— Дзе?
— Ды вунь… чырвона… зялёна… жоўтыя.
— А чорт іх ведае, — адмахваюся ад сябра, — пытаешся, быццам я літовец.
Рыдз шморгае носам, я лезу ў натоўп, а калі азіраюся, сябра за спінай ужо няма. Пакрыўдзіўся. Ёсць у Юзіка такая паганая рыса: крыўдзіцца з любой нагоды. Пайшлі на дэфіляду ўтрох, а зараз я адзін застаўся. «Ну дык не прападу», — і з гэтаю думкаю выбіраюся на край ходніка.
Праваруч стаіць маладая кірпатая пані, якая ўвесь час тыцкае мне ў твар мокрым букетам. Адпіхваю кветкі, але пані сюд-туд нахіляецца, казыча нос махровай астрынай. Нарэшце, крыкнуўшы «Вой!», «кірпа» вырываецца наперад і аддае букет вершніку на буланым кані.
— А мне падабаенцца вунь той, што з таго краю едзе, — гугнявіць другая пані, сяброўка «кірпы», і дзяўчыны, прыкрыўшы раты далонямі, пырскаюць гуллівым смехам.
— Прыехалі б кітайцы, і іх кветкамі засыпалі б, — сіпата прамаўляюць за спінай, і дзеўкі, азірнуўшыся, аціхаюць. — А коні ў жамойтаў добрыя, няйначай, аўсом кормяць, — зазначае той жа самы голас. — Гэта ў саветаў манголкі ішлі ды хісталіся.
Кафедральны пляц скаланае гучны рокат, паветра зацягвае шызая смуга. І вось ужо па вуліцы едуць танкеткі. Танкеткі зусім маленькія. Вышынёй прыкладна з «калакутаса», што важна, як той індык, ходзіць непадалёку.
— На такіх драндулетах да Варшавы не даедзеш, не кажучы ўжо пра Берлін, — не сунімаецца ўладальнік сіпатага голасу. — Старыя французскія «Рэно».
— Гэта не «Рэно»! Гэта брытанскія «Вікерсы», — крычаць ля майго вуха.
— Якія «Вікерсы»? Я што, «Вікерсаў» не бачыў? — пярэчыць сіпаты, і «кірпа», адчуўшы, што прыйшла пара сказаць слова, гугнявіць праз плячук:
— Панове, перашкаджаеце глядзець дэфіляду.
Танкетак у літоўцаў даволі шмат. Колькі стаім, а яны ўсё едуць і едуць. Я ўжо змёрз і шморгаю, як той Юзік, носам. Нечакана сіпун керхае для прачысткі горла і галёкае на ўсе затаўкі:
— Па коле ездзяць! «Соты»… «сто першы» — трэцім разам іх бачу.
Танкеткі пазначаныя лічбамі, і гэта іх выдала.
Наўкол смяюцца, зычна свішчуць, кабета ў чорным капелюшы, што стаіць пад бокам, ашалела гарлае: «Прэч адсюль, жмудзяцкія блазны!» Тым часам «кірпа» з сяброўкай шлюць танкістам паветраныя пацалункі, і тыя прыязна ківаюць галовамі.
Ліхенькі палітон не грэе. Іду дахаты напрасткі, дварамі, і на Наваградскай мяне траха не збіваюць з ног. Збой хлопцаў ляціць насустрач, бязладным тупатам скаланаючы наваколле.
— Куды ляціце, як ашалелыя? — енчыць старая бабця, прыхаваўшыся за ліхтарняй.
— Літоўцы дармавую кашу даюць! — чуецца ў адказ, і я, разгублена азірнуўшыся, бягу следам за хлопцамі.
На бойкім месцы, перакрыжаванні Наваградскай і Пілсудскага, у атачэнні натоўпу стаяць, пыхкаючы парай, дзве палявыя кухні. У людзей, што тоўпяцца ля кухань, у руках збаны, місы, талеркі і нават плеценыя кашы.
Залятаю ў хату, ды так, што маці падскоквае з перапуду. Грукнуўшы па пліце чайнікам, хапаю мядніцу, у якой маці мые посуд, і падаюся да дзвярэй.
— Ты што, звар’яцеў? Навошта табе мядніца?! — гучыць за спінай, але я ўжо збягаю па лесвіцы.
Каля кухні — жалезнага бака з адкінутай накрыўкай, — завіхаецца жаўнер у цыратавым хвартуху і з вялікім чарпаком у руцэ. Падступіцца да яго няма ніякай магчымасці.
— Кладзіце ў прыпол! — крычыць нейкая цётка, і кухар кладзе ёй ладную порцыю.
Паставіўшы мядніцу на голаў, спрабую прабіцца да кухні, мяне хапаюць за каўнер, цягнуць назад.
— Лабас! — крычу кухару, той наструньваецца, махае чарпаком.
Падумаўшы, што я літовец, людзі расступаюцца. Кухар таксама, відаць, думае, што перад ім спакрэвіч. Плюхае ў мядніцу поўны чарпак, потым, падумаўшы, другі, штосьці гергеча па-свойму, і я выбіраюся з натоўпу.
— Куды столькі кашы хапануў! — чуюцца абураныя галасы, і даводзіцца патлумачыць:
— Хворым у шпіталь.
У пакоі апетытна пахне кашай. І не абрыдлым панцаком, а грэчкай, прыпраўленай кавалкамі мяса. Хоць і прынёс з вулкі, але каша гарачая і абпальвае паднябенне.