Акідваю вачыма артыкул, паціскаю плячыма:
— Не напісана.
— У савецкую школу не пайшоў, не пайду і ў літоўскую, — сябар ківае на мой заплечнік. — Пані Ядвіга, якая ў нас начуе, казала, што літоўская мова вельмі цяжкая. І як на ёй вучыцца?
III
Усё ж такі мусіў пайсці ў школу. Вучымся па-польску, па старых падручніках. Вучняў у нашым класе засталося менш за палову. Астатнія падаліся з бацькамі на вёску, каб перажыць ліхую часіну.
Літоўцы так і не з’явіліся, і ад бацькі няма ніякіх звестак. Выпраўляўся ў Лаварышкі, абяцаў ліста перадаць. Ходзяць жа людзі з тых мясцін у Вільню. Але так і не перадаў. І маці з тае нагоды ўсю ноч круціцца на ложку і цяжка ўздыхае. Вось і зараз, вярнуўшыся са школы, запытальна торгаю падбародкам, маўляў, ці ёсць што ад бацькі, і маці апускае вочы.
— Давай у нядзелю туды злётаю! — я скідваю долу заплечнік.
Мы з бацькам у Лаварышкі безліч разоў ездзілі. Нарачанскім арбонам. А мінулым летам вырашылі пехатой прайсціся. Дайшлі да Міцкунаў, а там нас знаёмы лаварышкавец на калёсы пасадзіў. Так што дарогу добра ведаю.
— Бацька знік, і ты хочаш знікнуць? Саветы ўсё перакрылі. Па горадзе ідзеш, і то пропуск патрабуюць, — памаўчаўшы, маці шапоча: — і калі ўжо тыя чортавы літоўцы з’явяцца?
З цікавасцю зыркаю ў акно. Хаця толькі што прайшоўся па вуліцы, з акна яна выглядае больш цікавай. Каля тумбы нікога няма. «Віленскую праўду» хоць і вывешваюць, але яе ніхто не чытае, бо пра Вільню там не пішуць. Друкуюць даўжэзныя спісы нейкіх дэпутатаў ды заклікаюць ісці на выбары. На перакрыжаванні, як і раней, стаіць чырвонаармеец са сцяжком у руцэ. Учора ён стаяў без працы, пазяхаў ды паглядаў на мясцовых дзяўчат, а сёння машыны едуць адна за адной, і жаўнер увесь час махае сцяжком, паказваючы, куды трэба паварочваць. Адзін з грузавікоў, з брызентавай будай на кодабе, спыняецца, жаўнер ускоквае на падножку, штосьці тлумачыць кіроўцу. Машына кіруе ў наш бок, і я цісну скронь да шыбы, спрабуючы ўгледзець, што вязуць пад брызентам. Краем вока бачу, што там, шчыльна прыціснуўшыся адзін да другога, сядзяць жаўнеры.
…Ноччу нас абуджае няўцямны гуд і жалезны ляскат. Мы з маці падаёмся да акна. На перакрыжаванні, у кволым месячным святле, ідуць вайсковыя шыхты, а за імі кратаецца, ляскаючы гусеніцамі, танк.
— Ці не літоўцы аб’явіліся? — шапоча маці.
Танк савецкі, і я трасу галавой.
— Людзей пахапалі, завод скралі і ўпрочкі падаліся, — маці са стогнам кладзецца на ложак.
— А чаму саветы ноччу з’язджаюць? — я праводжу танк неадрыўным позіркам.
— А зладзеі ўсё па цёмнаму робяць, — маці адварочваецца да сцяны і здушана плача.
У школу ходзім з Міцькам Шверубовічам. Шторанку падыходжу пад ягоныя вокны, свішчу ў чатыры пальцы. Сёння ж Міцька сам сустракае мяне каля пад’езда.
— Чуў, бальшавікі ноччу з’ехалі.
— Ведаю, — адказваю без усялякай ахвоты і ўбіваю галаву ў плечы.
Наперадзе, па Вялікай Пагулянцы, цугам ідуць вайскоўцы. І йдуць не проста так, а коцячы поруч ровары.
— Літоўцы! — лапоча Чапля, і мы бяжым насустрач цугу.
Паспяваем убачыць толькі апошніх раварыстаў. Следам за імі, нервова тузаючыся і засцячы Пагулянку шызым дымам, рушыць маленькая танкетка — з кулямётам на вежы замест гарматы. Мы з Міцькам сунемся бліжэй, каб лепш разглядзець гэтае дзіва, і бамбіза ў чорным шынялі і ў фуражцы з чырвоным верхам зласліва трасе кулаком.
Народу на ходніках няшмат, а тыя, што ёсць, смяюцца, а то і рагочуць, паказваючы пальцамі на танкетку.
— Ну і войска! — галёкае хударлявы пан з вусамі як у Пілсудскага. — Дзве танкеткі, тры гуляйнагі — прыехалі да нас на пірагі.
Усе наўкол рагочуць, а вайсковец, што вытыркаецца з танкеткі, прыязна пасміхаецца. Думае, што на ягоны адрас сказалі штосьці добрае. Следам грукаюць ботамі абвешаныя гранатамі жаўнеры.
— Глянь, якія ў іх каскі, — торгае за рукаво Міцька Шверубовіч. — На перакуленыя казаны падобныя.
— Каскі нямецкія, з той вайны, — не сунімаецца даўгалыгі «Пілсудскі», — няйначай, у васямнаццатым годзе нямецкі склад абрабавалі.
— Ці пойдзем у школу? — пытаюся ў Міцькі, і той, мне на радасць, адказвае:
— Якая школа? Не бачыш, дарогу перакрылі.
Дахаты, уволю набегаўшыся, вяртаюся адвячоркам. На лесвіцы ледзь перастаўляю ногі, адчыняю дзверы і чую вясёлы смех. Бягу ў святліцу, абхопліваю бацьку за шыю. Той сядзіць у новай кашулі і есць па выпадку звараную гарбузовую кашу.