— А ты хто?
— Вайсковец ці не?
— Я, грамадзяне, начальнік мінскай міліцыі, член Мінскага Савета i камітэта Заходняга фронту, а цяпер яшчэ i адзін з адказных за падаўленне карнілаўскага мяцяжу...
— Прозвішча?
— Міхайлаў.
— A! Чулі!
— Бальшавік i нямецкі шпіён!
— Сябры! — Фрунзе падняў руку, папрасіў увагі.— Калі мы будзем гарлапаніць усе разам, то мы адзін аднаго не пачуем, наробім глупства. Дазвольце мне сказаць вам пару слоў, патлумачыць, што цяпер дзеецца. Я скажу шчыра: вайна змучыла вас, салдат, абяскровіла народ. Нам патрэбен мір, воля, праца. Мы, бальшавікі, цяпер адмовіліся ад лозунга «Уся ўлада Саветам», бо лідэры Петраградскага Савета аддалі ўладу буржуазіі, вайны не запынілі, зямлі сялянам не далі. Але мы не адмовіліся ад ідэі пераўтварыць Саветы ў сапраўды народныя органы ўлады. Нават больш — мы гатовыя да таго, каб мы не былі пры ўладзе, але каб яна была ў руках Саветаў. Ды калі ў гэты цяжкі час вы, грамадзяне салдаты i афіцэры, рынецеся са штыкамі на Петраград, пераб'яце рэвалюцыйныя сілы i прыведзяце да ўлады Карнілава i яго сяброў кадэтаў, то вы самі ж загубіце сваю светлую будучыню. Вашыя дзеці, унукі ніколі не даруюць вам за гвалт, праклянуць вас...— Фрунзе зняў фуражку, выцер насоўкаю ўспацелы лоб.— Генерал Карнілаў подла аддаў немцам Рыгу, каб абвінаваціць нас, бальшавікоў, за тое, што мы разбэсцілі армію, i каб развязаць сабе рукі. Ён паслаў на Петраград 3-ці конны корпус генерала Крымава, у тым ліку «дзікую дывізію» з каўказскіх горцаў. У Петраградзе народ утварыў Чырвоную гвардыю, каб абараніць рэвалюцыю. ЦК нашай партыі просіць нас, рэвалюцыянераў, вас, салдат, каб мы ізалявалі Стаўку, штаб Заходняга фронту i не пусцілі пагромную сілу на Петраград i Маскву, дзе яе чакае рэакцыя. Сёння на пасяджэнні Выканкома Мінскага Савета i камітэта Заходняга фронту мы ўтварылі Часовы рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту i бяром уладу на Заходнім фронце ў свае рукі. Нашы таварышы ў гэтыя хвіліны вядуць перамовы з вашым братам салдатам у Гомелі, Віцебску, Жлобіне, Оршы, Бабруйску, расказваюць праўду, i, як мы маем ужо звесткі, многія батальёны, часці цалкам адмаўляюцца быць карнікамі. Адмаўляйцеся i вы, грамадзяне, тапіць у крыві свой народ. Вяртайцеся на свае пазіцыі, абараняйце Айчыну, няхай вашы душы i рукі будуць чыстыя. А заадно не змушайце нас, мінскую Чырвоную гвардыю, ужыць супраць вас зброю, праліць кроў...
Дзіва: шматтысячны натоўп загудзеў, заварушыўся, пачаў гыркаць на «афіцэраў-абманшчыкаў» i сапраўды паволі вяртацца ў вагоны — i неўзабаве сонечны, усыпаны недакуркамі перон апусцеў. На ім засталіся толькі Фрунзе i міліцыянеры, салдаты з чырвонымі павязкамі, а таксама два пажылыя генералы i пяць маладых афіцэраў.
— Гнюсны балбатун! — тыцнуў тоўстым пальцам на Фрунзе маленькі сівы генерал.— Вы, вы разбэсцілі i армію, i Расію!
Фрунзе, схмурыўшыся (відаць, быў стомлены), на міг адрачона зірнуў на крыклівага ваяку, а пасля махнуў рукою сваёй ахове:
— Арыштаваць! Усіх!
Міліцыянеры i салдаты кінуліся да генералаў i афіцэраў (а некаторыя з ix ужо выхоплівалі пісталеты), a ў гэты час самы блізкі цягнік крануўся і, пыхкаючы клубамі дыму, папоўз не на ўсход, а на захад, да акопаў, i з праёмаў дзвярэй ды з падножак вагонаў салдаты махалі рукамі, абсвіствалі сваё вышэйшае начальства, якому ўжо закручвалі рукі...
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
1.
З хронікі за верасень — кастрычнік 1917 года
Адышло-праляцела спякотнае i ў прыродзе, i ў палітыцы лета, прамільгнуў скупейшы на святло i цяпло, але лагодны верасень, парадавала душу развітальнае пяшчотнае бабіна лета, i пачынаў ужо адчувацца залацісты i ў той жа час пахмурны, дажджлівы лістапад.
