— У доме насупраць жывуць. Ты ж іх павінен ведаць. Ва ўніверсітэце выкладчыкамі працуюць. Баяцца, што саветы арыштуюць, таму на ноч да нас перабіраюцца. Пані Ядвіга — ну… што ў нас начуе — прапанавала, як зіма настане, да іх перабірацца.
Тым часам цётка Юстына выпраўляецца дахаты, і маці адгортвае фіранку:
— Ну, Юзік, прыходзь пазней. Буду свайго хворага карміць ды лекаваць.
Тры дні ляжу ў ложку і не магу ачомацца. Гарачкі няма, але апанавала страшэнная немач, і, калі ўстаю з пасцелі, падлога зыбаецца і плыве пад нагамі. Карціць што-небудзь пачытаць, ды ў катуху цёмна, і мы памяняліся з маці ложкамі. Ляжу і гартаю «Рыцэж непакаляны» — нядошлы часопісік, які выпісвае цётка Юстына, а прачытаўшы, прыносіць нам. Апошні перад вайной нумар. На вокладцы польскі жаўнер пагрозліва пазірае ўдалеч, аберуч схапіўшыся за карабін. «Бог апякуецца над Польшчай» — чытаю на наступнай старонцы, і ўвушшу гучаць словы дзядзькі Янкі: «На Бога і Францыю спадзявайся, але і сам старайся». Маці, праўда, па-іншаму кажа: «Працуй, паляк-нябожа, тады і Бог паможа». Хаця і спаў трое сутак, аднак рот заходзіцца ад позеху. Дарма аддаў беларускую кнігу, не дачытаўшы. Зараз бы пачытаў. Там малады настаўнік ехаў на радзіму — спачатку на калёсах, потым цягніком, — выпадкова сустрэў старога сябра, яны зайшлі ў мястэчка і сталі граць з мясцовымі ў карты. І так доўга гралі, што давялося адкінуць кніжку.
Маці спіць у катуху. Змучылася, начамі каля мяне бегаючы.
Па лесвіцы хтосьці тупае. Цётка Юстына. Звычайна цётка стукаецца як і Юзік, асцярожна, з перарывамі, а тут грукае як мае быць.
Маці — улякнутая, расціраючы далонню прыспаныя вочы, — выбягае з катуха, шорхае па падлозе голымі пяткамі.
— Пачуў Пан Бог нашы малітвы! — цётчын голас дрыжыць, хрыпіць і зрываецца, а жалобная хустка збілася на патыліцу. — Нас Літве перадаюць!
— Якой Літве?
— Ковенскай, якой жа яшчэ.
— Усю Польшчу?!
— Ды не, адну Вільню.
— А чаму нас Літве перадаюць, а не Латвіі? — пытаецца маці пасля хвілі роздуму.
— Ды дзе тая Латвія… А Літва вуньдзека, за Ландваровым.
— Шкада, — летуценна прамаўляе маці. — У Латвіі заводы, дарогі, культура. Нашы інжынеры ў Рыгу ездзілі, на такі ж радыёзавод. Казалі, там вытворчасць, як у Амерыцы.
— Ты што, тыя заводы есці будзеш? У літоўцаў вэнджаныя гусі, кілбас дзесяць гатункаў, сала з кменам.
Цётка з маці выкульваюцца з кватэры. Вырашылі падзяліцца навіной з суседкамі. І тут жа ў дзвярной пройме паўстае ўскудлачаны Юзік.
— Чуў? — азываецца сябар ад парога.
— Чуў, — адгукаюся я, і дадаю: — Можа, гэта плётка?
— Якая плётка! Усе толькі пра Літву і гамоняць. І ў газеце пра тое напісана.
Звешваю з ложка голыя лыткі.
— Будзь сябрам, прыцягні тую газету.
— Здзерці? З тумбы? — сябар сунецца да акна. — Можна. Якраз там нікога няма. Адзін Міцька Шверубовіч афішу чытае. Саветы яго бацьку забралі, а ён на іхныя «кіны» бегае.
Усё ж такі Юзік добры хлопец. Што ні папрасі — усё зробіць. І з цыгарэтамі файна атрымалася. Маці штодня на Завальную ходзіць, на хлеб іх мяняе. Шкада, толькі пяць пачкаў засталося.
Сябар кідае на ложак дзве газеціны. «Віленская праўда». Распраўляю на каленях пакамечаную, з адарванымі ражкамі, газету. «У дружнай сям’і народаў Савецкага Саюза будзем будаваць сваё радаснае і шчаслівае жыццё». «Звяртаемся да Вас, родны наш бацька і правадыр…» «Гастролі ў Вільні аркестра беларускіх народных інструментаў». Пра Літву нічога няма.
— А гэта хто такі, побач са Сталіным? — Юзікаў палец тыцкаецца ў партрэт вайскоўца.
— Маршалак Варашылаў. Савецкі Рыдз-Сміглы.
Бяру другую газету, уголас чытаю:
— «У мэтах замацавання дружбы паміж СССР і Літвой горад Вільня і Віленская вобласць перадаюцца Савецкім Саюзам Літоўскай Рэспубліцы».
— А калі тыя літоўцы з’явяцца? — Юзік зразумеў усё без перакладу.