З песняю па пагонцы набліжалася да вёскі дзявочая купка на чале з Зосяю. Яна — а ёй, замужняй маладзіцы, акуратнай гаспадыні — i сёлета выпаў гонар, як казалі ў Янкавінах, пакрыць поле (першай ужаць жменю-другую жыта) — несла перад сабою невялікі снапок. Калі наблізіліся да іхняга частаколу, дык Алесь убачыў: гэтая ў белай касынцы, у доўгай яркай сукенцы Зося не толькі ажыла пасля заўчасных родаў, але i мігам расквітнела — вунь статная, прыгожая, рухавая, нашмат пагляднейшая за астатніх. Як нікому з вясковых кабет, ёй не пашкадавала прырода хараства.
Зося i дзяўчаты мінулі ix плот, вуліцу i ўвайшлі ў Гарбацэвічаў двор. Там ix сустракалі гаспадары — Вікця i Пётрык.
Падкінуўшы ўгору абгорнуты белым ручніком снапок, Зося не то прыгаварыла, не то заспявала:
Анелька, Волька, Кастуся, пакружваючыся, падпелі:
Як убачыў Алесь з маці, Зося, схіліўшы галаву, аддала снапок свекрыві, а тая, таксама з паклонам, тут жа, у двары, узяла жытнёвы тонкі снапок i падала нявестцы скрутак палатна i хустачку з грашыма — тое, што ўжо назаўсёды пяройдзе ў Зосіна багацце. Гаспадар, Пётрык, звычайна пахмурны, крыклівы, зняў з галавы чорную, выцвілую брылёўку i, моўчкі, схіліўшыся, запрасіў нявестку i дзяўчат-сябровак у хату. Сёння i ён, зласлівы чалавек, быў лагодны. Пэўне, у хаце нявестцы дасць залаты рубель, а яе сябровак дазволіць пачаставаць. Бачачы, як апошняя, кінуўшы раз-другі позірк на іхні двор, заходзіць у сенцы Зося, маці ўздыхнула:
— Дзяўчынаю была добрая, а вот замужам сапсавалася...
Алесь пахапліва зірнуў маці ў вочы: што — іхні Янка i гэтая Зося зноў сустракаюцца, кахаюць адно аднаго? Маці прыкінулася, што не заўважыла яго гэтага запытальнага позірку, з уздыханнем вярнулася ў хату — да печы.
5.
У суботу надвячоркам, калі прыбралі ў хаце, накрылі стол белым абрусам, пераапрануліся, Кастуся з маці падаліся на сваё поле. Дачка несла два старыя, але вельмі спрытныя, рэзкія сярпы, a маці — загорнуты ў беленькі ручнік акраец хлеба i адціснуты ў клінку сыр, шчопаць солі.
Спачатку яны ўдзвюх пылілі па сценцы — злева шнурком цягнулася веска, сядзібы, бульбяныя палосы, а справа бялелася людское жыта — сярод яго ў лагчынах густа зелянелася трава (яе потым скосяць з іржышчам) i ўсюды вабілі, цешылі вочы васількі.
Вось i іхняя высокая груша-дзічка. Бялеецца нешырокаю, але доўгаю, не акінуць вокам, палосаю прамкое, не палеглае жыта.
Сям-там па полі ўжо чуліся вясёлыя жаночыя галасы.
— Добры дзень, ясны вечар, залатая ніўка, ядронае жыта! — павіталася са сваёй палосаю маці.— Мы да цябе прыйшлі, жнеі!
Абедзве падабралі, зжалі рэдкія i невысокія тут, ля дарогі, сцябліны, неўзабаве з ix маці звязала невялікі снапок.
— Стаўлю сноп на сто коп, на тарпу вялікую! — шчасліва прамовіла яна, а пасля паваліла снапок i падклала пад яго хлеб, сыр, белы скрутачак з соллю. Зноў пачала жаць.
А з поля панеслася песня. Як яны абедзве паднялі галовы i зірнулі, дык убачылі: воддаль, прыклаўшы руку да паясніцы, стаіць, выпростваючы спіну, Галена — Зосіна сястра, нявестка іхняга сваяка Стася. I каб, мусіць, не паказаць, што млее паясніца, Галена падае голас іншым пяюхам-жнеям, кліча ix да песень, у якіх пяецца i пра іхнюю, жаночую, радасць (пра пачастункі i гулянкі), i пра іхнюю цяжкую працу — жніво ад відна да цямна на панскім полі альбо на ніве свайго нядобрага свёкра, скарга на свой загублены лёс альбо на загубленае на полі дзіця ці плач па тым, што яе, жняю, падмануў малады паніч.
