На пад’ездзе да моста дарогу перагарадзіў доўгі і вялікі грузавік «петэрбілт».
– Д’ябал, горад так проста не пакінеш, – вылаяўся Макар. – Магчыма, за мостам давядзецца шукаць новую машыну…
Кіра моўчкі слухала яго.
– Я зараз выйду і агледжуся. Сядзі тут, замкні дзверы і нікому не адчыняй. Я буду непадалёк.
Макар надзеў рэспіратар і выйшаў. Толькі цяпер хлопец зразумеў, што на ім няма абутку, і разам з тым адчуў, як у Нью-Ёрку пахаладнела. Праз шчыльную попельную завесу прамяні сонца амаль не дабіраліся да зямлі, і тэмпература знізілася – а пачатак жніўня і без гэтага быў прахалодны.
Макар наблізіўся да суседняй машыны. У сінім «нісане» нікога не было. Падышоў да чырвонага «петэрбілта», прыўзняўся на яго прыступкі і зазірнуў у салон. Там таксама нікога. Затым прайшоў яшчэ колькі крокаў і ўбачыў бясконцае мора пустых машын, немаведама калі і навошта пакінутых уладальнікамі.
Вярнуўшыся да Кіры, Макар адшчапіў ад панэлі навігатар і паклаў у кішэню.
– Што ж, давядзецца браць сумкі і рухацца наперад пешшу, – расчаравана сказаў ён.
– Я хачу вярнуцца назад, пакуль не позна, – цвёрда прамовіла Кіра.
– Калі ласка, не пачынай, толькі не цяпер…
– Куды, куды ты хочаш ісці? Ты нават не ведаеш дакладнага маршруту. Чаму ты не можаш мяне паслухаць?..
Макар насупіўся.
– Прашу, пакуль не позна, давай вернемся ў дом Філіпа ці хаця б у метро. У любое, якое нам спаткаецца па дарозе. Проста возьмем і зойдзем на першую станцыю. Там прынамсі будзе бяспечна. Пра нас паклапоцяцца.
– Я паклапачуся пра цябе, мілая, – Макар паглядзеў на Кіру. – Цяпер лепш асцерагацца вялікіх натоўпаў. Амерыка гіне, памятаеш, што казаў Філіп? Трэба рухацца да Канады, паспрабаваць выйсці на кантакт з тваімі сваякамі, знайсці ціхае і ўтульнае месца, каб перачакаць усе гэтыя катаклізмы. Як ты не разумееш: я хачу для нас толькі найлепшага. Ты мне не давяраеш?
Кіра паклала на яго руку сваю халодную далонь.
– Я давяраю табе, проста мне страшна…
– Мне таксама, маленькая, але дзеля нас я спрабую ўзяць на сябе ўсю адказнасць. Калі ласка, скажы мне, што ты са мной, я не хачу страціць твой давер у гэтым вялізным хаатычным свеце.
Макар глядзеў на яе з маленнем.
– Я з табой, любы, даруй мне мае псіхі, але ўся гэтая сітуацыя… Я не ведаю, што і думаць… Выбачай…
– Усе будзе добра…
Яны надзелі рэспіратары, узялі свае рэчы і выйшлі з машыны. Перад гэтым Кіра яшчэ раз агледзела галаву мужа. Зняла з раны абарваны шматок майкі і перавязала чыстым бінтам са знойдзенай у схованцы аптэчкі. Забраўшы ўсе лекі, яны рушылі да моста па крайняй паласе дарогі. Макар паклаў стрэльбу на левае перадплечча і выставіў перад сабой так, каб у любым выпадку можна было адразу прыцэліцца і стрэліць.
Ужо на подступах да першай калоны Макар зразумеў, што шлях будзе доўгім. Мост цягнуўся далёка за гарызонт і здаваўся бясконцым. Машыны стаялі адна за адной амаль што ўпрытык. Праходзячы паўз іх, хлопец уважліва ўглядаўся ў салоны з надзеяй знайсці жывую душу. Абавязкова неабходна будзе высветліць нумар трасы, якая вядзе да мяжы з Канадай. Філіп казаў, што такая траса існуе, аднак больш нічога канкрэтнага не гаварыў. Макар дастаў навігатар і зверыўся з наваколлем, паменшыўшы на сэнсарным дысплэі маштаб карты. Трасы як спруты звіваліся адна з адной, і немагчыма было знайсці патрэбную. А да ўсяго трэба было берагчы батарэю і ўключаць навігатар толькі па неабходнасці.
Калі яны ўзышлі на мост, іх вачам адкрыўся праліў Іст-Рывер. Макар заўважыў, што попельны дождж амаль сціх, аднак вада ў праліве была забруджаная, ад чаго здавалася, што паблізу адбылася вялікая ўцечка нафты.
Машын на мосце стала менш, і Макар з Кірай хутка дайшлі да першай калоны. Хлопец убачыў магутныя тросы падвеснага моста, якія адыходзілі ад яе ўніз. Відовішча было сапраўды грандыёзным. Праз шэрасць і змрочнасць наваколля ўсё, што дзеялася на мосце, прыўносіла ў сітуацыю яшчэ больш жудасці. Кіра ішла, не адстаючы ад Макара. Здавалася, што яны трапілі ў Аід і менавіта ў гэты момант пераходзілі раку Лету.
На шляху ім не сустрэлася ніводнага чалавека. Усе машыны былі пустыя, і ў гэта было цяжка паверыць: яны ж у горадзе з дзесяццю мільёнамі жыхароў! Людзі ратаваліся ўцёкамі. Як даўно – невядома.
Яны ішлі, здавалася, цэлую вечнасць, а мост усе не заканчваўся. Праліў пад імі пашыраўся, і з кожным метрам у іх узмацнялася адчуванне, што Іст-Рывер – гэта мора, якое не перайсці.
Урэшце, дабраўшыся да другой калоны, яны ўбачылі святло ў канцы тунэля – канец моста Уайтстоўн і дарогу, якая рэзка разыходзілася на яшчэ большую колькасць палос.
У Макара не было гадзінніка, і ён не ведаў, колькі часу ім спатрэбілася для таго, каб пераадолець мост. Паводле яго адчуванняў мінула каля гадзіны. Мабільныя тэлефоны ў іх абаіх ужо даўно селі, а зарад батэрэі на навігатары трэба было эканоміць.
Яны выйшлі на Хатчынсан-Рывер-экспрэсуэй.
Адразу за мостам шаша пашырылася на чатырнаццаць палос, ад чаго затор павялічыўся ўдвая. Машыны стаялі ў шчыльных калонах адна за адной. Попел паспеў асесці на іх тонкім шэрым пластом, надаючы відовішчу сапраўдны постапакаліптычны характар. Макар паглядзеў удалячынь. Ні адзінага гуку, руху ці нават шоргату. Горад бы вымер.