– Цяжка сказаць. Да кальцавой развязкі добры кавалак дарогі, і невядома, ці атрымаецца знайсці машыну.
Кіра ўважліва паглядзела на мужа.
– Макар, прабач, што аслабла і сарвалася на цябе. Проста сёння адбылося столькі трагічнага, што мне хопіць на ўсё жыццё. Але цяпер я разумею, што нам трэба рухацца наперад.
Макар сціснуў яе руку і, паднёсшы да вуснаў, пацалаваў.
– У нас атрымаецца, мы зможам, інакш немагчыма.
Неўзабаве яны выбраліся з машыны, пераскочылі цераз шлагбаум і рушылі далей па пустой бязлюднай дарозе.
Магістраль цягнулася кудысьці ўдалячынь. Спярша абапал яе былі толькі зарослы кювет і поле, аднак паступова пачаліся будынкі. Справа ішлі прыватныя аднапавярховыя дамы, злева – разнастайныя склады і гаспадарчыя збудаванні.
Прайшоўшы прыблізна паўгадзіны, яны прыкмецілі злева ад дарогі вялікі дыскаўнтар.
– Паспрабуем зайсці, – сказаў Макар.
Яны збочылі і пайшлі ўздоўж доўгага белага будынка без акон. Урэшце завярнулі да ўвахода. Шкляныя дзверы былі перагароджаныя шэрагам вялікіх жалезных цялежак. Святла ўнутры памяшкання не было. Макар паспрабаваў расчапіць перашкоду, каб дабрацца да дзвярэй, аднак хтосьці загадзя вельмі добра забарыкадаваў уваход. Макар з дакорам штурхнуў цялежкі нагой, і ў гэты момант каля дзвярэй узнікла постаць.
– Правальвайце адсюль прэч, калі вам дарагое ваша жыццё! – крыкнуў праз шкло мажны барадаты мужчына. У руках ён трымаў важкі драбавік.
Макар падаўся назад і падняў стрэльбу.
– Нам не трэба праблем, мы ўжо сыходзім! – ён крануў Кіру за руку. – Адступаем. Марудна, без лішніх рухаў.
Яны зноў выбраліся на магістраль і пайшлі далей.
Хутка на іх шляху пачалі з’яўляцца масты і доўгія тунэлі. Горад дэманстраваў сваю маштабную архітэктуру, цяпер нікому не патрэбную, аднак ні машын, ні хоць якога намёку на прысутнасць людзей не было. Замест гэтага аднекуль бесперапынна перадавалі назойлівае паведамленне не выходзіць вонкі, а знайсці месца, куды не пранікае попел: склеп, падзямелле, бамбасховішча, метро.
Попел канчаткова перастаў падаць на зямлю, а неба афарбавалася ў шэра-чырвоны колер. Сонца зусім не прабівалася цераз густыя аблокі, ад чаго над горадам стаяў вячэрні змрок і значна пахаладнела. Добра, што раніцай у доме Філіпа Макар даўмеўся апрануць лёгкую вятроўку, а вось на Кіры была толькі тонкая байка. Таму неабходна было здабыць яшчэ і цёплую вопратку.
Мінуўшы доўгі і цёмны тунэль, у якім было яшчэ халадней, яны падышлі да кальцавой развязкі. Такой магістралі яны яшчэ ніколі не бачылі. Траса ператваралася ў велізарную дэльту дарог, якія заварочвалі ў розныя бакі ў шмат’ярусным коле.
Макар паглядзеў на карту. Зверыўшы маршрут, яны павярнулі на Бранкер-бульвар і па крузе ўзышлі на мост, які ўзвышаўся над Хатчынсан-Рывер-экспрэсуэй. Паралельна з Бранкер-бульвар ішлі іншыя дарогі, уздымаючыся над імі доўгімі мастамі і кіруючыся кудысьці далёка наперад.
Адзіным станоўчым момантам было тое, што маладыя людзі ўсё ж пачулі рух машын, хай іх было і няшмат. Машыны праносіліся па іншых трасах, дорачы надзею, што яны ў горадзе не адны.
За гэты час Кіра моцна стамілася, і Макар пачаў шукаць месца, дзе можна было б адпачыць. Зайшоўшы пад мост, які крута паварочваў на левы бок, а потым зноў выходзіў направа да алеі з вялікімі таполямі, яны заўважылі пакінуты кімсьці чорны «Фальксваген-жук». Той стаяў на з’ездзе з шашы, засыпаны густым слоем попелу.
– Калі «жук» не завядзецца, у ім можна прынамсі адпачыць ці нават пераначаваць, – сказаў Макар. – Вечар не за гарамі, і хаця ад гэтага попелу і так цёмна, хутка стане яшчэ змрачней.
Калі яны наблізіліся на машыны, то ўбачылі наперадзе будынак, на якім было напісана «Транспартная фірма “Уайтстоўн-Сінемас”», а побач – вялікую стаянку з жоўтымі аўтобусамі.
Яны падышлі да «жука». Вадзіцельскае шкло было выбіта. Машыну абрабавалі. Макар засунуў руку ў акно. Ключа запальвання не было. Адамкнуўшы дзверы, хлопец залез у салон. Пашукаў ключ. Нічога.
– Як мы яго завядзём? – спытала Кіра.
– Ты бачыла, як гэта рабіў Філіп?
– Не…
– І я таксама… Добра, лезь сюды, трэба сагрэцца.
Кіра села ў машыну да Макара. На заднім сядзенні ляжала куртка, і хлопец адразу паспрабаваў прыкрыць ёй разбітае акно.
– Пасвяці мне ліхтарыкам!
Макар разгарнуў на каленях карту. Знайшоў, дзе яны цяпер.