– Не. Я ў гэта мяшацца не буду. Табе не дапаможа маё прызнанне – і ты гэта добра ведаеш. Калі яны вырашылі цябе пасадзіць – то і пасадзяць. Пракурор проста на тваіх жа вачах парве маю заяву, і нічога ты не зробіш. Адзінае выйсце для цябе і Уляны – збегчы, схавацца куды-небудзь за мяжу.
– А! Дык вось дзе галоўнае слова! Збегчы за мяжу? Ты так за нас перажываеш? Не, гэта не твае словы! Цябе накіравалі сюды, накіравалі, каб ты па-сяброўску схіліў нас з’ехаць і схавацца – так? Яны зразумелі, што па-простаму, праз мардабой і крымінальныя справы не выходзіць нас заціснуць, то трэба праз угаворы? Найлепшы паэт Беларусі просіць нас, моцных і смелых людзей, падбаць пра сябе і з’ехаць за мяжу? Ім нявыгадна нас забіць, ім выгадна, каб самі склалі рукі.
– А што, скажаш, я не маю рацыі? Кіем гару не падапрэш, ты гэта добра ведаеш. Вы проста зломіце і свае жыцці, і жыцці Уляніных дзяцей. Тут яшчэ не саспелі ўмовы для таго, каб памянялася ўлада, людзі – а ты зусім не ведаеш людзей – сапраўды падтрымліваюць яе. І хутчэй я перавыхаваю іх сваімі вершамі, чым вы сваімі мітынгамі і заклікамі.
Раптам да мяне дайшло, кавалачкі склаліся.
– Я зразумела, як усё было! За табой сачылі, як за небяспечным тыпам. Канечне, ты ж пішаш па-беларуску, друкуешся ў «НН» і АRCHE, ясна, што ўзялі пад нагляд у такі час! І тут раптам яны дазнаюцца, што ты атруціў маю бабулю! Які ім гэта быў падарунак! Яны заявіліся да цябе і далі выбар: або ты працуеш на іх, або – турма. І ты выбраў. Так?
– А што мне заставалася рабіць?
– Ну ясна. Нічога не заставалася. Яны, мусіць, па сваёй завядзёнцы, цямнілі, напускалі туман, рабілі выгляд, што ведаюць усё… дарэчы, – мяне зноў пранізала здагадка, – ты, мусіць, думаў, што пачак з кавай таксама трапіў да іх? Ясна… Толькі навошта ты маніш сам сабе?
– Як маню?
– Ну, наконт таго, што ты будзеш выхоўваць людзей вершамі? Ты больш не зможаш пісаць вершаў, хіба ты не разумееш? Хто ж табе дазволіць? Ты будзеш цяпер, сябар мой, пісаць агіткі пра шчаслівае дзяцінства. Ты дбаеш пра тое, каб цябе помнілі праз пяцьдзясят год? Бедны! Ты ж падпісаў смяротны прысуд – толькі не чалавеку, а паэту. Усё, няма больш Міхася Яраша, застаўся толькі Мішык Ярашышын!
Ён узлаваўся.
– Я хацеў павініцца перад табой, зняць з душы цяжар. Хацеў, нарэшце, папярэдзіць цябе пра страшэнную небяспеку. Але ты, выходзіць, сапраўды няздольная адэкватна рэагаваць.
– Больш за ўсё не люблю дэмагогіі. З гэтым – да тваіх цяперашніх працадаўцаў. Ідзі, Міша, дамоў, і не прыходзь больш.
Я пачувалася вельмі стомленай. Стома; нават не стома, а вычарпанасць; быццам мяне закідалі камянямі амаль да смерці, але ў апошні момант пакінулі жывой.
Міша падвёўся і моўчкі выйшаў за веснічкі.
Вось так, спачатку эйфарыя, потым шок. І ў адзін дзень.
Але што я вам скажу: у Дабрацічах забойца на забойцы. Блізка канец свету.
Я таксама падвялася, каб пайсці ў хату; мой шлях пралягаў якраз там, дзе я паўзла на каленях да нагі Кукаля. І вось, калі я ўстала і зрабіла некалькі крокаў, раптам свет распаўся ў маіх вачах. Пейзаж вакол мяне змяніўся. Знік наш дом, як не было ніколі; павеяла холадам; дрэвы перабеглі на новыя месцы; не стала грушы, не стала грэцкага арэха. Пуста. Дзе я? Дасюль, правальваючыся ў нару, я заўсёды бачыла людзей; цяпер жа вакол было ціха і холадна, і абсалютна пуста. Навошта мне гэта паказваюць? Гэты пусты пейзаж неяк наклаўся на думку пра блізкі канец свету, і мне зрабілася страшна. Пустэча. Цішыня. І каб яна скончылася, каб пераадолець страх, я закрычала. І ўсё прапала. Я апусцілася на лаўку. Што гэта было? Не ведаю дасюль. Можа, будучыня. Можа, нейкае імгненне мінулага. Не ведаю.
Але ў той дзень, у тую хвіліну я зразумела, у якіх месцах трэба шукаць праходы ў норы: там, дзе адбываліся нейкія драматычныя падзеі, там, дзе нехта перажываў моцныя ўзрушэнні. Колькі разоў хадзіла я да лавы і назад – ніколі нічога не было. І вось жа, варта было мне тут перажыць такое прыніжэнне і страх – і адкрыўся ўваход у нару. Вось чаму гэта адбываецца ў турме: можна здагадацца, колькі страшнага там перажылі яе насельнікі за гады яе існавання; вось чаму гэта адбывалася ў крэпасці: колькі разоў на гэтым месцы паміралі ў пакутах, баяліся смяротна, сустракалі смерць… А на нашым даху? Не ў сілах трываць, усхваляваная сваім адкрыццём, я пабегла да Уругвайца.
Ён падкурваў пчолаў і адарваўся ад свайго занятку вельмі неахвотна. Тым не менш, я спытала:
– Дзядзька Генік, вы ж будавалі нашу хату, так?
– Але.
– От скажыце, калі ўзводзілі дах, нічога незвычайнага не адбылося?
Уругваец паглядзеў на мяне досыць падазрона.
– А чаму ты пытаешся?
– Дзядзька, трэба знаць. От трэба, і ўсё.
Ён зняў з сябе пчалярскі капялюш.
– Адбылося. Да гэтай пары страх працінае, як узгадаю. Мы тады ўзводзілі кроквы. Твой дзед, я, Ёвык, Макрыня дапамагала. А мой Валерык, якому тады было мо гады тры, сядзеў унізе, гуляўся. І от як паднімалі брус, я пахібнуўся, і ён паваліўся ўніз. Мамэнт – і ён забіў бы Валерыка. Але твой дзед, царства нябеснае, кульнуўся і падставіў рукі, і бервяно спынілася. Дзеду рукі перабіла, але Валерык застаўся жывы. От такое было.
Я падзякавала Уругвайцу.
Значыць, я дапяла правільна!
Норы ў часе – яны ў тых месцах, дзе людзі – істоты божыя ці нашчадкі малпаў – перажывалі нейкія істотныя (прабачце за каламбур) узрушэнні.