— Лабас! — кажа бацька і я няўцямна лыпаю вачыма. — Прывітанне па-літоўску. Прывыкай да гэтай мовы.
Даводзіцца пацерці лабешнік, запамінаючы мудрагелістае літоўскае слова.
Заплечнік зрываецца з плечука, гучна падае на падлогу.
— Заняткі былі? — пытаецца бацька і, не чакаючы адказу, працягвае перарваны маім прыходам аповед. — Карацей, гнілую дранку на хаце замяніў, плот адрамантаваў, палову хлява новай саломай перакрыў. Ну і кабана закалолі. Сусед дапамог.
Бацька прыехаў з Лаварышак не з голымі рукамі. На стале ляжыць аполец сала, з-за яго вытыркаецца ладны, з жоўтымі кроплямі тлушчу, кус тварожнага сыру, а на дзверцах шафы вісіць, кранаючыся падлогі, вянок цыбулі.
— Юстына казала, літоўцы наўрад ці затрымаюцца, — маці накладае ў місу гарбузовай кашы.
— А-а… ну раз Юстына казала — так яно і будзе, — бацька падміргвае мне вясёлым вокам, маўляў, бяры лыжку і сядай за стол.
Мяне запрашаць за стол не трэба. Прогліца напала такая, што асца з роту цячэ.
— Вы з Юстынай кепска ведаеце літоўцаў, — бацька таксама добра згаладаўся — есць кашу так, што нос угінаецца. — У іх там немаўля нараджаецца, а яму кажуць: Вільня наша. Так што іх адсюль попліскай не выганіш.
— Як жа… іхняя, — маці ўпрыкмет злуецца. — Ды я амаль усё жыццё ў Вільні пражыла і толькі аднаго літоўца бачыла. Працаваў у нашым цэху. І той па-польску размаўляў. Скуль тут літоўцы возьмуцца?
— Скуль… з Літвы прыедуць.
— Ага, ускінуць майно на калёсы, пасадзяць смаркатых дзяцей на клункі — і наперад?
— Менавіта так і будзе, — бацька аблізвае лыжку, і маці пляскае ў місу дабаўкі.
— А куды палякаў падзенуць? А габрэяў? А вас, беларусаў?
— Ты што хочаш, — бацька кідае лыжку ў талерку, — каб я ўзяў дзяркач і пайшоў выганяць літоўцаў?
— Еш ужо! — падхопліваецца маці, завязвае цёплую хустку і падаецца з кватэры.
— Зараз гэтая балбатуха ёй сем мяхоў навярзе. Не знясеш, — гугніць бацька, але згадаўшы, што ў балбатухі забілі сына, суравее тварам.
— Дзядзька Янка не заходзіў?
Я ўздыхаю.
— А што там за газеты? — бацька глынуў кампоту з кіслых яблык. — Кампот самы раз падсаладзіць, ды цукар даўно скончыўся.
— «Віленская праўда». З тумбы здзерлі.
Бацька чытае газеты ў напружанай паставе. Адну адкінуў са словамі «зусім мовы не ведаюць», падхапіў другую і, каб лепш зразумець сэнс надрукаванага, замармытаў:
— «Савецкаму Саюзу прадастаўляецца права трымаць ва ўзгодненых пунктах літоўскай тэрыторыі строга абмежаваную колькасць савецкіх наземных і паветраных сіл».
— Цяпер зразумела, чаму Сталін ім Вільню ўплішчыў, — бацька падхопліваецца, абыходзіць, па прыкладу дзядзькі Янкі, стол, зноў убівае вочы ў газету.
Парываюся спытаць — з якой нагоды Сталін уплішчыў Вільню, — але, пакаштаваўшы тварожнага сыру, забываюся пра ўсё на свеце. Сыр страшэнна смакуе, і я з асалодаю запіваю яго кіслым кампотам.
Вятрыска ўсхадзіўся не на жарты. Б’е ў шыбы, шамаціць выпетранай лістотай, ганяючы яе па бруку. Раней лісце прыбіралі дворнікі, зараз ім завалены двары і вуліцы. Такою парою, калі вые вецер, калі на даху бразгоча адарваная бляха і ціха брынкае пячная юшка, горад здаецца пустэльным і страшным.
Бацька храпе на ўсе застаўкі. З ім такое здараецца. Зазвычай маці яго будзіць, просіць павярнуцца на правы бок. Але зараз толькі ўздыхае, варушачы подыхам фіранку на дзвярах.
«Ну і дзіва, — я неадрыўна пазіраю на столь, — было места польскім, потым прыйшлі саветы і стала савецкім, цяпер жа, невядома адкуль, прыйшлі літоўцы… А дзе беларусы? Чаму яны не ідуць?» Бацька з дзядзькам Янкам кажуць, што беларусы — сялянская нацыя і што гарады захапілі іншыя народы. А чаму ж тады ў Лаварышках сяляне хоць і размаўляюць «па-простаму», але сябе палякамі называюць? «Прывязі ў Лаварышкі беларускага ксяндза ды адчыні беларускую школку, а тады і спытвай у тамтэйшага люду нацыянальнасць», — сказаў аднойчы дзядзька Янка.
Спрабую заснуць. Заўтра святочны дзень: урачыстая сустрэча літоўскай арміі, і ад самага ранку будуць званіць у касцёлах. І, панурыўшыся праз хвілю ў сонную замарач, чую далёкі звон. Я пазнаю яго. Так, з надтрэснутым гудам, бомкае касцёл у Зарэччы.
Пасля начной бессані прачынаюся позна. Церусіць дробны дождж. Званы не звоняць, і нават вецер, які ўсхадзіўся з вечару, аціх. Чутны адно асцярожлівы шорхат. Гэта бацька голіцца перад люстэркам. Пагаліўшыся, пырскае на падбароддзе адэкалон, гучна кракае, і я канчаткова абуджаюся.