Вёскі, як i трэба, справілі ўжо i вялікія дажынкі, пачалі збірацца малаціць, бо i ў гэтую восень ix прыспешвалі «патрэбы фронту». Мінск нібы жыў сваім жыццём, працаваў на «абарону», але ў ім крок за крокам акопваліся бальшавікі. Хоць у канцы жніўня з горада выехаў Любімаў, на пачатку кастрычніка — Фрунзе, ды трывала ўзвысіліся Ландар і Мяснікоў. Першы стаў старшынёю Выканкома Мінскага Савета (дзе большая палова была з бальшавікоў), a другі — старшынёю Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РСДРП (б). Бальшавікі не толькi мелі тут сваю ваенную абапірку, але нават падакляравалі петраградскім таварышам прыслаць на помач рэвалюцыйны корпус з армій Заходняга фронту.
Сусветная вайна доўжылася — і ёй не было відаць канца. З Петраграда кожны дзень прыходзілі толькі неспакойныя весткі.
Спачатку, калі ўціхамірылі генерала Карнілава i прыбралі яго з вачэй, пайшла па Мінску пагалоска: вось цяпер возьмуць уладу Саветы. Але Петраградскі Савет зноў саступіў руль. Стаўшы Вярхоўным галоўнакамандуючым, узначаліўшы Дырэкторыю (Савет пяці), над былой Расійскай імперыяй узвысіўся фанабэрысты Керанскі. Пасля, калі перавыбралі Петраградскі Савет i там рэй павялі бальшавікі, усе адчулі: не, Керанскі не запануе. Будзе рашучая сутычка. Керанскага з бальшавікамі.
Мусіць, усю Расію ашаламіла 18 кастрычніка. У гэты дзень газета «Новая жизнь» апублікавала заметку «Ю. Каменев о «выступлении», дзе член ЦК РСДРП (б) рассакрэціў намеры сваёй партыі i нібы перасцярог усіх: абараняйцеся, бальшавікі бяруцца за зброю! Гэтая заява Каменева ад свайго імя i імя Зіноўева нават тут, у Мінску, як кажуць, падліла масла ў агонь: адны рэзка засімпатызавалі бальшавікам, спадзеючыся, што тыя запыняць вайну, голад i разруху (да слова, за тры кастрычніцкія тыдні бальшавіцкая арганізацыя ў Мінску i на Заходнім фронце ўзрасла ў шэсць разоў), іншыя, наадварот, рэзка залямантавалі: бальшавікі «загубяць Расію!». Гэтыя аж пляскалі ў ладкі Керанскаму, калі той 24 кастрычніка заявіў у Прадпарламенце: «Временное правительство и я предпочитаем быть убитыми и уничтоженными, но жизнь, честь и независимость государства мы не предадим!»
Галава расійскай дзяржавы языкачосіў, хваліўся i пагражаў, але якраз у гэты ж дзень усё ў Петраградзе пачало мяняцца на вачах...
2.
Алесю Нямкевічу, як i раней, весткі з дому прыходзілі рэдка — адзін раз у месяц, не часцей. Падавала ix Кастуся, звычайна расказваючы гаспадарскія навіны (пра тое, што ўжо зжалі авёс, ячмень альбо выбралі бульбу), а таксама дадаючы да гэтага i вясковыя чуткі. Але вось цяпер, за тыдзень, Алесь атрымаў адзін за адным аж два лісты з дому. У першым Кастуся пісала, што іхняга Янку па-сваталі да Гарбацэвічавай Анелькі. Тут жа, пры сватанні, былі i запоіны. Дамовіліся, што Гарбацэвіч дасць у пасаг Анельцы восем дзесяцін ворнай зямлі, па тры дзесяціны лесу i лугу, каня, карову, а таксама страявога дрэва са свайго старога лесу маладым на хату. «Тата i мама надта радыя,— апавядала яму сястра,— а вот сам Янак не ўсцешаны». Вяселле, як i трэба, дамовіліся зрабіць да піліпаўскага паста, у канцы першага тыдня лістапада. У другім лісце Кастуся спяшалася даць яму вестку, што вярнуўся з Амерыкі іхні Гіполь. «Ён,— пісала яна,— надта не зарабіў, але вярнуўся злы, уцягнуўся там да гарэлкі. Вярнуў у хату Ядзю, але без дзіцяці, б'е яе...»
Алесеву задумлівасць перапыніў тэлефон. Трубку падняў Максім i доўга моўчкі слухаў.
— А што здарылася, не ведаеш? — пасля запытаў. Калі паклаў трубку, сказаў:— Званіў Сымон. З сённяшняга дня нашу газету будзе чытаць цэнзар з Мінскага Савета...
Алесь здзівіўся: што — зноў вяртаецца забарона на думкі, на слова? Ды ад каго? Ад тых, хто дагэтуль столькі гаварыў пра волю?
— Не, гэта не проста так...— пахітаў галавою Лашковіч.— Нешта здарылася ў Петраградзе...— А пасля запытаў нібы сам у сябе:— Хто на каго пайшоў? Хто каго ломіць?
Алесь склаў паперы з калонкамі лічбаў у папку, схаваў яе ў шуфляду. Душой адчуў: так, нешта новае выбухнула ў сталіцы. Па-першае, сёння адтуль не было свежых газет, па-другое, раніцай гаварылі, што ўночы, баючыся падзей у Петраградзе, Мінск абкружыла каўказская дывізія.
Неўзабаве яны выйшлі з магістрата. На выхадзе ўбачылі двух вайскоўцаў з прымкнёнымі штыкамі. Праўда, тыя ix не зачапілі, стаялі непарушныя.