Пасля вячэры і доўгіх размоў нам адвялі «дзяжурны» тапчан. Але нам было не да сну, пакуль мая «дзекабрыстка» не расказала пра ўсё, што перажыла пасля майго арышту, як рэагавалі мае вучні і настаўнікі, многія спагадалі, не верылі ў маю віну, але не кожнаму пра гэта гаварылі. Былі і такія, што лічылі мяне хітра замаскіраваным злачынцам і прыдумлялі неверагодныя гісторыі.
Раніцай я паспяшаўся ў райана. Ім загадваў добры педагог Іосіф Нічыпаравіч Маеўскі, нашчадак даўніх перасяленцаў з Беларусі. Я моўчкі падаў яму сваю выратавальную паперку. Ён пакруціў яе з усіх бакоў, утаропіўся ў мяне. «Што ж, загад ёсць загад. Яго мы абавязаны выконваць… А вы ведаеце, якая ў вас будзе нагрузка? Пяць гадзін на тыдзень. З такою нагрузкаю трымаць адзінку, самі разумееце, мы не можам. Дзіўна, што аблана гэтага не ведае».
Я стаяў знямелы. Вось табе і радасць. Сэрца зайшлося, кроў ударыла ў скроні. Ці ж трэба было абіваць парогі прыёмных, плакаць, выпрошваць літасці, суткамі адной пад дажджом ісці па тайзе, рызыкаваць жыццём, каб атрымаць паперку, якая нічога не мяняе ў нашым пакутніцкім лёсе?
Маеўскі заўважыў мой адчай. «Т-э-э-кс… Што ж з вамі рабіць? Якую замежную мову вывучалі ў інстытуце? Нямецкую? У Біязе ніколі не выкладалася замежная мова. Па сетцы гадзіны ёсць. Яны прападаюць. Але самі вырашыць мы не можам. Калі дазволіць аблана, пярэчыць не будзем». I ён мне падаў мой звялы загад.
Я кінуўся на пошту. Заказаў размову з таварышам Кулагіным. Хвіліны чакання здаваліся вечнасцю. Некалькі разоў тэлефон быў заняты, то не адказваў. Нарэшце, па абедзе, пачуў у трубцы прыемны барытон. «Так, так. Добра. Зразумела. Папрасіце тэлефаністку пераключыць мяне на Маеўскага і самі ідзіце да яго». Я акрыяў. Дзе там ісці, бег бегма. Потым многа разоў, калі мяне здымалі, таварыш Кулагін мяне пазнаваў па голасе і заўсёды ратаваў.
Толькі па дарозе ў райана я заўважыў, што неба ачысцілася ад хмар, свяціла сонца, падсохлі сцежкі, і на душы пасвятлела.
Маеўскі мне сказаў, што выкладанне нямецкай мовы прыйдзецца пачынаць з алфавіта ва ўсіх класах, а цяпер я яму нарабіў клопату — здабываць падручнікі і праграмы. Ён даў мне копію загада для дырэктара школы і развітаўся без асаблівай ветлівасці.
Не абыходзячы лужыны, пераскокваючы праз канаўкі, я бег да сваіх з радаснаю навіною. Мяне заўважылі праз акно, і ўсе выйшлі насустрач. Важны быў прэцэдэнт — ссыльнаму дазволілі працаваць у школе, і ўжо з’яўляліся надзеі, строіліся меркаванні на «пацяпленне», на палёгкі ў рэжыме. Усе арыштанты жывуць суцяшэннямі і спадзяваннямі, нават засуджаныя да смерці і ў апошнюю хвіліну яшчэ разлічваюць на літасць.
На мяне з надзеяю глядзелі тры жанчыны. Я падняў загад, напісаны ад рукі загадчыкам райана. Навіна стала агульнай радасцю. «Дзякаваць Богу, лёд крануўся. Калі яны ўсіх настаўнікаў, што возяць сілас і рэжуць дровы, пашлюць у школы, будуць шчаслівыя дзеці і багацейшаю на адукаваных людзей Сібір», — з імпэтам сказала Лідзія Яўсееўна. Уяўляю, якая б ад яе аднае была карысць у любой школе, а для яе — найвялікшы ратунак.
