Яны пакрочылі далей, прабіраючыся праз затор.
Прайшоўшы колькі кіламетраў, Макар пачаў выбарачна падыходзіць да машын і адчыняць дзверы.
– Кіра, нам трэба раздзяліцца: ты пойдзеш па гэтым шэрагу, а я – па наступным, – глуха сказаў ён праз рэспіратар, паказваючы жонцы кірунак. – Заставайся ў маім полі зроку і бяры ўсё, што палічыш патрэбным, але толькі самае неабходнае. Калі адчуеш небяспеку, адразу ж кліч мяне!
Такім чынам яны пачалі прасоўвацца наперад. Макар вырашыў правяраць больш габарытныя машыны. Дзверы, як ні дзіўна, амаль усюды былі адчыненыя. Макар хутка аглядаў салон і сонцаахоўныя казыркі, правяраў схованку.
Прайшоўшы наперад яшчэ некалькі кіламетраў, ён назбіраў у заплечніку пачак батарэек «Duracell», пару ліхтарыкаў, дарожную карту ЗША, крэкеры, цыгарэты, ножык. Людзі забралі з машын багаж, пакінуўшы толькі самыя нязначныя рэчы. У адным пікапе Макар знайшоў сумку са спальнікам і стос часопісаў «Плэйбой». Побач ляжалі высокія рваныя кеды «Convers» белага колеру. Хлопец паглядзеў на свае ногі ў брудных ад попелу шкарпэтках і, не задумваючыся, нацягнуў чужы абутак. Памер быў трохі завялікім, але так было нашмат лепш, чым сноўдацца па беспрытульным Нью-Ёрку басанож.
Аглядаючы серабрысты «Альфа-Рамэа», ён пачуў спалоханы крык Кіры. Хутка сарваўся з месца і пабег на яе голас. Кіра зайшла наперад крыху далей за яго.
Падбегшы да жонкі, якая стаяла ля чорнага «Б’юіка», Макар выставіў наперад стрэльбу.
– Там чалавек… – закрыўшы далонню вочы, сказала Кіра.
Макар павольна падышоў да адчыненых дзвярэй і ўбачыў на пасажырскім сядзенні мужчыну. Зверху на яго была накінутая куртка. Макар тыцнуў у яго плячо руляй стрэльбы. Мужчына не варухнуўся.
– Мабыць, памёр… Адзіны чалавек за ўвесь гэты час – і той нежывы, – трагічна прамовіў Макар.
– Калі ласка, больш не пакідай мяне адну, – сказала Кіра.
Ён падышоў да жонкі і моцна прытуліў яе да сябе.
– Прабач, маленькая, не буду…
Далей яны рушылі разам. Кіра адшукала колькі пластыкавых відэльцаў і лыжак, таблеткі для галавы і страўніка, парашок ад прастуды, а таксама пачак пракладак і вільготныя сурвэткі. Знайшла нават лінзы для вачэй.
Неўзабаве яны заўважылі загараджальнае збудаванне, якое нагадвала прапускны пункт на мытні. Падышоўшы бліжэй, Макар угледзеў над шэрагам шлагбаумаў надпіс «E-ZPass».
– Ага, адсюль пачынаецца платная дарога. Значыць, вось так утварыўся гэты затор: сістэма накрылася і машыны не змаглі праехаць. За шлагбаумамі, хутчэй за ўсё, дарога будзе вольная.
Макар схапіў Кіру за руку, і яны пабеглі між пустых машын.
Наблізіўшыся да пункта пропуску, яны заўважылі, што ўсе шлагбаумы апушчаныя і пярэднія машыны ткнуліся бамперамі ў загароду. Пералезшы цераз першы ж шлагбаум, хлопец і дзяўчына сапраўды ўбачылі вольную ад машын дарогу.
– Так і ёсць. Далей людзі пайшлі пешшу, а значыць – наступныя пакінутыя машыны з’явяцца не хутка. Відаць, увесь раён эвакуяваўся…
– Макар, можа, перакусім? Ты не галодны? – спытала Кіра.
Пытанне было нечаканым. Праз усе гэтыя ўзрушэнні хлопец і не заўважыў, што даўно прагаладаўся. Быў ужо амаль поўдзень, а яны яшчэ нічога не елі.
– У тваім заплечніку сандвічы Джэсікі, трэба знайсці месца, дзе можна адпачыць, – прапанавала Кіра.
Макар з усмешкай паглядзеў на яе.
– За намі мора машын, выбірай любую, – сказаў ён.
Яны падышлі да найбліжэйшага зялёнага «Форда». Дзверы на здзіўленне аказаліся зачыненымі. Кіра патузала за ручку суседняга «нісана», і яны селі ў машыну. Знялі рэспіратары. У салоне з’явіўся моцны пах ежы.
– Абавязкова трэба запасціся харчам у найбліжэйшых крамах. Добра, калі знойдзецца які-небудзь гіпермаркет, – сказаў Макар, прагна аплятаючы сандвіч.
– Джэсіка добра гатавала, – са смуткам адзначыла Кіра.
Запіўшы кароткі ланч вадой з бутэлькі, Макар дастаў дарожную карту. Зарад навігатара неабходна ж эканоміць. Расклаўшы карту на каленях, хлопец доўгі час вадзіў па ёй пальцам, а потым тыцнуў у адну кропку.
– Нам патрэбная траса № 95, яна выведзе нас з Нью-Ёрка. Аднак да яе яшчэ трэба дайсці.
– Далёка?