– Трэба адшукаць трасу, якая вядзе да мяжы з Канадай. Філіп казаў, што яна пачынаецца за мостам. Цяпер мы тут, – ён тыцнуў пальцам у развязку, а потым яшчэ больш разгарнуў карту.
– Усе трасы пазначаныя лічбамі. Зараз мы непадалёк ад дзевяноста пятай. Куды яна вядзе? Так…
Хлопец вёў пальцам у патрэбным кірунку. Траса паварочвала налева і ішла амаль да самага Гудзона. Макар разгарнуў карту так, каб быў бачны ўвесь штат Нью-Ёрк, які цягнуўся да самай мяжы з Канадай. Да мяжы вяла траса № 87, якая перасякалася каля Гудзона з трасай № 95.
– Значыць, давядзецца пераадолець па мосце гэты адрэзак і выехаць з трасы № 95 на трасу № 87, а там гнаць напрасткі да мяжы. Усё, як і казаў Філіп.
– Побач з намі стаянка з аўтобусамі, можа, скарыстаемся адным з іх? – з усмешкай спытала Кіра.
– Аўтобус вельмі грувасткі транспарт, наперадзе могуць быць заторы, вальней стане толькі за горадам, і тое не факт. Нам патрэбная легкавушка.
Макар паглядзеў у бок транспартнай фірмы.
– Схаджу паглядзець на стаянцы машыны, можа, нам пашанцуе…
– Ты абяцаў, што больш ніколі не пакінеш мяне адну.
Ён стомлена паглядзеў на Кіру.
– Прабач, маленькая, вядома.
Яшчэ трохі пасядзелі ў машыне, пасля выйшлі. Усё ж «фальксваген» быў дрэнным месцам для начлегу: праз разбітае шкло можна было проста замерзнуць. Яны ўзялі з сабой толькі куртку, якую Кіра адразу ж апранула.
Выставіўшы стрэльбу перад сабой, Макар ішоў наперадзе, каб Кіра заставалася ў яго за спінай пад прыкрыццём.
Падыходзячы да вялікага будынка, яны заўважылі, што ў адным з аўтобусаў размясціўся гурт людзей. Яны рыхтаваліся да начлегу, нават распалілі вогнішча. Макар вырашыў абысці аўтобус, гэтыя людзі маглі быць небяспечнымі, да таго ж сярод іх пераважалі мужчыны. Кіра памкнулася ўжо падаць ім якісьці знак, аднак Макар злосна сыкнуў на яе, і яны прайшлі паўз невядомых, якія праводзілі іх абыякавымі позіркамі.
На стаянцы ля ўвахода ў транспартную фірму машын не было. Шкляныя дзверы былі выбітыя.
Макар і Кіра прайшлі па аскепках шкла ў фае. Асвятленне адсутнічала, і дзяўчына ўключыла ліхтарык. Будынак аказаўся велізарным. Пасярэдзіне размяшчалася рэцэпцыя, а за ёй адразу ішоў эскалатар, які вёў на другі паверх. Фае было абрабаванае і разбуранае. На падлозе ўсюды былі раскіданыя дакументы, рассыпаная зямля з гаршкоў для кветак, сталы і крэслы стаялі дагары нагамі, люстры і падвесная столь былі разбітыя, зверху сачылася вада. Пажарная сігналізацыя чулася яшчэ з вуліцы, яе не было каму адключыць.
Макар падышоў да рэцэпцыі. Побач знаходзілася паліца з ключамі. Ён аблазіў усе шуфляды і сталы. Узяў колькі ключоў з бірулькамі. З другога паверха даносіліся неразборлівыя галасы. У будынку быў хтосьці яшчэ, і гэтых людзей таксама трэба было асцерагацца.
– Глядзі, Макар! – Кіра паказала на невялікі гардэроб непадалёк ад рэцэпцыі. На вешалках засталася вопратка.
Яны падышлі туды, і Макар узяў добрую мужчынскую дэмісезонную куртку, Кіра – пару жаночых і адно паліто.
– Адыходзім, пакуль нас не заўважылі.
Яны нават не паспелі зразумець, як ім пашанцавала.
Выбегшы на вуліцу, Макар націснуў на адну з бірулек. Пачуўся прыглушаны сігнальны гук машыны.
– Відаць, яна за будынкам.
Яны абышлі лагістычны цэнтр і знайшлі за ім шэраг машын. Стаянка выходзіла на заліў Уэстчэстэр-Крык.
Уздоўж заліва стаяла з дзясятак машын. Макар перабраў у руках усе бірулькі і спыніўся на серабрыстым «джыпе». Ён стаяў апошнім у шэрагу.
Адчыніўшы машыну і пераканаўшыся, што яна на хаду, Макар праверыў багажнік. Машына была пустая і прызначалася для каршэрынгу. Яны селі ў салон, агледзелі ўсе механізмы і ўключылі печ.
– Можа, возьмем менш габарытную машыну? Які ў «джыпах» расход паліва?
– Звычайна ад шасці да васямнаццаці пры аб’ёме ад трох да шасці.
– З бензінам цяпер праблема.
– У нас ёсць грошы і картка Філіпа, а «джып» часова можа паслужыць месцам для начлегу, – адзначыў Макар. – Паспрабуем дабрацца да трасы № 87, а там дзе-небудзь пераначуем. Сілы ў мяне пакуль ёсць. Думаю, сёння атрымаецца выехаць за горад. Ты як?