— Будзь шчаслівая i ты. Якраз ты вартая шчасця i любові...
— Дзякую, Саша,— сумна ўсміхнулася.— Даруй,— i пайшла да сваёй брамы.
Сухарукаў прыплюшчыў маленькія, падпухлыя вочы i варожа агледзеў яго. Алесь, не павітаўшыся, таксама адарыўшы суперніка-пераможцу няласкавым позіркам, мінуў Сяргеенкаў вялізны дом, адчуваючы, што траціць не толькі Кацярыну, якую кахае гэтулькі ўжо гадоў, але i штосьці вельмі дарагое i святое ў сваёй душы —сёння ён развітваўся не толькі з ёю i сваёй доўгай вернасцю да яе, але сёння разам з гэтым развітаннем ён пакінуў за сабою маладосць, можа, i сваю мару пра сям'ю i ціхае сямейнае шчасце, ступіў на іншую, невядомую яму, сцяжыну. Можа, усё было ці будзе іначай, хто загадзя нешта можа ўведаць, але цяпер крочыў паныла, угнуўшы галаву. Не вясёлы набытак — пацярпець паражэнне ў асабістым жыцці. Не ўбачыў, што насустрач ідзе чалавек. Ужо зусім блізка пачуў толькі ветлівы дзявочы галасок:
— Дзяньдобры!
Схамянуўся, рэзка падняў галаву, не то збянтэжана, не то сарамліва ўсміхнуўся: віталася з ім Волька Чорная, Сцяпанава дачка. Глядзі ты, не худое, нязграбнае дзяўчо-падлетак, якім было да яго суда i арышту, a ўжо стройная, вылюднелая паненка-цыганачка. Не скажаш, што красуня (не зусім спрытны яе прыплюснуты да верхняй губы нос), але i валёначкі, i кароценькі чырвоны, шчодра нацёрты цэглаю кажушок, яркая квяцістая хустка добра падкрэсліваюць зграбнасць яе постаці i ўжо не зялёную, а паспелую маладосць.
— Добры дзень,— схіліў галаву. Не смяльчак, не ўрвіцель, але іншым разам, можа, прытрымаў бы, сказаў бы які-небудзь камплімент чарняўцы, але цяпер не мог саўладаць з сабою, дык i мінуў яе не затрымаўшы. Толькі міжволі падумаў: усё ж прыгожыя i ладныя ў Янкавінах дзяўчаты, няма ніякай патрэбы жаночую красу шукаць за гарамі ды за морам. А заадно па-мужчынску пашкадаваў, пазайздросціў: пэўна ж, нехта тутэйшы альбо са спрытнюг-салдатаў агледзеў ужо i гэтую Вольку, квапіцца, дабіваецца яе ўзаемнасці i, можа, даб'ецца, будзе цешыцца дзявочаю маладосцю...
7.
У пятніцу, перад благавешчаннем, Алесь які ўжо раз за сваё жыццё зноў пакінуў родны дом.
Як ні адгаворваў, бацька i маці не толькі памаглі сабрацца ў дарогу, змусілі падсілкавацца, але i праводзілі аж за вёску. Змусіў запыніцца толькі аж за рэчкаю, за дашчаным мостам, дзе стаіць слупок з назваю вёскі i з указаннем, колькі ў ёй двароў. (Казалі, якраз перад гэтым слупом некалі стаў на калені, абняў яго рукамі п'яны Міхайла Чорны, ледзь прыпоўзшы ў познюю асеннюю слоту з дзераўнянскай карчмы, захліпаў: «Здраўствуй, радная дзеравенька!»)
Сталі ўсе разам. У ранішнім сутонні, у густым тумане, што за апошнія дні быў вельмі часта i з'еў амаль увесь снег, нарабіў вады — ужо, як i трэба, учора прыляцелі буслы, прыняслі на сваіх крыллях цяпло, новую надзею на новае вясновае абнаўленне. Алесь цёпла зірнуў на прыгорбленыя постаці бацькоў, i сэрца яго аблілося нейкаю незразумелаю гарачынёю.
— Ідзіце, тата i мама, дадому,-— папрасіў. Падбадзёрыў: — Не перажывайце. Не прападу.
— Хоць i кажуць, што цяпер свабода, але надта не лезь на ражон, сынок,— папрасіла маці.— Свабода свабодаю, a ўсякіх злыдняў сяроўна многа... Ды яшчэ там, у горадзе!
— Не нам яго, маці, вучыць,— прамовіў бацька.— Сам ужо ведаць павінен, што можна, а што няможна. Куды трэба ступіць, а дзе варта i паасцерагацца...
— Сяроўна...— баялася за гэты новы яго паход у горад маці.— Хто ў паліціку падаецца, той як па кладачцы ідзе...
