Наступнай на слуп узбіраецца маладзіца ў чорным барэце. Дакладней, не ўзбіраецца, а становіцца некаму на плечы, прытрымліваючыся за слуп рукою.
— Я нарадзілася ў Вільні, на Малой Пагулянцы. Тут нарадзіліся мае дзяды і прадзеды. І вось з’яўляюцца ваякі на роварах і заяўляюць, што Вільня — іх горад. Ды гэтыя літоўцы смеху вартыя. Вы толькі гляньце, на каго падобныя іхныя паліцыянты…
— На індыкоў! — гарлае Юзік, і ўсе глядзяць у наш бок. — А па-літоўску індык — калакутас, — гучна ўдакладняе сябрук, дзяўчына ў барэце перапытвае:
— Як-як?
— Ка-ла-ку-тас! — крычыць Юзік, і натоўп на розныя галасы паўтарае мянушку.
Чарговы прамоўца пнецца залезці на слуп. Ад Кафедральнага пляца далятае пошчак конскіх капытоў. Гэта едуць тыя самыя «калакутасы» на сваіх дагледжаных конях. У іх руках гумовыя палкі. Мы з Юзікам нырцуем пад арку. Разам з намі бягуць два студэнты.
— Навошта рондаль цягаеш? — пытаецца ў мяне адзін з іх.
— Мазгаўню закрыць, калі «калакутасы» будуць палкамі біць, — адказвае Юзік.
Студэнт прыцішвае бег.
— А гэта ідэя, — звяртаецца ён да сябра, — аборкі да ручак прывязаў — і каска гатовая, — і сябар, азірнуўшыся, задыхана гамзае:
— А васямнаццатай на Татарскай. Трэба сказаць, каб з хат рондалі прыхапілі.
Яшчэ сплю, і скрозь сон чую цётку Юстыну.
— Мая ж пляменніца на Звярынцы жыве, прыбегла ад ранку. Кажа, усенькую ноч каля разглосні стралялі!
— Якой разглосні?
— Ну дзе па радыё перадаюць. Немец тую станцыю разбамбіў, а саветы, як прыйшлі, адрамантавалі.
Я задаволена пацягваюся. У горадзе ўсю ноч стралялі, значыць, у школу не пайду.
— Міцьку… суседа майго, прынеслі ўчора ўвечары, і галава ўся разбітая. З паліцыяй біўся. Ляжыць ды стогне, — цётка пераводзіць дых, стойвае і без таго ціхі голас. — Бохан жытняга ўжо злоты каштуе! А ўчора хлеб зусім не прадавалі.
Маці апошнім часам мяняла цыгарэты на хлеб, даўно не была ў хлебнай краме, таму і вохкае ад здзіўлення.
— Злоты?! Бохан хлеба? Езус Мар’я!
Да вайны бохан каштаваў трыццаць грошаў. Маці клала мне на далонь тры манеты па дзесяць грошаў і я, заціснуўшы іх у кулаку, бег у краму старога Ліўшыца. Хлеб галавакружна пах і я адкалупваў сухую скарынку ды клаў у рот. А то, як быў галодным, адломваў ладны гамёлак гарачага мякішу і пхаў у рот. Бацька, праўда, заўсёды папярэджваў, што гарачы хлеб есці нельга, бо можа ўтварыцца заварот кішак.
— Усё з-за габрэяў. Прыхавалі муку, пазачынялі пякарні, а мы памірай з галадухі.
Бацька яшчэ не падымаўся, і спружыны ягонага ложка незадаволена рыпаюць.
— А за якія грошы прадаваць? За злотыя? — бацька, падобна, змучыўся чакаць, калі матчына сяброўка пойдзе дахаты. — Абмяняюць злотыя на літы, тады і крамы адчыняцца. Ды і мука на складах скончылася.
Бацька кашляе, звешвае долу ногі ў белых падштаніках — мне гэта бачна праз шчыліну фіранак, — і цётка Юстына, цішком клянучы габрэяў, выпраўляецца дахаты.
— Ад самага ранку няма спакою, — бурчыць бацька, — навіны сыплюцца як з дзіравага меха. Ёй трэба ў рэпарцёры падавацца. Якраз днямі «Кур’ер Віленьскі» пачне выходзіць.
Маці абапіраецца рукамі на падваконне.
— Матка Боска, зноў некага панеслі. Увесь у крыві. Ці не старога Ліўшыца пабілі?
Чутны звон разбітага шкла, тупаніна і брудная лаянка.
— У школу сёння не пойдзеш, — пасля такіх слоў маці ідзе гатаваць сняданак.
Мяне не толькі ў школку не пускаюць, але і на вулку. А там дзеецца штосьці няўцямнае. Міма нашых вокнаў вязуць на брычках скрываўленых небаракаў; «калакутасы», па пяць-шэсць чалавек, бегаюць то ў адзін бок, то ў другі; праехала нават танкетка.