На парозе з’яўляецца бацька, уражана водзіць носам, і маці накладае яму поўную талерку літоўскага смакоцця. Бацька кідае на вяшак капялюш, падаецца да стала.
— Ты б палітон зняў, — гугнявіць, з поўным ротам кашы, маці.
Агораўшы дзве талеркі, бацька аблізвае лыжку.
— Далібог, мне літоўцы пачынаюць падабацца. Войска ў іх кволае, затое каша магутная.
— Пачакай, пачнуць вас, як тыя саветы, з ложкаў падымаць, — маці прыбірае са стала талеркі.
Бацька ідзе да вешака, выцягвае з кішэні палітона складзеную ў столку карталюшку.
— Ліста перадалі… ад Янкі.
— І што піша? — маці налівае ў мядніцу вады.
Бацька сядае за стол, насуплівае бровы.
— «Па мяне прыходзілі. Завіталі ў Зарэчча, а затым і ў Купрыянішкі. Выпадкова ўратаваўся. Учора арыштавалі Трэпку і Пазьняка, так што ў Вільні заставацца небяспечна. Збіраюся падацца ў Коўна, пагатоў мяжа, кажуць, практычна не ахоўваецца. У мяне там стрыечная сястра, так што знайду часовы прытулак. Як наладзіцца паштовая сувязь, абавязкова напішу. Прывітанне жонцы і сыну. Янка».
Нядзеля. Маці ад ранку пайшла ў касцёл, бацька падаўся шукаць сваіх сяброў, і я, даеўшы рэшткі грэцкай кашы, выходжу на вуліцу. Прычым з рондалем у руках — на выпадак, калі літоўцы зноў падгоняць свае кухні.
Тумбу ад ранку чарговым разам паскрэблі. Аж да бетоннай асноведзі, пакінуўшы толькі рэшткі рэкламы польскага фіята ды афішы фільма «Павел і Гавел». Фільма таго так і не паглядзеў. Маці не дала грошай. Сказала, што ён для дарослых.
Я вельмі люблю кіно. А яшчэ люблю прыходзіць у кінатэатр адным з першых. Ладкуюся на заднім радзе і з зачараваннем гляджу на белы экран. Нават халадок падступае да грудзіны ад адчування, што неўзабаве ў зале стане цёмна, пад столлю заварушыцца струмень святла і на экране ўзнікне дзея, поўная мужных твараў, імклівых цягнікоў, шляхетных мушкецёраў і індзейцаў на ўзмыленых конях. Шкада, што каштуе тое шчасце аж 40 грошаў, і маці дае іх раз у месяц.
Здалёк далятаюць гукі аркестра. Ці не ладзяць літоўцы зноў дэфіляду? Цягнуцца аднаму ў цэнтр горада няма ахвоты. З трубы Юзікавага жытла цягнецца лёгкі дымок. Падыходжу да трубы, стукаю па ёй косткамі пальцаў.
…Людзей у цэнтры, як ні дзіва, мала, а Ратушны пляц наогул пустэльны. Адно рамізнікі паныла сядзяць на козлах, насунуўшы на насы брылі сваіх чорных фуражак. Вільню ахутала халодная імжа, а ў паветры лунае няўцямнае рэха — ці то песні, ці то малітвы. Мы з Рыдзам круцім галовамі, і сябар тыцкае пальцам у бок Вастрабрамскай вуліцы.
Каля касцёла святой Тарэсы віруе людскі збой. Мяркуючы па шапках, тут сабраліся студэнты.
— Гляньце на іх — ужо і Вострую Браму прысабэчылі, — гучыць над натоўпам. — Перадайце ўсім: а першай гадзіне збіраемся на Замкавай і адтуль ідзем маршам!