Вера Міхайлаўна некага ўгледзела на вуліцы, пастукала ў шыбу і памахала рукою. Сагнуўшыся ў нізкіх дзвярах, увайшоў высокі сутулаваты мужчына ў вышыванай кашулі і светлай кепцы. Шырока расстаўленыя вочы глядзелі пранікліва і іранічна, ніжняя губа вытыркалася наперад, нібы ён заўсёды ўсміхаецца. Нас пазнаёмілі: Іван Андрыянавіч Дзеравянка дваццаць пяць гадоў выкладаў мову і літаратуру ў школе Данбаса. За тое, што нешта расказаў цікаўным вучням пра Хвылёвага і Васіля Блакітнага, прыслалі сюды на перавыхаванне. Яго з адным лёгкім у калгас не ўзялі. Пасланяўся па сяле без работы і прыстроіўся ў арцелі накшталт нашага «Прагрэса». Называў ён яе не інакш як «Рогі і капыты». Былі ў арцелі трактары і грузавікі, лесарубы недзе пляжылі тайгу, а летам сплаўлялі па Тартасе, няблага зараблялі, а начальнік вытворчасці і старшыня арцелі кожны дзень набіраліся да немачы. Не маглі распісацца ў нарадзе і зводцы. Іван Андрыянавіч ім параіў заказаць факсіміле, дык і тое яны часам ставілі дагары. Іван Андрыянавіч быў нарміроўшчыкам і пісарам, складаў «дутыя» справаздачы і расказваў пра сваю «шарагу» з едкім гумарам.
Да майго прызначэння Дзеравянка паставіўся скептычна: «Можа, гэта паказуха, гульня ў справядлівасць. Яны ж гавораць, што карыстаемся грамадзянскімі правамі, хоць за рэчку схадзіць без дазволу «не положено». А калі даведаўся, што мой лёс вырашыла паперка пра зняцце судзімасці, развёў рукамі: «У наш дэмакратычны і самы шчаслівы век усё вырашае паперка, а чалавек — прышпілены да яе скрэпкаю, дадатак. Праўду кажуць: без бумажкі ты букашка, а з бумажкай чалавек. У мяне здымаць не было чаго, ніхто не судзіў. Паперка, меншая за гэтую, — «слухалі… пастанавілі саслаць навечна». I саслалі. Вось і хаваю канцы злачынстваў п’яніц, пакуль разам з імі не пасадзяць. Вось тады будзе за што. Але наўрад іх зачэпяць, з пракурорам у рыбу разам ездзяць. А я, між намі кажучы, прашуся вартаўніком у другую шарашкіну кантору». Калі загаварылі пра вечную ссылку, Іван Андрыянавіч прыжмурыўся, азірнуўся і ціха сказаў: «Як толькі гэты (ён указальным пальцам правёў па верхняй губе) адправіцца ў пекла, настане «фініта ля камедыя». От пабачыце. Мы яшчэ будзем людзьмі. Важна цяпер нічога не растраціць чалавечага. Таму не думаю тут асталёўвацца. Уважліва слухаю радыё і чакаю, калі ён захлынецца крывёю і зайграюць жалобны марш».
Лідзія Яўсееўна ўскочыла, замахала рукамі. «Я забараняю ў маім доме такое гаварыць! Вы ведаеце, што за гэта даюць?» — «Ведаю, Лідзія Яўсееўна. Але ж я нікога не назваў. Мой старшыня з вусамі. Я меў на ўвазе яго. I спадзяюся, тут сексотаў няма». Ён паціснуў мне руку, пажадаў поспехаў і між іншым сказаў: «Пабачым, як вас будуць дзяўбці будучыя калегі». Цырымонна развітаўся і выйшаў з хаты. Усталявалася цішыня. «Вось так заўсёды. З ім бывае страшна гаварыць». Насцярожылася Лідзія Яўсееўна. «А хіба ён не праўду гаворыць? Хіба ты не так думаеш? Толькі мы баімся саміх сябе. Страх паралізаваў усіх. I не толькі тых, што сядзяць. У мільёнаў пакутнікаў ёсць бацькі, жонкі, дзеці, браты, сёстры, дзядзькі і цёткі, і ўсе дрыжаць ад жаху перад анкетамі, спецаддзеламі, блакітнымі фуражкамі, усе трымаюць на чорны дзень сухары, а на сходах да замарачэння ляскаюць у ладкі, устаюць праз кожныя пяць хвілін, пачуўшы імя вялікага і мудрага, у кожнага «ўра» і кляп у роце. Дзе вы бачылі, каб дзвесце мільёнаў думала аднолькава? Навошта ім думаць, калі за ўсіх думае адзін».
