— Бульба сёлета ці ўрадзілася? — пытаецца маці.
— Урадзілася. І выкапалі за два дні. Зямля сухая.
— А што ў Лаварышках пра вайну кажуць?
— Ды там адно і ведаюць, што вайна пачалася, бо людзей у войска забралі. Брат твой стрыечны — табе, дарэчы, прывітанне ад яго, — пытаўся, ці хутка палякі з французамі Берлін будуць браць. А пазаўчора ксёндз завітваў. Цэлую гадзіну распытваў ды пацеры перабіраў. Во здзівяцца лаварышкаўцы, як даведаюцца, што іх да Літвы далучылі.
Гучна пазяхаю, даючы зразумець, што прачнуўся, і падымаюся з ложка.
Не паспяваю даесці гарбузовую кашу, як пад вокнамі ўжо свішча Рыдз. Мы з ім дамаўляліся ісці на дэфіляду.
— Аддасі гасцінец сябру, — маці адразае ад апольца ладны скрыль сала, кладзе ў торбу і, падумаўшы, вылузвае з вянка колькі цыбулін.
На дэфіляду ідзем утрох — я, бацька і Юзік. Яна, падобна, пачалася, бо з Кафедральнага пляца, адбіўшыся ад дажджыста-попельнага неба, далятае барабаннае буханне і людская гамана.
Пасярод Вялікай вуліцы стаіць літоўскі паліцыянт, паказваючы рукой у бок Кафедры. Бацька са здзіўленнем глядзіць на ягоны строй — чорны шынель з двума радамі бліскучых гузікаў і дзіўнага крою шапку з цэшкай, белым старчаком і чырвоным верхам.
— Паліцыянтаў у Літве «калакутасамі» клічуць, што значыць «індыкі». Памятаю, свойчас падзівіўся, скуль такая мянушка? — кажа бацька, разглядаючы «калакутаса».
Людзей на Вялікай процьма, і ўсе рухаюцца ў бок пляца.
— А добра, што сюды прыйшлі літоўцы? — пытаецца Юзік.
— Ведаеш, хлопец, адразу і не адкажаш, — бацька глядзіць на крыж Мікольскай царквы, — тое, што прыйшла ўлада, якую ніхто не клікаў і ніхто не чакаў, — гэта мінус. А тое, што сышлі саветы, — гэта плюс. — Зірнуўшы яшчэ раз на крыж, бацька хрысціцца, чаго раней ніколі не рабіў.
Вакол Кафедральнага пляца цёмна ад народу, і прабіцца наперад немагчыма. Стаім, сціснутыя з усіх бакоў, і бачым толькі вайскоўцаў са сцягамі, якія сшыхтаваліся на ганку сабора. З гучнаварыльніка вырываецца на прасцяг знявечаная рэхам прамова, і немагчыма разабраць аніводнага слова. Прамаўляюць, падобна, па-літоўску. У гэты момант нехта чырванатвары, з клінападобнай бародкай, прабіраецца скрозь натоўп, рукаецца з бацькам.
— Ну як маешся? Дзе хаваешся? — бацька ляпае знаёмца па плячы.
— Адным сказам не апавядзеш, — адказвае знаёмец і, наструніўшы слых, выстаўляе ўгору палец.
Рэпрадуктар керхае, трашчыць і пачынае гаманіць па-беларуску.
— Ад імя віленскіх беларусаў шчыра вітаю літоўскую армію… мы жылі цягам стагоддзяў у адной дзяржаве, падзяляючы з літоўцамі гора і радасці… выказваю спадзяванне, што беларусы знойдуць у асобе літоўскага ўрада разуменне і падтрымку…
— Ці не Адольф ля мікрафона заліваецца? — бацька становіцца на дыбачкі, пазірае паўзверх людскіх галоў.
— Ён, — трасе бародкай знаёмца.
— Каму толькі не даводзілася беларусам у ногі кланяцца, — бурчыць бацька.
— Думае, літоўцы яму газету дазволяць выдаваць. Таму і гарлае як варона на дождж.
— А чаму званы не звоняць? — убіваюся я ў размову, і «барада», прамовіўшы: «Ялбжыкоўскі не даў дазволу», — цягне бацьку за локаць. Хоча пагаманіць без чужых вушэй.
Грымнуў духавы аркестр, і дэфіляда пачалася. Мы з Юзікам бачым толькі бліскучыя, падобныя на казаны, каскі. Пратупаўшы міма нас, жаўнеры заварочваюць на вуліцу Міцкевіча. Прадзіраемся з сябрам скрозь натоўп, збочваем на тую вуліцу, мяркуючы, што чым далей ад пляца, тым меней народу будзе стаяць на ходніках. Над нашымі галовамі вецер матляе вялізны лозунг. «Віль-ня-ус гі-вен-то-яй свей-кі-ма Ліе-ту-вос Ка-ріо-ме-не!» — чытаем па складах, задзёршы галовы.
— Што тут напісана? — Рыдз перачытвае лозунг, бязгучна мылячы вуснамі.
Я касавуруся. Няма поруч бацькі — ён бы пераклаў.
— Аніводнага слова не зразумела, — Юзік выцірае смаркачы з-пад носа. — Ад нашых Сувалак да Літвы недалёка, але ніхто да іх не едзе, і яны да нас не прыязджаюць.
— Дык прыехалі ж. З кветкамі сустракаюць. Вунь, зірні, — да жаўнераў раз за разам падбягаюць кабеты з вялізнымі букетамі.
— Ды цётка радуецца, што саветы сышлі, а не таму, што літоўцы прыехалі, — кажа сябар, і я, падумаўшы, пагаджаюся.
— А што за сцягі павесілі?