— Такая яго ўжо доля маці...— уздыхнуў бацька.— Мусіць, нарадзіўся ўжо на гэта i жыве для гэтага...— Гаворачы такое, здаецца, бласлаўляў яго на новыя цяжкасці, пераканаўшыся ўжо, што ён не шукае лёгкага i сытнага жыцця.— Але, можа, маці i праўду кажа. Паасцерагайся, Алесь, лішне не вытыркайся. Цяпер многа гавэнды пра рай на зямлі, але пакуль што на ёй — пекла... Дык злажыць гарачую галаву легка...
— Я ж не на смерць іду, тата i мама,— пажартаваў.— Як i ўсё, жыць хачу.
— Дык i мы пра гэта ж кажам з маці,— падхапіў яго думку бацька.— Дабівайцеся свайго, але шануйся. Знайдзі якую добрую работу, потым, можа, жаніся i жыві, як жывуць добрыя людзі...
— Мы вот пагаварылі з бацькам i рашылі,— загаварыла пра патаемнае маці,— Гіполь, калі вернецца з Амэрыкі, няхай адразу ставіць сабе хату з нашага лесу, Кастуся будзе з намі, а Янку трэба добра пасватаць i аддзяліць... Здаецца, перагарэў ужо да Зосі. Ды як не перагарэць? Тая сям'ю мае, другім дзіцем ходзіць... Праўда, ён пра Анельку нават слухаць не хоча, дык, можа, на вялікдзень у Пруды звозім у сваты...
— Вяселле можна i ўвосень зрабіць,— дадаў да жончыных слоў бацька. Тое, пра што напраўду думалі-перадумалі ўжо.— Калі на свеце ўсё абляжацца, калі новы хлеб будзе.
— Ды глядзіце ўжо самі...— сказаў ён, разумеючы, што бацькі разважаюць, на першы погляд, вельмі ж цвяроза, нават жорстка, але на самай справе па-гаспадарску.
— Пішы нам, сыночак,— папрасіла маці.— Каб мы ведалі, што там у цябе...
Пасля, ужо на паваротцы на дзераўнянскую дарогу, яна, перажагнаўшы яго, заплакала. Можа, i баючыся яго новай дарогі, новай долі. Бацька быў нібы спакайнейшы, яго мужчынскае, не такое чуллівае, як у жонкі, сэрца ўжо, мусіць, як зноў падумаў Алесь, змірылася, што яму, сыну, наканаваны новыя выпрабаванні.
Адышоўшыся, Алесь азірнуўся: здалося, у сутонні ўсё яшчэ цямнеліся дзве кропкі. Ён з хвіліну пастаяў, адчуваючы, як журботна сціскаецца сэрца, а пасля рашуча закрочыў далей, бо наперадзе быў доўгі шлях.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
1.
У Мухавым кабінеце Алеся чакала прыемная неспадзяванка: тут ён убачыў Лашковіча — калегу па настаўніцкай семінарыі, які за эсэраўскі тэрарызм, у тым ліку i за замах на жыццё мінскага паліцмайстра, адбываў катаргу ў Сібіры.
Разам з мажнай, санавітай Антанінай, лысаватым ды поўненькім, быццам гарбуз, лагодным, разамлелым ад гарэлкі Мухам ды з худым, але ўзмужнелым, нават валявым Лашковічам сядзеў за багата ўстаўленым сталом i яшчэ адзін мужчына — малады, гадоў за дваццаць пяць, шчуплаваты і, мабыць, спакойны, нават ціхі.
— О, каго мы бачым! — усклікнуў Лашковіч, пагладзіў свой рэдзенькі русявы вожык замест былой шавялюры, паправіў акуляры з тоўстымі шкельцамі.— Дзед!
Падхапіўся i, маючы мядзведжую сілу, ашчаперыў Алеся, сціснуў, што ў яго аж хруснулі косці.— Здароў, Дзед, каб цябе качкі стапталі!—Адхіліў, зірнуў у вочы сваімі блакітнымі вачыма.— Э-э, які худы! На такім смачным беларускім сале ды такой цудадзейнай нашай бульбіцы!
Алесь вытрываў яго такі агрэсіўны напад, радуючыся, што бачыць сябра — дзівака з дзівакоў. Мудрага, разумнага, як Муха, гарачага, дзёрзкага, як Васілевіч, разважлівага, уладнага, як Шуляк, пацешніка i жартуна, як Скураны, задумлівага i сумнаватага, як ён, Алесь,— адным словам, у Лашковічавым характары сабралася самае рознае i зменлівае, ад чаго Лашковіч ніколі не быў аднабокі, a заўсёды — не прадбачаны. Да ўсяго гэтага ён хораша спявае, малюе, іграе на баяне, начытаны, мае добрую схільнасць да вывучэння замежных моў. Мае, праўда, i, па-руску кажучы, «дурные увлечения, страсти» — захапляецца карцёжнымі гульнямі, нястрыманы, a ў запале ды «падмухаю» можа, як ён кажа, «даць i ў лыч».