Насуперак этыкету, ён першым працягнуў мне руку і моцна паціснуў маю бязвольную халодную клюшню.
Я пажадала яму добрага адпачынку, запрасіла прыходзіць у любую раніцу, калі адчуецца патрэба ў свабодзе, і доўга глядзела ўслед, аж пакуль спіна яго не знікла канчаткова за хмызамі.
Не атрымала аўтограф
Дзень, які пачаўся так трыумфальна, я працягвала ў поўнай эйфарыі. Адчуванне неўтаймоўнай і нечаканай лёгкасці – як у дзяцінстве, калі падстрыглі доўгую, адгадаваную за ўсё жыццё касу. Хатнія справы, якія звычайна ляжалі на маіх плячах цяжкім гнётам, рабіліся самі сабой. Я абсталявала для гусей басейн з карыта, чухала свінню па спінцы (яна адразу разляглася, ад задавальнення адкінуўшы капыткі), пагавэндала з Ярашыхай, Лёніхай і Уругвайцам каля аўталаўкі пра тое, колькі дзён пасля выбараў яшчэ будуць працаваць ліхтары, якія запаліліся ў Дабрацічах учора… Па асаблівай добразычлівасці, па жартах, па тым, як да мяне ўсе павярнуліся, калі я падышла, я зразумела, што прысутныя ведаюць гісторыю з Кукалем, і што Дабрацічы мяне адабраюць… Гэта яшчэ дадало мне настрою. Я нават дэмантавала сабачыя будкі, не адчуваючы той горычы, якой чакала. Перакусіўшы, вырашыла залезці на дах. Я вярталася да жыцця – і мне зноў карцела туды, у нару. Разглядаючы дах знізу, я раздумвала, чаму ж, ад чаго залежыць тое, што там ці там, у пэўным месцы і пэўны час я трапляю ў іншыя эпохі. І напрамілы Бог, ці ўсё ж я трапляю туды сапраўды або толькі ў думках? Выразнасць і разнастайнасць таго, што я бачыла ў норах, нечаканасць такіх прарываў гаварылі за тое, што, як выказаўся б які Феербах, гэта была ўсё ж аб’ектыўная рэальнасць; але здаровы сэнс і ўвесь мой выключна матэрыялістычны досвед жыцця – што ўсё гэта суб’ектыўныя галюцынацыі. Я павярнулася, каб пайсці па драбіну, і ўздрыгнула – за мной стаяў Міхась Яраш. Ён ціхенька прыйшоў і стаяў моўчкі.
– Я хачу з табой пагаварыць, – не здароўкаючыся, сказаў ён. – Павініцца, – дадаў пасля паўзы.
– Што ж, пайшлі прысядзем.
Мы селі за стол пад грушай, за якім сёння зранку я ўжо сядзела з міліцыянтам.
– Гэта я вінаваты ў смерці бабы Макрыні, – словы даваліся Мішыку цяжка. – Але я не хацеў.
Я зноў уздрыгнула.
– Ты? Як, чаму? Не Кукаль? Не разумею…
– У цябе дома ляжаць ксеракопіі старых актаў…
– Так.
– Усё праз іх. Памятаеш, калісьці я да вас прыходзіў, каб ты паказала, як падключаць украінскую артаграфію? Пазваніла Уляна, ты выйшла, а я, ад няма чаго рабіць, пачаў гартаць стос, і амаль адразу натыкнуўся на вельмі цікавы дакумент…
– Пратэстацыя Хрыстофа Трызны?
– Дык ты бачыла?
Я кіўнула.
