— Яшчэ б! Якраз тут насаюзіўся з такой дзяўчынай!
— Ну-ну! Прашу не заглядацца на маю жонку! Ведаю: на прыгожых ты звыш меры ласы!
Як часта бывае, у такія вось хвіліны, калі трэба развітвацца, лепш за ўсё зручны жартаўлівы, гарэзны тон.
Праўда, ужо на пероне, каля вагона, Фрунзе, напаследак паціскаючы Мяснікову руку, пажадаў i заадно паспачуваў:
— Ну, Алёша, трымайся i трымай! Цяжкую ношку табе пакідаю.
— А табе, думаеш, т а м будзе лягчэй?
— Не, лягчэй не будзе,— згадзіўся Фрунзе.— Т а м чакае смяртэльная бітва... Але... Давай будзем яшчэ гаварыць пра мясцовае, мінскае. Паўтару, звярні, Алёша, асаблівую ўвагу на Лашковіча. Па-першае, ён набірае вагу, па-другое, цяпер трэба i яго спажыць для нашага ўмацавання i...
— Я яго, каб мог...— перапыніў Мяснікоў.— Псіх i заядлы нацыяналіст!
— Не трэба гарачыцца, Алёша,— папрасіў ужо Фрунзе.
— А ён? «Трэба абараніць бацькаўшчыну ад заразы з цэнтра!»
— Ён таксама гарачыцца. Такое легка дыскрэдытаваць...— сказаў Фрунзе.— Але пакуль што паназірай, што ён будзе рабіць, калі трэба, дык няхай Савет i будзе больш манеўровы... А тыдзень i ноч рыхтуй нашу канферэнцыю, каб ужо ў верасні ўтварыць Паўночна-Заходнюю абласную арганізацыю РСДРП (б). Будзе моцная наша абласная арганізацыя — многае пойдзе якраз па-нашаму... Заадно пільна сачыце за Карнілавым. Гэты Кавеньяк прыляцеў сюды, у Стаўку, невыпадкова... Ён i яго апекуны, кадэты, задумваюць штосьці зламыснае...
Мяснікоў выслухаў гэта як належнае.
— I яшчэ, Алёша. Сцеражыся ўспышак эмоцый i гневу, крайнасцей. На жаль, мы тут не заўсёды былі на вышыні...
— Ёсць!—усміхнуўся Мяснікоў i падміргнуў Соні: — Скажыце, Соф'я Аляксееўна, ён i вас так выхоўвае? Не зусім верыць?
— Не буду! — тут жа «здаўся» Фрунзе, адчуваючы, што ўжо залішне дае наказы: Мяснікоў i сам добра ведае, што i як тут рабіць.
4.
У гэты прыезд Алесь спаў дома не зусім моцна. Уночы трывожылі розныя неспакойныя, нават жахлівыя сны, а пад раніцу, як таго ні хацелі, пабудзілі бацькі: маці падхапілася даіць i выпраўляць на пашу карову, а бацька, затупаўшы ўслед за гаспадыняю, міжволі закашляў. Праўда, як чуў Алесь, пляменнік Ясік i брат Янка вунь у спальні смачна пасопліваюць, не зважаюць ні на рып дзвярэй, ні на тупат, на сабачы брэх на дварэ.
Маці, нібы здагадаўшыся, што ён ужо не спіць, адразу ж са двара ціхенька зайшла ў валенках сюды, у белы пакой, у яго «кабінет», несучы кубак белага пеністага сырадою.
— Выпі, Алеська,—усміхнулася, пазіраючы з любасцю, як на малое дзіця: — Свежае млечка — добра на здароўе.
— Дзякую, мама,— усміхнуўся i, прыпадняўшыся, з ахвотаю выпіў цёплае, з адмысловым водарным пахам малако, сапраўды адчуваючы прыліў бадзёрасці ды сілы.
Прыслухаўся: здаецца, пачуў далёкую песню.
— Зося з дзяўчатамі з поля ідзе,— сказала маці i, маршчыністая, прыгорбленая, аж выпрасталася, засвяцілася i памаладзела. Канечне ж, у прадчуванні блізкага жніва, першага спечанага праснака.— Поле п а к р ы л i ўжо.
Якія яны, сяляне, падумаў ён, малайцы — не, не тое слова гэтае «малайцы»,— якія яны мудрыя, добрыя, калі не толькі льюць пот, не бачаць сваю працу як прымус, а найперш апяваюць яе, заахвочваюць да яе сваіх дзяцей. Яны складаюць свой гімн рабоце, ведаючы, што на ёй трымаецца ўвесь свет.
Алесь з сыноўняй любасцю зірнуў на маці-працаўніцу, радуючыся, што ёсць гэтая прыгорбленая, маршчыністая, але такая шчырая i добрая жанчына. Толькі з гадамі, з пасталеннем пазнаеш, што значыць родная маці, якая не толькі дала табе жыццё, але ўвасабляе сабой усё, за што трэба трымацца,— родны дом, сям'ю, Радзіму. Але, божа, падакараў сябе ў думках, якія мы, дзеці, бываем няўважлівыя, з неразвітымі пачуццямі любові да маці!
Маці, нібы адчуваючы гэтыя яго думкі, заміргала, не вытрывала, i вось па яе шчацэ, па глыбокай маршчыне, пакацілася сляза.
Сэрца яго сціснулася. Ад радасці i болю.
— Хай бы ты ўжо жаніўся, сыночак...
— Даб'ёмся свайго — тады ажанюся...— усміхнуўся ён.
— Ох, сынок! — уздыхнула чуйная душою мацi.— Пан бог па-свойму наканаваў табе долю... Не для сябе, а для людзей жывеш... A людзі, сам ведаеш, усякія. Не ўсе падзякуюць за дабро.
Глыбока ўздыхнуўшы, маці выйшла. Апрануўшыся, услед за ёю вымкнуўся i ён — на двор з яшчэ нізкім, пяшчотным сонцам, з золкаю расою, з пахам паспелага белага наліву.