— Не веру я бальшавікам! Яны столькі чакалі свайго часу не для таго, каб вось гэтак легка адступіць!
— A ці так ужо, э-э, шмат ідзе за імі, Іосіф Раманавіч?—ухмыльнуўся Скураны.— Можа, мы перабольшваем іхні ўплыў, іхнюю моц? Ці не самі наганяем на сябе страх?
— Усё роўна трэба было падсекчы ix пад корань...
— Не тыя цяпер часы, э-э, каб сячы з-за пляча, Іосіф Раманавіч! — зморшчыўся Скураны.— Паднімі, узмахні толькі дубінаю — дык такі можа лямант пачацца, што дзесятаму закажаш...
...Пад самы вечар, калі праехаўся са Скураным i пабыў у яго дома, пагаварыў, што ім i як рабіць далей, Лашковіч вяртаўся дахаты.
Ідучы паўз Саборную плошчу, убачыў: яна паступова пусцее, ачышчаецца ад гармат, кулямётаў i конніцы; кавалерыйскія i казацкія часці выводзяцца з вуліцы i хаваюцца па дварах; а затым згледзеў, што савецкія каравулы пакідаюць пасты, што дагэтуль ахоўвалі, i сцягваюцца ў свае баракі перад Саветам на Каломенскай вуліцы, замест ix становяцца казакі.
На Каломенскай вуліцы нечакана нос у нос сутыкнуўся з Мясніковым — той поплеч з цывільным, здаецца, Ландарам, паперадзе трох узброеных чыгуначнікаў, унурыўшыся, шпарка крочыў ад вакзала насустрач — можа, i да Савета. Спачатку зірнуў, не пазважаў — можа, i не пазнаў у такую часіну, а пасля, мінуўшы, нібы апамятаўся.
— А, «друг»!
Меў на ўвазе, што ён непрыяцель i Фрунзе, i яго.
Лашковіч запыніўся.
— Ну што — рады? — не вымаючы рук з кішэняў, падышоў, ухмыльнуўся Мяснікоў.— Святкуеце «поспех»?
— Што — яшчэ? — задзірыста адказаў i ён.
— Што больш трэба? З усёй дрэнню знюхаліся!
Лашковіч змаўчаў. Адчуў: Мяснікоў калі не разгублены, то вельмі абураны. Канечне ж, хацеў большага, чым выйшла сёння.
— А за што вы, уласна, папракаеце? — не сумеўся, a напаў Лашковіч.— Вы нас да сябе не клікалі i не клічаце. Наадварот, як можаце глуміце. Вашы палітычныя супернікі паклікалі — я пайшоў.
— Не мелі вялікай спагады ад Фрунзе — удвайне не будзеце мець ад нас! — рэзка адказаў Мяснікоў.— Ён быў абавязаны вам, дык часамі цацкаўся, цярпеў вашы выбрыкі, а я вам не абавязаны i не друг. Дык быў i буду рашуча супраць вашай валтузні...
— А вы не валтузіцеся?
— Не, «друг». Мы дбаем не толькі пра сябе. Мы клапоцімся пра ўсіхны дабрабыт.
— Тое, што ты, міл-чалавек, кажаш, гучыць прыгожа,— прамовіў Лашковіч,— Але я, стрэлены ўжо верабей, больш веру Дастаеўскаму. Ён у свой час сказаў прыкладна такое: хто вельмі любіць чалавецтва ўвогуле, той найчасцей не здольны любіць чалавека ў асобку. А вы...
— А мы даказваем іншае...— перапыніў яго Мяснікоў.
— Паслухайце, Лашковіч,— уступіў у гамонку Ландар.— Няўжо не бачыце: вас уцягваюць у балота? Супраць рэвалюцыі, міру i перамен? Думаеце, калі гэтыя рэтраграды перамогуць, яны ўважаць вашыя інтарэсы?
— Не ведаю,— адказаў Лашковіч.— Але, кажу, яны паклікалі ў свой урад.
— Загульваюць,— сказаў Ландар.
— А вы? — рэзка запытаў ён.
— Мы, паўторым, інтэрнацыяналісты,— спакойна гаварыў Ландар.— Мы ўсечалавечыя задачы ставім вышэй за асабістыя.
— А мне здаецца, што вы, выліваючы з ночваў ваду, выкідваеце i дзіця...— не здаваўся Лашковіч.— Вылучаючы ўсечалавечае, вы залішне грэбуеце нацыянальным. A паўнакроўнае ўсечалавечае не можа быць само па сабе, яно павінна вырасці на развітым нацыянальным. Ды вы, бачу, яго лічыце чымсьці пабочным, лішнім, вартым знішчэння... А дарэмна: зліўшы ў адно мовы, культуры, вы зліеце i розумы... Ці гэта вам якраз i трэба?
— Не трэба так перабольшваць, таварыш Лашковіч,— нібы пакрыўдзіўся Ландар.— Мы гаворым пра іншае...
— Дзе яму, адналюбу, такое зразумець! — махнуў рукою Мяснікоў.— Ён далей свайго носа не бачыць і не хоча бачыць... Ён сёння быў не супраць патапіць нас у крыві...
Усё ж цяжкі, смяртэльна небяспечны сёння быў дзень — i ў Мяснікова, здаецца, разгуляліся нервы. Можа, напружваўся звыш меры, дык вось цяпер i зрывае на ім злосць.
— Я галасаваў супраць таго, каб ужыць сілу...— буркнуў Лашковіч.— Я не крывасмок... Але ў іншым вы правільна разумееце мяне: я супраць вашых ідэй. Калі б вам удалося ліквідаваць рускі капітал — то гэтым самым вы пачалі б размываць усё рускае: лад, эканоміку, культуру, душу. Ваш тэзіс, што ўсё належыць народу, гэта значыць — усім, вельмі згубны. Калі ўсё будзе належаць усім, то не будзе гаспадара. Не будзе гаспадара — не будзе ладу, эканомікі, гісторыі, культуры, душы. Вы можаце напладзіць дэмагогаў, прыстасаванцаў, хапуг, прынесці такое няшчасце, якое раней i не снілася... Вы ж, як відно, ірвецеся да ўлады, хочаце загадаць свае ідэі альбо сцвердзіць ix сілаю...