– Я знаю, колькі цяпер каштуюць вырабы ягонага бацькі. Я ўжо пятнаццаць гадоў шчыльна займаюся нумізматыкай і антыкварыятам. От і ўсё тлумачэнне. Што мне было рабіць? Паказаць тэкст табе? Але ж гэта значыць выпусціць з рук скарб. Хто цябе – з тваёй непрадказальнасцю! – знае, як ты адрэагуеш. Мне трэба было спакойна, нетаропка самому прагледзець усе стосы – можа, там знайшліся б яшчэ нейкія дакументы? І як гэта зрабіць незаўважна? Украсці іх? У доме заўсёды хтонебудзь знаходзіцца. Наконт бабы Макрыні я не пераймаўся, яна ж ужо і глухаватая, і падслепая, я не сумняваўся, што мне ўдасца цішком-нішком пранікнуць у хату нават у яе прысутнасці. А вось ты з тваёй знанай чуйнасцю… Я ж ведаў, што і спіш ты чуйна, і ад хаты далёка не адыходзіш. І я вырашыў, што цябе трэба ўсыпіць. Чым, каб гэта было бяспечна і для мяне, і для цябе? Пашукаў у інтэрнэце, і знайшоў на адным з форумаў просты рэцэпт снатворнага: кардыёстымфортэ змяшаць з кавай. Аўтар гарантаваў доўгі, спакойны сон. Кардыёстым у нашай аптэчцы быў, бабуля п’е, дый прадаецца ён, у адрозненне ад снатворных, без рэцэпту. Я яшчэ пашнырыў па нэце і ўпэўніўся, што больш простага і эфектыўнага снатворнага мне не знайсці. Я расцёр пігулкі ў дробны пыл, набралася паўбутэлечкі. Цяпер паўставала пытанне: а як змяшаць гэта з каваю і, галоўнае, падсыпаць табе? Купіць нейкай экзатычнай кавы, заправіць і падараваць? Рызыкоўна, можаш нешта западозрыць. Паспрабаваць цішком падсыпаць у доме? Без асаблівай надзеі той жа ноччу, хутчэй як на выведку, я выправіўся да вас і – вось дзіва! – дзверы былі незамкнёныя. Вы што, не зачыняеце дзверы на ноч?
– Замыкаем!
І тут я сцяміла, што Мішык пранік да нас на веранду якраз той ноччу, калі я абгартала бульбу! Мяне як калом па галаве ўдарыла. Значыць, усё ж такі я вінаватая! Калі б я ў тую ноч не пацягнулася на гарод, Мішык не змог бы трапіць у дом, і бабуля б не атруцілася! О Божа! Успомнілася мне, як яна сварылася на мяне, што цёгаюся па начах. Я тады адмахнулася, а яна ж, як выявілася, фатальна, фатальна мела рацыю!
– Я ціхенька зайшоў у дом, – працягваў мой малады сусед. – Дзе ў цябе стаіць кава, я ведаю – ты ж не раз мяне частавала… На наступны дзень я быў сам не свой, з самага ранку вырашыў пайсці пад вашу хату, чакаць, што ты вып’еш кавы і заснеш.
І я б выпіла, каб не вырашыла парушыць сухі закон, напалохаўшыся ўсяго таго, што бачыла ноччу! Маё віскі выратавала мяне, але забіла бабулю!
– А тады б я ўжо, схаваўшыся дзе, спакойна змог вывучыць усе акты. Але мяне штось як цюкнула: перш чым ісці, я яшчэ раз залез на той форум, дзе знайшоў рэцэпт. І – жах! – там з’явіўся новы камент, у якім прафесійны доктар напісаў, што прапанаваны рэцэпт снатворнага – небяспечны нават для здаровых, а для людзей, у якіх аслабленае або хворае сэрца, ён – смяротны! Не выключыўшы кампутара, я кінуўся да вас, але… Твая баба сядзела над кубкам кавы, і з першага позірку я пабачыў, што ўжо позна. Я стаяў у шоку. Баба Макрыня памерла праз мяне… Я не ведаў, што рабіць, я не чакаў такога. Ты не можаш уявіць, што гэта такое – адчуваць сябе забойцам («Якраз магу. Але Ярашыха, выходзіць, не падзялілася сваімі здагадкамі наконт мяне і Кукаля з унукам», – прамільгнула ў мяне думка). Холадна разважыўшы, у гэты час я мог прайсці ў дом і завяршыць свой план, але тады нават думка мне такая да галавы не прыйшла. Я кінуўся дадому. Дома, седзячы ля кампутара і невідушча гледзячы на экран, я запанікаваў. І вырашыў, што варта вярнуцца, каб забраць запраўленую мною каву і выліць рэшткі з кубка. Нейкі час я не мог сябе прымусіць, але нарэшце пайшоў – ды ля плота ўжо стаяла машына Зарніцкай, і я пачуў твой плач… Я зноў спазніўся.
