На стале — там, дзе ляжала бацькава кайстра, — стаіць школьны заплечнік. Учора да нас прыходзіла настаўніца і пытала, чаму не хаджу ў школу. Сёння мусіў пайсці, але ўсю ноч даймалі дрыжыкі, і маці, памацаўшы раніцай мой лоб, прамармытала: «Дабегаўся басанож».
Зранку хоць і калаціла, ды злёгку, цяпер жа трасуся як асінавы ліст, і лоб гарыць як варам апараны. Укруціўся ў дзве ватныя коўдры, але не даю рады сагрэцца. І, што дзіўна, заплечнік варушыцца ўваччу. То пашыраецца ў памерах, то змяншаецца, то расплывацца бруднай плямай.
Маці запарыла шклянку ліпавага квету, а сама пайшла на завод. Даведацца, ці будзе той працаваць. Адвар, ляскаючы зубамі па шклянцы, выпіў, але мне толькі горш зрабілася. Каб пазбыцца дрыжыкаў, з галавой зашываюся пад коўдру і чую, як ад Пагулянкі з перарывіста-плаксівым гудам едзе легкавушка. Энкавэдысты! Тапчан круціцца пада мною, я задыхаюся, адкідваю коўдру, і слых поўніцца аднастайным гудам — ужо не адна, а сотні чорных легкавушак едуць да нашага дома.
Лоба кранаецца халодная рука, і я з цяжкасцю раздзіраю павекі. Маці.
— Агнём гарыш. Горайка ты маё чубатае.
У кватэры прыцемна. Маці, не здымаючы палітона, падкідвае трэсак у печку, гучна бразгоча чайнікам. А можа, і не гучна. Проста кожны, нават кволы, гук б’е ў вушы, і мне ад таго робіцца страшна.
— Выпі, — зубы б’юцца аб край шклянкі.
Гарбата з малінавым сочывам. Маці ўлетку згатавала сочыва аж тры слоікі. Два я ўжо з’еў, а трэці яна прыхавала.
Тапчан ужо не круціцца, але галава гарыць агнём, а па спіне збягаюць струмені гарачай вады. Вочы засціць пара. Гэта мы з бацькам мыемся ў лазні на Пагулянцы. Бацька шугае на распаленыя камяні конаўку квасу, у твар б’е пякельная гарачыня. Вада, што ліецца аднекуль згары, робіцца ўсё больш халоднай, і я размежваю павекі. Глыбокая ноч і мёртвая ціша. Мацаю млявай рукой мокрую чупрыну і клічу маці.
— Як з лазні выкуліўся, — матчыны пальцы мацаюць грудзіну, — кладзіся пакуль на маю пасцель, буду бялізну мяняць.
Не адчуваючы ўласнага цела, з матчынай дапамогай, раблю пяць крокаў і кулём падаю на ложак.
Мяне абуджае прыдушаны шэпт:
— Цэлую ж ноч гарэў, а потым пацеў. Два разы бялізну мяняла.
— У мяне каліва мёду засталося. Магу прынесці.
Гэта маці перамаўляецца з цёткай Юстынай.
— Ну, а на працу хадзіла? Калі ўжо пачняце працаваць? — усё такім жа здушаным шэптам пытаецца цётка.
— Як жа… пачнём. Прыходжу ўчора, а там варштаты на машыны грузяць. Завод з усім майном і прычындаллем у саветы перавозяць. А каля заводскай управы Міхалеўская круціцца. З майго цэха. Ёй прамову напішуць, а тая на мітынгах чытае. «Што, — гавару, — дагарлалася?» А яна ў адказ мацюгамі. Саветы ёй нейкую пасаду паабяцалі.
— Во грабежнікі… А пра шчаслівае жыццё гаварылі, — цётка Юстына гучна смаркаецца. — Без працы можна неяк пражыць, а як мне жыць… без Тадэка?.. Нявестка ўчора прыходзіла. Разам паплакалі, — у дзверы нясмела стукаюць.
— Ён спіць, — прыглушана шапоча маці, і я крычу са свайго катуха:
— Ужо прачнуўся!
Юзік доўга блытаецца ў фіранках, якія маці шчыльна зацягнула.
— Ну як ты?
Перасмыкваю плечукамі.
— Учора на мітынг хадзіў, — голас Юзікаў поўніцца жарсцю.
— А дзе быў мітынг.
— На Лукішскім пляцы.
— І што там было?
— Ды я ззаду стаяў, нічога не чуў і не бачыў. Хацеў на дрэва залезці, каб штосьці ўгледзець, ды жаўнер схапіў за калашыну і на зямлю сцягнуў.
Сябрук захоплена распавядае, як ён брыкаўся, не жадаючы злазіць з дрэва, але я яго перабіваю:
— Слухай, а што за людзі ў вас начавалі?