– Тады спярша заправімся.
Макар дзейнічаў хутка. Дастаў з кашалька Філіпа крэдытную картку, адшукаў у багажніку дваццацілітровую каністру і ўзяў з сабой стрэльбу.
– Памятаеш, ты абяцаў? – трывожна паглядзела на яго Кіра.
– Гэта для падстрахоўкі.
Яны пасунуліся цераз шэраг машын да невялікай заправачнай станцыі на дзве калонкі. Святло ўнутры невялікага прастакутнага будынка не гарэла. Макар патузаў дзверы. Зачынена.
– Гэй, хто жывы? У нас ёсць грошы! Мы можам заплаціць! Нам патрэбнае паліва! – пракрычаў у дзверы Макар.
Некаторы час яны пачакалі, аднак ніхто не адказаў.
– Значыць, паспрабуем самі.
Кіра з недаверам паглядзела на Макара.
Яны падышлі да першай калонкі з абсталяванай ля яе сістэмай аплаты на месцы. Пад панэллю з экранчыкам былі тры кнопкі выбару бензіну: «87», «89», «91». Макар уставіў картку ў тэрмінал, і на экранчыку з’явіўся надпіс: «Выберыце бензін».
– Без піну?.. – здзівілася Кіра.
– Вачам не веру, у нас атрымалася! – пракрычаў Макар. – Мажліва, дадзеныя Філіпа ёсць у базе, а мажліва, нам проста пашанцавала і сістэма накрылася паўсюдна, даўшы збой…
– Які бензін лепш падыходзіць для «джыпа»?
– Залью дзевяноста першы, ён самы дарагі.
Макар уставіў пісталет у каністру і націснуў на кнопку «91».
Праз хвіліну ёмістасць была напоўненая. Яны справіліся. І гэта было неверагодным цудам.
– Думаю, зараз нават халодны стэйк будзе падобны да найлепшай стравы, якую мы толькі каштавалі на гэтым кантыненце, – сказаў Макар, гледзячы праз дарогу на чырвоную шыльду фаст-фуд-забягалаўкі «Dallas BBQ».
Яны вярнуліся да машыны, і Макар пераліў бензін у бак, трохі наглытаўшыся паліва: бацька ў дзяцінстве навучыў яго, як з дапамогай шланга рабіць такія махінацыі. Цяпер можна і падсілкавацца. Яны накіраваліся да аднапавярховага будынка, што размяшчаўся адразу за мостам. Дзверы таксама аказаліся зачыненымі. Макар лагодна пагрукаў па таніраваным шкле і голасна пракрычаў, што ў яго ёсць грошы і ён жадае павячэраць.
Неба над Нью-Ёркам зрабілася пунсовым, густыя хмары пякельнай масай грузна павіслі над яго цёмнымі гмахамі.
Неўзабаве за дзвярыма пачуўся рух, і хрыплы голас спытаў:
– Што табе трэба? У мяне пісталет. Калі не хочаш праблем, правальвай адсюль прэч!
– У мяне таксама зброя. Але мы проста хочам трохі адпачыць і паесці, – адказаў голасу Макар.
– Мы зачыненыя, хіба не бачыш?!
– Мы ведаем. Аднак зразумейце нас, – настойваў Макар.
– Я двойчы не паўтараю!
– Мы заплацім удвая, – умольваў Макар.
– Нам няма пра што гаварыць.
– Я магу прасунуць грошы пад дзверы. Мы сапраўды не хочам ніякіх непрыемнасцей. Мы моцна стаміліся і прагаладаліся. Вы можаце перадаць нам ежу цераз акно.
Голас заціх. Відаць, чалавек у замяшанні абдумваў прапанову.
– Добра, зайдзіце з другога боку будынка, там будзе акно, – нечакана пачуўся ўжо больш разважлівы голас гаспадара. – Толькі без глупстваў!