– Ці дапаможа, калі ў горадзе ведзьмакі і супастаты раскашуюць як сыр у масле?
– Якія чараўнікі? – ускінуўся поп, прафесійныя інтарэсы якога аказаліся закранутыя.
– А што, не ведаеце? – пані войтава ўмее трымаць шматзначная паўзы. – У Макрыньчынага сына малодшага па шэсць пальцаў на нагах! Знаеце ж, ойча, што гэта значыць?
– Дык ён жа хрышчаны!
– Знаем мы, дзе яго хрысцілі! У Млынах, там і поп не прасыхае, дваяжонца, і на дзячка той рок эпітымію накладалі. Ён і антыхрыста да прычасця прывядзе! Ісцінна, ісцінна гавару вам, што Макрынька нячыстага да сябе дапусціла, от і нарадзілася шасціпалае выроддзе! Я даўно заўважала, што і летам яно ў ботах ходзіць. Чаго б? Што, сын караля? А от яно што!
Такі аргумент быў зразумелы спрэс – не выключаючы і пані войтавай, і пана айца – басаногай кампаніі.
– Шасціпалы Ляўко? Скуль пані ведае? – далікатна засумняваўся поп. – Пані Макрыня ўгодныя Богу справы робіць, мінулым летам фундуш дала на царкву ў Страдчэ, пазатой рок – у Кастамалотах…
– Ойча, хай вам грошы вочы не засцяць, ахвяравала на царкву якраз таму, што грашыць многа. Яна, яна прычынай, што Бог на Берасце наслаў мор і нястачу!
– Дык забіць выроддзе! – выбухнуў нехта з тых, хто падцягнуўся да яткі, калі там з’явілася войтава.
– Забіць! Забіць! – словы пабеглі па пляцы, завярнулі за рогі камяніцаў.
– Нездарма Макрыньцы шанцуе: і камяніцу новую пабудавала, і кароль кансэнс асабіста ёй даслаў. Хто з нас такім пахваліцца можа? Гэта нячысты ёй дапамагае!
На рынкавы пляц уехала падвода, на якой навалам ляжалі мёртвыя; возчык – нейкі абсалютна адвязаны тыпус, здаецца, п’яны. Гэта мор.
Пані Багушова раптам залямантавала:
– Усе памром, усе здохнем, пан Бог ад нас адвярнуўся, бо згубілі мы страх божы!
– Забіць вырадка, задушыць, зарэзаць! – да яткі падцягвалася ўсё больш народу. – Хай паплацяцца, калі вінаватыя!
– Хадзем да Макрынькі! Хай выдае свайго вырадка! Забіць яго ў славу Божую!
Коданьскія салявары ўжо трэслі нажамі.
Праз рынак, дзе стаяць каменныя лавы, дзе вецер трэпле яткі, дзе раскашуюць глыбачэзныя калюжы з чорным гразкім мулам, натоўп рушыў да дома Макрынькі. Дрыжучы ад хвалявання, я кінулася – праз пляцоўку, дзе стаяць гарматы часоў Другой сусветнай, міма адрэстаўраванай расейскай царквы – следам. Калацілася, каб якое непрадбачанае здарэнне не перашкодзіла мне пабачыць развязку. Не перашкодзіла. Я была ў нары раней, чым натоўп наблізіўся да Макрынінай камяніцы. Вызірнула ў той момант, калі Эстэрка, адчуўшы, куды вецер вее, зачыняла аканіцы на карчме. Выгукі і галас хутка набліжаліся; наперадзе праставала пані войтава, за ёй, як прышпіленая, трымалася пані Багушова; натоўп разросся ўдвая. Камяніца Макрыні маўчала.
– Макрынька! Выходзь да паспольства! Выводзь да паспольства д’ябальскае выроддзе! – крычаў стрыечны пляменнік пані войтавай, Іван Кукаль; я ведала гэтага маладзёна, пару разоў бачыла яго ў горадзе. А цяпер ён быў у галаве натоўпу, побач з цёткай.
Камень, кінуты ў акно, перарваў прамасленую паперу, якой былі зацягнутыя рамы.
Белая, як яе намітка, на каменным парозе стала Макрынька; у руцэ яна трымала шаблю.
Гул трохі аціх.
– Хай Ляўко пакажа ногі! – выгукнула пані Багушова. – Хай пакажа! Чаму ты баішся паказаць яго, калі ён не д’яблава выроддзе?
– За такія словы падам у суд. Што вы сюды прыйшлі, недалугі? Прачулі, што пан Трызна ў ад’ездзе? Прывяла вас войтава, ясна. Яна даўно на мяне меч точыць, бо я ёй не папускаю! Ідзіце ўпрочкі! Не маеце права тут стаяць, перашкаджаць паспалітаму люду, перашкаджаць мне. Упрочкі, пакуль Начко варту не прывёў.
– Яна яшчэ пагражае! – абурыўся Кукаль. – Давай сюды Ляўка, ведзьма! Праз цябе мрэ народ берасцейскі! Смерць ведзьме і яе вырадку!
Тут з глыбіні дома на ганак выбег, не ўпільнаваны, маленькі Ляўко. Ён быў у боціках. Было яму, пульхнаму чалавечку сапраўды з шасцю пальчыкамі на абедзвюх ножках (што я ведала дзякуючы сваёй нябачнай прысутнасці ў Макрыніным доме), не больш за два гады. І пан Трызна, і Макрыня, і дзеці цешыліся з хлопчыка і ўсяляк хавалі яго хібу. Сёлета пан Трызна збіраўся везці яго ў Цепліцы, дзе знакаміты хірург гарантаваў, што зробіць неабходную аперацыю. Не паспелі.
– Хапай яго! – закрычаў пан Кукаль і кінуўся да малога.
Бледная, як і гаспадыня, Раіна высмыкнула на ганак, падхапіла хлопчыка і, узмахнуўшы падолам, знікла ў цемры дома, ляснула дзвярыма. Чуваць было, як павярнуўся ключ у замку. Макрыня засталася на ганку адна.
– Ламай дзверы, цягні ў агонь ведзьмакоў!
– У пятніцу зачаты, дзецішча нядобрае! – галасіла пані Багушова.