«Вера, замаўчы! Каб я нічога падобнага не чула», — вырачылася Лідзія Яўсееўна. «Бяжы далажы Сокаву, што я контра. А я з пялёнак камуністка. Мой бацька быў лепшым другам Кірава. Мама нарадзіла мяне ў енісейскай ссылцы. Я дваццаць пяць гадоў у партыі, партыйнай і памру. Каб убачыў Ленін, што нарабіў Коба са сваімі апрычнікамі, яго хапіў бы другі ўдар».
Мы з Аляю прытаіліся, як мышы. Такога ніколі не чулі, а калі нешта падобнае думалі, баяліся нават прызнацца сабе.
Яшчэ адна акалічнасць трывожыла мяне: маляваць я так-сяк маляваў, чарціў арнаменты, а нямецкую мову за ўсе свае пакутныя гады забыўся канчаткова, ды і вучылі мы яе ў трыццатыя гады, абы атрымаць «здавальняюча» ў старога геносэ Зэмеля. Успомніў: дэр, дзі, дас, гутэн таг і гутэн абэнд, фраў, мэдхен. Бадай і ўсё. Як жа вучыць таму, чаго не ведаеш сам? Былі б падручнікі, граматыка, да пачатку заняткаў падвучыўся б. А што зробіш з пустымі рукамі? Сваёй трывогай я падзяліўся з Лідзіяй Яўсееўнай. Яна мяне суцешыла. Дала падручнік для пятага класа і маленькі нямецка-рускі слоўнік. Абяцала памагаць на першых парах. О, святая душа! Як я быў ёй удзячны тады і цяпер.
Каля пошты мне сустрэўся зарослы, запырсканы гразёю наш калгасны шафёр Іван Макараў. «Ці жывая хоць твая баба? Ну і шустрая. Гэта ж трэба — ноччу адна рванула праз урман, а каб «хадзяін» дзе нарваўся, і касцей не знайшлі б. Ну і баба, ну і баба. Дзе хоць яна? Чамадан яе цэлы. Забярэш ці разам паедзем?»
Праз дзе гадзіны мы з Аляю калываліся ў кузаве старога «ЗІСа» па біязінскай дарозе.
Наша новая гаспадыня, бабка Вяткіна, сустрэла нас стрыманаю сібірскаю ўвагай: паставіла самавар, шаньгі з чаромхаю і тварагом і місу буйной, духмянай і салодкай маліны, як яна казала: «скуснай і жырнай». Распытвала, як жывуць людзі ў Расеі, колькі там даюць на працадзень. Праз паўгадзіны яны ўжо шчабяталі, як даўнія знаёмыя. Бабка Вяткіна мне прызналася: «Паглянулася твая маладуха, хоць ташчая і дробненькая».
Назаўтра я з’явіўся да дырэктара ў новай якасці. Здалося, што ён шчыра ўзрадаваўся. Маеўскі яго папярэдзіў па тэлефоне, і ён ужо знайшоў на маё заўхозскае месца нашага ссыльнага Мікалая Шчарбакова. Ён адседзеў сем гадоў за тое, што трапіў у акружэнне, і проста з лагера — у вечную ссылку. Здатны да любое работы, высокі шэравокі арловец быў задаволены за сябе і за мяне. Потым жылі з ім у добрым суседстве, дапамагалі адзін аднаму чым маглі і цяпер зрэдку абменьваемся лістамі.
Пасля дажджоў і слаты распагодзілася: па-летняму смаліла сонца, падсохлі сцежкі, а ноччу часам бялела трава ад ранніх прымаразкаў. Днём мы хадзілі на шырокую ціхаплынную Тару, купаліся ў не надта цёплай вадзе, ляжалі ў густой сакавітай траве пад ласкавым сонцам, нібыта і не было пакут, трывог і гора. Кожны думаў, як нам жыць далей, але ці мог я цягнуць яе ў вечную ссылку, у гэты суровы таежны край з саракаградуснымі маразамі, сумётамі па самыя стрэхі, з непраходнаю бездаражжу, з лютаю заеддзю з вясны да самых замаразкаў. Яна ж была вольная. Магла вырашыць свой лёс сама. Успомнілася, як некалі ў лагеры да майго лепшага таварыша прыехала на спатканне жонка, прывезла перадачу, пашчабятала пра навіны, а развітваючыся, сказала: «Не дакарай мяне сурова. Я выходжу замуж. I ў сына будзе іншае прозвішча, каб ніхто не пароў вочы, што бацька вораг народа». Знямелы мой друг толькі заплакаў, бо страціў апошнюю павуцінку, што звязвала з жыццём і іншым светам. Я не ўяўляў існавання без Алі і дачушкі. Дзеля чаго тады жыць, на што спадзявацца? Няхай жывуць адсюль за тысячы кіламетраў, але застаюцца мне самымі роднымі і блізкімі назаўсёды.
