Бацька пайшоў паглядзець, што адбываецца ў горадзе, і яшчэ не вярнуўся. Цётка Юстына, калі што якое, заўсёды да нас прыбягае, а тут і яе няма. Між тым маці і самой цікава — хто там б’ецца на вуліцах, — і яна раз-пораз падбягае да акна.
— Да Міцькі на хвілінку забягу. Пагляджу, як ён там… — умольна енчу каторым ужо разам, і маці дакорліва хітае галавой:
— Але толькі да Міцькі! Буду з акна сачыць.
На тумбе ні абвестак, ні газет. Адно бялее літоўскі плакат з выяваю Вострай Брамы. Хтосьці прайшоўся па ім сцізорыкам, распаласаваўшы на тонкія палосы і тыя матляюцца на ветры. Улетку так паласуюць паперу ды вешаюць на люфцікі, каб адбіцца ад мух.
Дзверы адчыняе Міцькава маці — незразумелага веку кабета з рудымі, як у Юзіка, валасамі. Ранейшым часам яна была вясёлай ды румянай, а цяпер прыкметна згорбілася і зблажэла тварам. Дзіва што. Саветы мужа на юры звезлі, а літоўцы сына пабілі.
Міцька ляжыць з забінтаванай галавой. Над ложкам, у куце, вісіць цёмны абраз ды кволіцца знічка лампады. Шверубовічы, як і мой бацька, праваслаўныя.
— Як маешся?
— Патыліца баліць, а так жыць можна.
— Добра яшчэ абышлося, — Міцькава маці бразгае на кухні посудам, — маглі б і мазгаўню адбіць.
— А што, там «Фаланга» ўсім кіравала? — ціхенька, каб не пачула Міцькава маці, пытаюся ў Міцькі.
— Чаму «Фаланга»?.. Завадатарамі ўсяго былі браты Філіпавы з расейскай гімназіі. У Пецькі, аднаго з братоў, граната ў кішэні была. Хацеў шпурнуць у «калакутасаў», але мы адгаварылі.
«Ужо і Міцька ведае мянушку паліцыянтаў, — я паціраю рукі, — можа, сказаць, хто яе пусціў у народ?»
— Хлопцы што прыдумалі: надзяваюць аблавуху, а наверх рондаль насоўваюць. Калі «калакутас» і дзеўбане дручком, дык не так балюча.
— Гэта я прыдумаў, — кажу Міцьку, і той адрывае забінтаваную галаву ад падушкі.
— Ты?! Прыдумаў?! Ды там і духу твайго не было. Сядзіш пад матчыным прыполам…
Чапля нешта крычыць услед, але я не слухаю. Выходжу з кватэры, гучна бразнуўшы дзвярыма.
Аднекуль з Наваградскай ляціць немы лямант. Маці ў акне не бачна, і я спачатку прыстаўным крокам, а потым як ветрам гнаны лячу па засыпаным смеццем і сухой лістотай ходніку. Неўзабаве, насупраць хлебнай крамы Ліўшыца, спыняюся і ўражана закапыльваю губу. Крама пазірае на свет выбітымі вокнамі і калыша, як на знак развітання, напісанай па-польску і па-габрэйску шыльдай. Шыльда завісла на адным цвіку. У вокны шпурлялі бітай цэглай, бо яна валяецца пад нагамі. Мясная крама выглядае яшчэ страшней. Там аконная рама вылецела і павісла, як тая шыльда. Калі выйшаў на Наваградскую, убачыў раз’ятраны натоўп, які бег некуды і на розныя галасы гукаў: «Прэч жыдоў з Вільні!» Кароткую хвілю стаю пад аркай і трушком, ціснучыся да сцен, прабіраюся да свайго дома.
Увечары адключылі святло, і мы ўтрох — бацька, маці і я — сядзім ля акна. Пагром не сціхае: па вуліцы па-ранейшаму бегаюць узброеныя палкамі і жалезнымі прутамі зграі «фалангістаў» ды шугаюць на конях «калакутасы». А калі сцямнела, на скрыжаванні залескатаў гусеніцамі савецкі танк. Той самы, з гнутымі трубамі ля вежы.
— Няўжо саветы вярнуліся? Можа, не пойдзем на могілкі?
— Паглядзім, — бурчыць бацька. — Танкі з Новай Вялейкі прыехалі. Там у саветаў вайсковая база. Няйначай, літоўцы папрасілі дапамогі.
Паслязаўтра Задушкі. Гэтым днём мы ўсёй сям’ёй наведваем Петрапаўлаўскія могілкі, дзе пахаваная цётка Люцыя, матчына сястра. Яна памерла маладой, і я бачыў яе толькі на фотаздымках. Помнік на цётчынай магіле скасабочыўся, і бацькі з лета збіраюцца яго падправіць. І вось Задушны дзень на носе, а помнік дагэтуль стаіць пакарабачаны.
Ноччу доўга не магу заснуць. У свядомасці гучаць крыўдныя словы Міцькі Шверубовіча, і я кручуся з бока на бок на шышкаватым сенніку. Маці нават уставала і мацала лабешнік. Раніцою абуджае бацькаў воклік:
— Сядзі дома, зачыніся на два замкі і нікому не адчыняй! Чуеш?
— Чую, — адгукаюся з неахвотаю і вомігам засынаю.
Ды як тут паспіш, калі ў дзверы стукаюць — спачатку два разы, а затым, пасля паўзы, яшчэ раз. Юзік!
— Сёння на Росах збіраюцца, — задыхана прамаўляе Рыдз, — а адтуль у цэнтр рушаць.
На могілках Роса пахаванае сэрца Пілсудскага, і штогоду, першага лістапада, там ладзяць урачыстасці ў гонар «начэльніка паньства». Ад кожнай школы выбіраюць па дзесяць вучняў, яны збіраюцца на пляцы каля магільнай пліты, шыхтуюцца і, укленчыўшы на правае калена, слухаюць казані пра тое, як Пілсудскі ўратаваў у 1920-м годзе Еўропу ад усходніх варвараў. Мне, аднак, аддаць гонар ратавальніку Еўропы не даводзілася. Замалы яшчэ. Але на ўрачыстасцях аднойчы прысутнічаў. Чорная пліта, пад якой пахаванае сэрца Пілсудскага і ягоная матка, месціцца перад каменным мурам. Мы з Міцькам на яго ўзлезлі, каб лепей бачыць урачыстасць, а паліцыянт нас сагнаў. На могілкавы мур нельга ўзлазіць, бо гэта святая мясціна.
— Ну ты як? Ідзеш? — сябар з нецярплівасцю тупае ля парогу.
Чухаю свярблівую макаўку. Усё ж такі бацькі загадалі сядзець дома. Ды прыгадваю словы Міцькі Шверубовіча і рашуча выдыхаю:
— Іду!