У шоку, што так выйшла, праклінаў сябе. Хацеў проста разжыцца грашыма, а ў выніку забіў чалавека! Больш за тое, мяне вельмі турбавала, што табе працягвае пагражаць небяспека! Ты таксама кожны момант магла выпіць той кавы! Вырашыў пры першай магчымасці забраць пачак, але ўжо вечарам, калі мы з бабай прыйшлі пасядзець ля труны, яго не знайшлося на месцы. Куды ён падзеўся?
– Яго забрала Зарніцкая. Яна ўнюхала атруту.
– Так? – Міша выглядаў здзіўленым. – Ну, я гэтага не ведаў. Тым не менш, я яшчэ некалькі разоў прыходзіў, каб паглядзець, дзе ён, і забраць, калі змагу… Вось так усё і выйшла. Прабач мне, калі можаш. Пабачыўшы цябе над целам цёткі Лялькі, я вырашыў, што мушу павініцца, – закончыў ён.
Я маўчала. У мяне ёсць адна асаблівасць, якая, як і кульгавая нага, была са мной, колькі сябе памятаю: мне ніколі не ўдавалася адрозніць праўду ад ілжы. Я заўсёды верыла: пісьмоваму слову, таму, што мне гаварылі… Нават калі фальш быў непрыкрыты, я ніколі не магла сказаць ілгуну ў вочы: хлусіш! Проста не паварочваўся язык, і максімум, на што я была здольная – прабачыцца і павярнуцца спінай, каб сысці. Але, мусіць, пасля перажытага ў апошнія дні нешта ўва мне змянілася. Я слухала Мішыка – якога ведала яшчэ малым і бабуля якога выратавала мне жыццё некалькі тыдняў таму – і мне нешта муляла. Нешта ненатуральнае? Тэатральнае? Так, ён гаворыць праўду – але ці шчыры ён да канца?
– Знаеш, Міша, я думаю, ты цяпер прыйшоў не столькі, каб павініцца, колькі з нейкім іншым намерам. Не веру я вашай галаве, як сказана ў класіка.
Міша апусціў галаву, якой я не паверыла.
– Што ж, справа твая, – сказаў ён праз колькі секундаў, і тон яго раптам змяніўся. – Але навошта мне маніць? Навошта мне нагаворваць на сябе? Іншая справа, што я мог бы, вядома, не прызнавацца. Тым больш што, – ён панізіў голас, – вы асуджаныя. Вы моцныя і смелыя людзі – але вас змятуць, перамелюць і выкінуць. Да выбараў засталося ўсяго нічога, а пасля выбараў лёс ваш будзе незайздросны. А я буду тут жыць, і Бог будзе пасылаць мне вершы. Ты ж верыш, што вершы пасылае мне Бог? – я была вымушана кіўнуць. – Ну, вось. І калі пройдзе гадоў пяцьдзясят, ніхто не ўспомніць ні пра гэтыя выбары, ні пра вас. А пра мяне ўспомняць. І пра Дабрацічы – бо я напісаў пра іх. І гэта, напісанае, застанецца навечна.
– Напішы пра ўсё, што ты мне расказаў. І падпішыся. Пакінь аўтограф. Мяне абвінавачваюць у забойстве бабулі, ты ж знаеш, вось і будзе ў мяне доказ невінаватасці.