Аля была катэгарычнаю ў сваіх намерах: наступным летам з дачкою і бацькам пераехаць сюды зусім. Няхай сабе і навечна.
Вечарамі мы заседжваліся ў Элы Рыгораўны і Ганны Якаўлеўны. Яны былі асабліва ўважлівыя і ласкавыя з Аляю. Чаго толькі не ўспаміналі, пра што не гаварылі ў тыя вечары! Абедзве некалі былі заўзятыя тэатралкі і ахвотна расказвалі пра спектаклі Станіслаўскага, Меерхольда, Таірава і Зубава, пра баталіі Маякоўскага ў Політэхнічным музеі, распытвалі пра сённяшнюю Маскву і жыццё на волі.
Жнівень ішоў на спад, канчаліся канікулы. Аля збіралася ў Беларусь. Я не кажу — дадому. Дому ні я, ні яна не мелі. Былі толькі тапчаны ў чужых кутках. Нас гнаў па свеце вецер нягоды, а мы цягнуліся адно да аднаго і не логікай, а інтуіцыяй верылі ў нейкае далёкае шчасце. Без веры жыць не варта і немагчыма. Мы думалі адно і тое ж, а гаварылі пра нейкія будзённыя дробязі, радаваліся сіняму-сіняму небу, ласкаваму сонцу, шэлесту надрэчнага тальніку і чаромушніку, павольнай плыні, што кацілася да берагоў далёкага Іртыша. Бачыць і чуць зямную прыгажосць — вялікае шчасце, а быць поруч з адданым, любімым і шчырым чалавекам — шчасце ўдвая. Але з кожным днём набліжалася расстанне. На колькі? Ніхто не ведаў.
Я дамовіўся з тым жа Іванам Макаравым, што ён, едучы па генератар для калгаснай электрастанцыі, давязе да Барабінска і маю жонку. Ён яшчэ пажартаваў: «Давязу, калі зноў не ўцячэ». Ужо быў складзены чамаданчык, і мы прыліплі да акна ў чаканні машыны. У дзевяць гадзін, як дамовіліся, яе не было, не прыйшла ў дзесяць і ў адзінаццаць. Ужо не сядзелася, і я пабег на калгасны двор. Іван вазіў на тачок збожжа. Тым часам дарожны пыл, як воспінамі, пабілі буйныя кроплі дажджу. Яны капалі спарней і спарней. Я ўжо не ішоў, а хутка бег на ток, каб пабачыць шафёра. На паўдарозе ён прытармазіў машыну: «Нічога, браце, не будзе. Зранку на ток, а цяпер сам бачыш, — ён тыцнуў чорным пальцам у хмарнае неба, — зноў кукаваць на дарозе. Няхай пагуляе, пакуль распагодзіцца».
Я павольна паплёўся ў сяло. Сцежкі сталі ліпкія і коўзкія ад спорнага дажджу. Не спяшаўся, каб прытрымаць гэтую горкую навіну. Аля сустрэла яе спакойна: як толькі забарабаніў дождж, самае неабходнае склала ў сетачку, надзела плашч і чакала мяне развітацца. Мне адняло мову ад яе намеру. Угаворваў, упрошваў, трымаў сілаю. Яна хапалася за клямку і тлумачыла: калі спозніцца на працу, звольняць і яе, загінем з голаду, а дарога знаёмая — дайшла сюды, дойдзе і назад. «Пусці! Дарэмна трацім час. Можа, дзе-небудзь пад’еду», — суцяшала мяне. Так правалэндаліся да паўдня, а дождж ліў як з луба. Аля сядзела каля акна ў плашчы з сетачкаю на каленях. Мы толькі паціху ўздыхалі. Калі адсюль удасца выбрацца, не ведаў і сам бог. На Урэччы засталася пяцігадовая дачушка з дзедам на яго мізэрнай пенсіі, у мяне пакуль што ніякіх заработкаў не было, наш адзіны заработчык застраў тут на няпэўны час. Можа страціць работу там і не знайсці тут. Што будзем рабіць? Як жыць? Апрача калгаса, няма за што зашчаміць рукі, а плата там вядомая. I ўсё ж я затрымаў сваю няўмольную госцю і ўгаварыў пайсці да дырэктара школы даведацца, ці знойдзецца тут хоць гадзін васемнаццаць для яе матэматыкі.
