— Toe, што вы, э-э, адвярнуліся ад мяне i маіх сяброў, што пераўтварылі наш камітэт у Раду i палічылі яе «грамадскім i кіруючым органам усяго беларускага нацыянальнага руху», «дзяржаўна-палітычнай арганізацыяй» — не вялікая, э-э, перамога,— зноў напаў Скураны.— Як невядома, ці што дасць тое, што вы шукаеце саюзу з меншавікамі i эсэрамі...
Пасля ён таксама прайшоў крыху моўчкі, супакойваючыся.
— Хоць вы i няўдзячныя, э-э, свінчукі,— затым зноў загаварыў,— але душа мая не змянілася. Баліць за справу. Дык параю: шукайма саюзу з Доўбар-Мусніцкім. Яго корпус — усё ж не малая сіла. Па-другое, Іосіф Раманавіч спачувае нам. Па-трэцяе, сам шукае саюзнікаў. З ім мы можам таго-сяго дабіцца i для сябе.
Калі Скураны надаваў «мудрых парад», на якія сам дагэтуль не зважаў, i адышоўся (за ім услед шмыгнуў i Муха), Лашковіч ухмыльнуўся:
— Пакрыўдзіўся дзед на нас, няўдзячных...
— ...халопаў...—дадаў Васілевіч.
— Ну, а ты, зямляча, чаго ўсё маўчыш? — нечакана прытуліў Лашковіч да сябе Нямкевіча.— I не замінаеш, i не вытыркаешся. Усё маўчыш i маўчыш. Ці то плывеш па цячэнні, ці то расчараваўся ва ўсім, не супраць ужо адысці ад палітыкі, ажаніцца i працаваць у школе...
— Затое вы ўсе гаворыце, крычыце шмат...— усміхнуўся той.
— Што праўда, то праўда,— уздыхнуў Лашковіч.— Сапраўды, балбочам, як індыкі, дыскутуем з-за кожнай дробязі, а справы кот наплакаў... Ці гэта ўжо інтэлігенцкая планіда: ты вяшчай, а на цябе ніхто не зважае!..
— Каб жа толькі не слухалі! A i б'юць! Пад дых! — змрочна прамовіў Шуляк.— А той, хто кіруе, рабіў i робіць сваё...
— Няўжо ніколі тыя, хто цяпер глухі, не спахопяцца? — запытаў Васілевіч.
— Можа, i спахопяцца...— прамовіў Лашковіч,— Ды вельмі позна. Альбо не ў зусім спрыяльны час...
«Сапраўды,— падумаў Алесь Нямкевіч,— мы процьму трацім моўнай энергіі, угаворваем сябе i іншых рабіць тое i тое, спрачаемся паміж сабой i з тымі, хто нас не прымае, a нічога не мяняецца. Здаецца, Часовы ўрад, які цяпер умацаваўся, не развівае рэвалюцыю, а глушыць яе».
— Ну, пра што думаеш? — страсянуў яго Лашковіч.
— Пра рэакцыю...
— Маеш рацыю, Дзед,— згадзіўся Лашковіч.—
Чуецца яе пагрозны подых... А мы... Нічога не можам ёй супрацьпаставіць...
— А жыццё да нас неміласэрнае...— уздыхнуў Васілевіч.—Хіба для нас не знішчальны яго ўдар, што вырвала з нашых шэрагаў Максіма Багдановіча.
Пра смерць паэта яны даведаліся нядаўна i былі азмрочаныя да глыбіні душы.
— Нейкі, хлопцы, жудасны трагізм паўзе за намі...— уздыхнуў Лашковіч.— Светлыя нашы галовы, таленты гінуць, паміраюць зусім маладыя, у самым росквіце...
3.
Мяснікоў праводзіў Фрунзе i Соню на вакзал.
Фрунзе, гарэзуючы i жартуючы, развітаўся ў Савеце, у міліцыі, з даўнімі сябрамі i новымі знаёмымі, але цяпер крочыў з чамаданам па Петраградскай вуліцы задуменны. Па-першае, сумнавата было развітвацца з Мінскам, а па-другое, не было радасці ад цяперашніх петраградскіх падзей.
Рэвалюцыя там не толькі не доўжыцца, але марнее, чэзне — на змену старой тыраніі ідзе новая. Яны, бальшавікі, зноў мусяць пайсці ў падполле, а меншавіцкія i эсэраўскія лідэры сталі на калені перад дужымі свету гэтага. Гэта ж жах, што 14 ліпеня пад звонавы покліч хавалі не ахвяр мірнага шэсця супраць Часовага ўрада, а — казакоў, што злажылі галовы, разганяючы люд, жах, калі побач з крывавым атаманам Дутавым ішоў з апушчанаю галавою «сацыяліст» Цэрэтэлі. А тое, што Часовы ўрад зноў увёў на фронце смяротную кару, што назначыў Вярхоўным галоўнакамандуючым жорсткага Карнілава, што забараніў сходы i з'езды, што зноў прыхіліў да сябе кадэтаў — усё гэта мала сказаць трывожыць...
Не хацелася пакідаць Мінск яшчэ i таму, што тут яны, бальшавікі, нямала чаго дабіліся i цяпер, пры адзінаўладдзі, могуць працаваць легальна. Да слова, вось ваўсю нараўне з іншымі партыямі вядуць перадвыбарчую кампанію ў гарадскую думу. Ва ўсіх гэтых удачах, канечне, ёсць i яго доля турбот.
Праўда, i ў Мінску не прыйдзецца спачываць на лаўрах бальшавікам. I не толькі з-за рэакцыйнасці Часовага ўрада, але i з-за тутэйшай перагрупіроўкі сіл. Да слова, трэба трымаць вуха востра з эсэрамі, якія нядаўна на другім сялянскім з'ездзе Мінскай i Віленскай губерній не толькі павялі рэй, але i захапілі ўладу ў губерайскім Выканкоме, а таксама трэба болей асцерагацца i Цэнтральнай рады.
Як яму сказалі перад самым ад'ездам, сёння закончылася першая сесія гэтай Рады. Хоць i сёння гучала ўсё тая слязлівая песня пра няшчасную долю, былі галасы за краявую аўтаномію, але сёння радцы зрабілі i хітры ход: яны падакляравалі перадаць зямлю сялянам бясплатна. Ды i ўражвае, што на сесіі засядалі пасланцы 23 партый i суполак, якія апаясваюць каля 25 тысяч чалавек. А гэта — ужо сіла. I не малая. I рана-позна яна можа рашуча пайсці i наступаць... Гавораць, нават Несцераў, цяперашні старшыня губеранскага сялянскага Выканкома, не на жарт перапужаўся, баючыся, што сяляне могуць пайсці за Лашковічам.
Адыходзячыся, Фрунзе азірнуўся. Хацеў добра запомніць будынак Савета, дзе ён, як кажуць, дняваў i начаваў. Зморшчыўся — ад гарачыні, а можа, i не толькі ад жнівеньскай спёкі.
— Што апусціў голаў, сокал? — штурхнуў локцем Мяснікоў.
— Не хочацца пакідаць Мінск. Усё ж меў я тут нямала ўдач.