Нарэшце заўважаем «калакутасаў». Уладна рассунуўшы ногі, яны стаяць упоперак вуліцы, перакрываючы дарогу да Вострай Брамы. На браме варушыцца ад ветру літоўскі сцяг, у паўкруглым акне кратаюцца размытыя імжой белыя постаці, і ўся вуліца шарая ад стрыжаных жаўнерскіх галоў. Гэта літоўскія ваякі прыйшлі на набажэнства.
— І ксяндзоў сваіх паспелі прывесці! — гучыць усё той жа голас.
Відаць, гэта хтосьці з «фалангістаў». У нашай школе некаторыя старшакласнікі да іх запісаліся.
Юзіка вулічныя закалоты не надта цікавяць. Ён задзірае голаў, захоплена шапоча:
— Прыгожы касцёл!
— Святой Тарэсы, — тлумачу я. — Маці сюды ў дзяцінстве вадзіла.
Мне было гадоў шэсць, а можа і меней. Маці прывяла ў гэты касцёл, і сэрца маё парывіста забілася — ад дзіўнага паху, ад шарага прыцемку, ад позіркаў святых, што стаялі на алтары і глядзелі ў мой бок. Пад скляпеннямі грымнуў пагрозлівы голас, усе наўкол, у тым ліку і маці, укленчылі, і мне стала страшна. Страшна і ў адначас цікава — чаму цётухна, што ўкленчыла поруч, раптам узнялася і пайшла, панурыўшы вочы, да вялізнай шафы. Стала каленямі на пацёртыя аксамітавыя падушкі, штосьці зашаптала ў разную адтуліну. Я ціхенька, незаўважна для маці, падышоў да шафы, зазірнуў у цёмнае нутро і здрыгануўся. Там сядзеў хтосьці вялікі і белы. Павекі ягоныя былі заплюшчаныя, але знянацку ён асавела зірнуў на мяне адным вокам, і я зайшоўся плачам. Яшчэ нехта, таксама ўвесь белы, які трымаў у руках срэбную тацу з грашыма, нахіліўся нада мной, і я загарлаў немым духам. Мяне доўга сунімалі — вунь там, на касцельных прыступках, дзе стаіць «калакутас», — пырскалі ў твар вадой, лашчылі па галаве і шапталі малітвы. З тае пары маці хадзіла ў касцёл адна.
— Ты што, заснуў? — сябар тыцкае пальцам у плячук.
Я схамянаюся. «Калакутасы», сашчапіўшы рукі, ідуць насустрач. Набажэнства ў Вострай Браме скончылася, і паліцыянты пнуцца вызваліць дарогу.
— Рушым на Замкавую! — абвяшчае «фалангіст», і мы прыстройваемся да шумлівай студэнцкай грамады.
На Замкавай поўна людзей, а каля Святаянаўскай званіцы пачынаецца мітынг.
— Літоўцы заяўляюць, што Вільня іхняя сталіца, а самі, цягам стагоддзяў, не пабудавалі тут аніводнага будынка, — галёкае, узбіўшыся на ліхтарны слуп, бялявы маладзён. — Яны пераназвалі Вільню ў Вільнюс і патрабуюць, каб і мы так называлі пракаветнае места. Дулю вам з макам, з пастарнакам, дарагія жмудзякі! — маладзён хоча нешта дадаць, але яго сцягваюць са слупа, і на ліхтарню ўзбіраецца новы прамоўца.
— Літоўская гліна ходзіць па Вільні, узяўшы рукі ў бакі. І я вам скажу чаму: таму, што Гітлер са Сталіным выдалі ім карт-бланш. Маўляў, душыце палякаў, а мы, калі што, вам дапаможам. Паглядзім на гэтых фанабэраў, калі атрымаюць каменем у лабешнік! — натоўп ухвальна гудзе, б’е ў ладкі, прамоўца з’язджае са слупа і тут жа зноў узбіраецца: — А выкацяць супраць нас свае смярдзючыя танкеткі, мы іх спалім, як спалілі нядаўна пяць савецкіх танкаў!