Ісці было ўжо амаль немагчыма. Коўзкі чарназём, як смала, засмоктваў падэшвы і наліпаў на абцасы. Выбраліся на ўтравянелую паскоціну і пайшлі задамі. Нізкае хмарнае неба, нудны дождж, убогія шэрыя хаты з землянымі стрэхамі, крывыя, абы-як скіданыя платы, ніводнай прысады, ніводнага дрэўца ў сяле — усё наганяла такі сум, што хацелася галасіць і бегчы куды вочы глядзяць.
Яўген Паўлавіч выслухаў нашу бяду і пачаў цярпліва дазвоньвацца да райана. Пагаварыўшы з Маеўскім, перадаў яго згоду даць работу матэматыкам, калі будзе адмацаванне і дакументы з ранейшай школы. Развіталіся мы з дырэктарам без асаблівага энтузіязму. «Хто ж мяне там адпусціць? Амаль усе школы не ўкамплектаваныя. Сама, можа б, яшчэ адпрасілася, а пісаць… дарэмна». I тут я ўхапіўся за апошнюю саломінку: у Старобіне даўно працуе доктарам мая стрыечная сястра. А хто ў раёне не ўважыць доктару? Зайшлі на пошту, і я адбіў у Старобін падрабязную тэлеграму.
Казаць, як мы жылі, што думалі, як суцяшалі адно аднаго, проста немагчыма. Часцей моўчкі ўздыхалі, а думы былі самыя чорныя: ну, адпусцяць, тут возьмуць на работу, а як жыць? У нас — ні пасцелі, ні міскі, ні лыжкі, і нідзе нічога не купіш, ды і купіла таго не было.
Дні міналі марудна, як у чаканні прысуду. Штодня хадзіў на пошту, з надзеяй глядзеў на Рэдзькіна і моўчкі выходзіў. Ды і пошта ў гэтую бездараж не хадзіла. Адзіная сувязь з раёнам — тэлефон. А там тэлефаністка магла забыць перадаць зменшчыцы, а ў тае сваіх клопатаў хапае. Хадзіў, нібы нешта згубіўшы. I вось — стук у шыбу. Узбягаю па коўзкіх крутых усходцах. Думаеш самае горшае, а Рэдзькін капаецца ў паперах, пытаецца ў дзяўчыны, дзе тая тэлеграма. Божа мой! Хвіліны б’юць па галаве. Нарэшце дрыжыць у руках напісаны ад рукі тэкст: «Адпусцілі. Справа выслана авіяпоштай. Маруся». Да Алі бег як падстрэлены. Яна выслухала спакойна. Глядзела і маўчала. I я падумаў: хацела ўсё ж вярнуцца ў сваю школу, бліжэй да дачкі і бацькі, а я ёй адрэзаў шлях. Вінаваты! Вінаваты! — ледзь не загаласіў я. Як мог вырашаць яе лёс па сваёй волі, а волі ў мяне аніякай няма, што я магу вырашаць у сваім бяспраўным становішчы? Часам трывожыла, ці не думае Аля, што заманіў яе сюды і эгаістычна трымаю пры сабе, а яна і не збіраецца пахаваць маладосць у гэтай глушэчы, далёка ад сваякоў і родных мясцін. Мы абое нудзіліся па дачцэ і не ведалі, калі і як сустрэнемся з ёю.
Да бабкі Вяткінай я ўпрасіўся толькі на тыдзень. Прайшло больш. Кватарантаў яна трымаць не збіралася, чакала з бальніцы свайго старога і без залішняй дыпламатыі загадала шукаць сабе «фацеру». I пайшоў я ад хаты да хаты пытаць сабе прытулку. Не ў кожнай з іх было дзве палавіны, а ў прастарнейшых дзетак вялося як бобу. Аднаго яшчэ пускалі, а з сям’ёю бралі не вельмі. I ўсё ж у канцы сяла злітавалася дзябёлая ўдава Дуня Шышкіна. З сынам-трактарыстам яны займалі кухню, а нам аддала пакой з асобным цёмным калідорчыкам. Перанёс ад Цімошыхі свой тапчан, паходны мяшэчак і Алін чамаданчык, разжыліся лямпаю і каторы раз пачыналі жыць нанава. З Урэчча прыслалі самыя неабходныя Аліны рэчы, а я ад стрыечнага брата дачакаўся слоўнікі і нямецкую граматыку, акварэльныя фарбы і некалькі пэндзлікаў. Можна было пачынаць навучальны год.