Дзённіку пісьменніка», наш паратунак — не ў самааплёўванні, a ў самапавазе. Самазнявага — тая ўмова, пры якой лёгка збэсціць, заняволіць, а то i разбурыць любы народ.
— Як кажуць, «былы рэвалюцыянер стаў кансерватарам, а то нават i рэакцыянерам»! — пажартаваў Алесь.
— А, да слова, Дастаеўскі не адмовіўся ад многіх сваіх юнацкіх ідэй? Дык што з ім выйшла: ён памыліўся ці, наадварот, знайшоў сябе?
— Некаторыя з тых, хто сядзеў разам са мною, папракалі яго за адыход ад сацыялістычных ідэй, за непрыняцце рэвалюцыйнага шляху...