– Я з табой, мужчына! – на радасцях сказала Кіра. – Калі стомішся – дасі стырно мне, я змагу, ты толькі скажы!
Макар прыхінуўся да Кіры і ўпершыню за ўвесь гэты час горача пацалаваў яе.
Потым яны яшчэ раз зверыліся з картай. Трэба было трапіць на трасу № 95, а па ёй – цераз Бруклін амаль да самага Гудзона – да трасы № 87. Дарога была доўгай. Макар вырашыў ехаць, пакуль канчаткова не сцямнее, а калі пашанцуе, знайсці добрую краму і назапасіцца ежай. Дагэтуль поспех быў на іх баку, і яны разлічвалі на яго і ў далейшым.
Макар накіраваў «джып» на Хатчынсан-Рывер-экспрэсуэй, адтуль зноў павярнуў на Бранкер-бульвар, аднак, удакладніўшы маршрут, з’ехаў па мосце на трасу № 95 і рушыў па сустрэчнай паласе.
– Мяркую, паліцэйскія не аштрафуюць нас за парушэнне правілаў дарожнага руху, – сказаў Макар, выехаўшы на мост.
– З Богам, – чамусьці сказала Кіра.
Паліўны датчык паказваў, што бак запоўнены напалову. Макар пакуль не падлічыў, колькі кіламетраў трэба пераадолець да мяжы, аднак ведаў напэўна, што запраўляцца пад завязку давядзецца яшчэ не раз. Зараз бы толькі выехаць за горад, знайсці ежы і па магчымасці пераначаваць. У горадзе з хвіліны на хвіліну магло здарыцца ўсялякае. Хутчэй за ўсё, людзі дзеля выжывання вельмі хутка пяройдуць да гвалту, і ў гэты момант трэба быць як мага далей.
Пакуль яны ехалі наступныя некалькі кіламетраў, іх абагнала з дзясятак машын. Асабліва дальнабачныя таксама спяшаліся збегчы за межы Нью-Ёрка. Мост падымаўся высока над горадам, і дамы знізу здаваліся нікчэмна-мізэрнымі каробкамі.
Далей рух на шашы значна ажывіўся. Вось у іх полі зроку з’явіліся грузавікі, набітыя цэлымі сем’ямі і мэбляй.
Праязджаючы праз тунэль, давялося манеўраваць: проста пасярод дарогі спынілася пустая фура.
Макар не павялічваў хуткасць, ехаў каля сямідзесяці і толькі ў некаторых месцах, калі дарога была адносна вольнай, выціскаў педаль да адзнакі «сто».
Неба пазмрачнела, у ім адсутнічалі хоць якія прасветы. Было незразумела, зайшло сонца ці не. На дарозе з’явілася больш тунэляў. Макар уключыў фары. Ён заўважыў, што ў некаторых жылых дамах гарыць святло, а раён Бруклін чымсьці нагадаў яму родную мінскую Малінаўку ў межах кальцавой.
Кіра сядзела ціха і глядзела ў акно на змрочны горад. Попел яго так забрудзіў, што здавалася, быццам яны трапілі ў Прыпяць адразу пасля выбуху Чарнобыльскай АЭС.
Калі мост узняўся над горадам на самую высокую кропку, на трасе ўтварыўся затор з грузавікоў. Макар паменшыў хуткасць і доўга аб’язджаў яго. Наперадзе стаяла пустая пажарная машына. Яе лесвіца з невядомых прычын была задраная высока ўверх.
Раптам яны заўважылі аўтамабіль з уключанымі аварыйнымі агнямі. Белы «Фальксваген-Пасат» прыткнуўся ля тонкай палоскі бардзюра. Пад’ехаўшы бліжэй, Макар заўважыў жанчыну, якая пры іх з’яўленні пачала імпульсіўна размахваць рукамі. Хлопец націснуў на педаль газу. Кіра нічога не сказала, і сумленне пачало мучыць Макара яшчэ мацней, дабраўшыся да самай глыбіні яго сэрца з чарвяточынай сораму.
Апошнія агні гібельнага горада засталіся ззаду. Хлопец ведаў: цяпер трэба думаць толькі пра сябе. Яны тут чужынцы. Нездарма хтосьці казаў, што Нью-Ёрк – горад драпежнікаў.
Калі яны пад’ехалі да вялікай кальцавой развязкі, наперадзе адкрыўся чарговы затор. Гэтым разам дальнабойныя фуры амаль цалкам перакрылі праезд. Рухацца наперад было магчыма толькі пешшу.
Макар выйшаў з «джыпа» і прайшоўся, каб увачавідкі пераканацца, што яны ў тупіку.
– Давядзецца з’язджаць з гэтай паласы, – сеўшы за стырно, сказаў ён Кіры. – Паедзем па супрацьлеглым з’ездзе.
Ён павярнуў направа і па коле спусціўся пад мост. Відаць, з моманту катастрофы тут яшчэ ніхто не праязджаў – асфальт быў засыпаны тоўстым слоем попелу, «джып» пакідаў за сабой дзве каляіны ад колаў.
З’ехаўшы з трасы № 95, яны ўрэшце апынуліся на трасе № 87, той самай, якая паводле правераных дадзеных Макара мусіла прывесці іх да мяжы з Канадай. Выехалі на супрацьлеглы бок дарогі, рухаючыся па сустрэчнай паласе, якая была адгароджаная ад іншай метровым бетонным бардзюрам.
– Прыкладна праз дваццаць кіламетраў горад скончыцца, і можна будзе шукаць начлег. Я разлічваю, што ў гэтай частцы Нью-Ёрка мы абавязкова сустрэнем крамы і запраўкі. Трэба толькі пацярпець. Кіра, ты як? – павялічыўшы хуткасць, спытаў Макар.
– Я добра. У мяне будзе да цябе просьба… Давай паспрабуем нікога і нічога не рабаваць. У нас ёсць грошы. Я разумею, што ў краіне хаос, а мы засталіся адны. Філіп неабачліва падгаварыў цябе на марадзёрства, але гэта было неабходна. Цяпер жа так рабіць нашмат больш небяспечна і рызыкоўна. Давай хаця б паспрабуем застацца людзьмі?
– Паспрабуем, маленькая, я табе абяцаю.
Яны ехалі па сустрэчнай паласе Мэйджар-Дэган-экспрэсуэй, не сустракаючы ніводнай машыны.
У нейкі момант супрацьлеглы бок трасы падняўся вышэй, і яны аказаліся адцятымі ад дарогі. У замяшанні Макар папрасіў Кіру зверыцца з картай. Вывучыўшы маршрут, Кіра паведаміла, што неўзабаве будзе мост, на якім можна з’ехаць з сустрэчнай паласы і трапіць на правільны бок трасы.
Так і здарылася. Праз хвіліну яны з’ехалі па мосце на Уэст-Фордхэм-роўд, і Макар убачыў будынак з надпісам «Dallas BBQ».
– А вось і ежа, – абнадзейліва сказаў ён.
– Глядзі, тут і запраўка побач!
Макар заўважыў яе не адразу: тая была з усіх бакоў застаўленая машынамі, і толькі яскравыя бела-зялёныя калоны вылучалі яе сярод навакольнай шэрасці.