Маці ўздыхнула (мусіць, успомніўшы сваю цяжкую маладосць, калі яна шмат жала i на панскім полі, i ў заможных сваіх людзей) i, нічога не прамовіўшы, зноў нагнулася i пачала жаць ужо густое i высокае жыта, хмялеючы i ад цёплага высокага неба, i ад гарачага, адмыслова пахкага сцябла ды калосся.
Калі нажалі дзесяць важкіх снапоў (апошні сноп дажыналі па заходзе ўжо сонца), дзевяць снапоў саставілі адзін каля аднаго, а дзесятым — калоссем уніз — накрылі ix.
— Ну што, дачка, давай пачастуемся,— шчасліва прамовіла маці, з любасцю пазіраючы на высокі залацісты мэндлік.
— Я не хачу, мама,— адказала Кастуся, выцікоўваючы на полі сваіх сябровак.
— Няможна, дачка,— паўшчувала маці,— такі ўжо звычай.
Калі Кастуся ca скібкамі хлеба i сыру, пасыпанага соллю, пашыбавала да сваёй лепшай сяброўкі, Волькі Чорнай, маці падабрала першы нажаты снапок, астатнюю спажыву i ў прыполе белага фартуха панесла ўсё гэта дадому, радуючыся, што неўзабаве ўцешыць гаспадара, унука i сыноў i яе Ясь паставіць гэты снапок на покуце.
Калі яна абмінала i шырокі, i доўгі Гарбацэвічаў загон, дзе ставілі мэндлік Вікця i Анелька, то яе тут затрымала Вікця. Тая, таксама сёння па-святочнаму апранутая, але чамусьці не зусім вясёлая, папрасіла:
— Анця, пачакай! Мне трэба з табой пагаварыць...
— Як мне з табою добра! — прашаптала Зося, прытуліўшыся i цалуючы яго ў куточкі вуснаў, у шыю i расхлістаную грудзіну.— Яшчэ зусім нядаўна я думала: калі i выжыву, акрыяю, дык ужо не буду чалавек. Не буду кабета. Думала: усё збалела, згарэла ў маім целе, у маёй душы. Усё-ўсенечкае маладое прапала. Аж i акрыяла, i чуюся кабетаю, i ўсё маладое зноў са мною... Люблю цябе,— упала яму на грудзіну, закрыла яму твар распушчанымі валасамі.— Ой, як я цябе люблю, родненькі мой...
Янка, лежачы на спіне сярод аляхоўя i малінніку, адхінуў Зосіны казыткія i пахкія мятаю валасы i зірнуў угору: там, за зялёным вярхоўем, сінелася высокае бяздоннае неба, плылі белыя аблачынкі, крыху правей ззяла яснае сонца, зусім побач віселі чырвона-ліловыя маліны, зумкаў чорна-чырвоны чмель — так, быў дзень, лес непадалёку жытнёвага поля, было жыццё-быццё. Але Янку (а ён усё яшчэ адчуваў Зосіны пацалункі i яе ўсю, трапяткую, палымяную) не хацелася забіраць сваю душу адтуль, з неба, апускацца на зямлю, дзе было не так святочна, уцешна, дзе ix чакае праца, папрокі, згрызоты; яго бацькі i яе Віця, свёкры ўжо ўведалі, што яны сустракаюцца, папікаюць, ушчуваюць ix абаіх, намагаючыся разбурыць іхняе грэшнае, мабыць, бессаромнае, але такое жаданае шчасце.
— Хадзем,— прамовіў ён,— вернуцца нашы з вёскі — спахопяцца, што нас няма...
Зося некалькі хвілін моўчкі паляжала на яго грудзіне, мусіць, ужо таксама развітваючыся з невялікаю часінкаю ўцехі i шчасця, зноў успамінаючы пра свае горычы, а пасля ціха паднялася i паправіла на сабе адзенне. I калі ўжо завязвала на патыліцы paгі белай касынкі (а ён любаваўся яе стройнай постаццю i меўся зноў схапіць, сціснуць у абдымках альбо нават панесці на руках з лесу), дык яна нечакана рэзка адштурхнула яго локцем, так i замерла з паднятымі рукамі: зусім непадалёку, прытуліўшыся да алешыны, стаяў i пазіраў на ix Віця — у лапцях, палатняных белых портках i палатнянай кашулі з белым кужэльным каўнерыкам, няголены, потны, але бледны, як снег. Значыць, не падаўся ў вёску, вярнуўся з паўдарогі.
I Зося i Янка не збаяліся — не, ніхто з ix не напужаўся гэтага хірлявага Віці, які не можа нават адсекчы галаву курыцы,— яны абое злякліся яд таго жаху, болю, што акамянеў у Віцевых вачах. Бяскроўныя яго губы замылілі, але ён не мог вымавіць i слова.
Першая апамяталася Зося. Завязаўшы касынку, яна смела пайшла мужу насустрач.