– Хапай іх! Усе бяром грэх на душу! – чулася з натоўпу, і пад гэтыя выгукі Кукаль сігануў да дзвярэй. Ён выхапіў сваю шаблю, але сустрэў шаблю Макрыні; тая пхнула яго нагой у пах і секанула з пляча па шыі. Кукаль упаў, заліваючы крывёю зямлю. Натоўп вохнуў, падаўся наперад, і Макрыньцы была б бяда, але з канца вуліцы ўжо данёсся крык Начка, тупат коней, і гарадская варта падляцела; перад сытымі коньмі вартаўнікоў натоўп расступіўся; Начко яшчэ паспеў таго-сяго перацягнуць пугай.
Пані войтава выступіла наперад:
– Арыштуйце забойцу! – яна абвінаваўча выцягнула наперад перст. – Арыштуйце забойцу майго пляменніка і ведзьму, і маці ведзьмака!
Вусаты, худы пан Уладыслаў, начальнік варты, нават не выцягваючы зброі, умеў уціхамірыць.
– Разыходзьцеся, люд паспаліты, імем яго міласці караля! Суд і паны райцы разбяруць справу, вынесуць прысуд правы. Разыходзьцеся!
Вартавыя дзейнічалі зладжана.
Некалькі з іх спешыліся і абкружылі Макрыню, якая ўсё стаяла з крывавай шабляй у руках на ганку. Рэшта пачала коньмі выцясняць люд назад. Толькі пані войтава не адступіла ад цела пляменніка.
– Пане Уладыслаў, я, родзічка забітага, патрабую арыштаваць забойцу.
– Я толькі бараніла сябе і дзяцей ад натоўпу, які яна пад’юджвала! А Кукаль першы кінуўся на мяне з шабляй!
Пан Уладыслаў пакланіўся войтавай, затым павярнуўся да Макрыні.
– Уладай, дадзенай мне яго міласцю каралём, я арыштоўваю вас зараз да допыту сведкаў і суда. Пан возны будзе весці следства, а вам, пані Макрыня, згодна з артыкулам Статута і загадамі караля, прыйдзецца пакуль сядзець у Замку.
У Макрыні забралі шаблю. На ганак выбегла Раіна, Макрыні дазволілі ўзяць вузел з ежай, пан Уладыслаў нават не стаў яго правяраць, хоць пані войтавая і настойвала. На ганак выйшлі дзеці, і Макрыніны, і Старымавы; Ляўко, зразумеўшы, што маці сыходзіць, з плачам кінуўся да яе; Раіна падхапіла яго; хлапчанятка, якое яшчэ смактала мацярыніну цыцку, уголас крычала і вырывалася з рук. Макрыню павялі ў Замак.
Да вечара я сядзела ля камяніцы. З горада час ад часу даносіліся крыкі, нешта там адбывалася, але я вырашыла не сыходзіць з месца. На змярканні вярнуўся пан Трызна. Начко прыняў у яго каня, і абодва зніклі за брамай.
Я трохі перасунулася па беразе, каб апынуцца ў доме. Спачатку трапіла на кухню, а галасы даносіліся з вялікага пакоя. Перасунулася яшчэ трохі і трапіла, куды трэба было.
Гаварыла Раіна:
– Я падрыхтавала ўсё, што трэба, пан Старыма. Не чакайце. Вывозьце дзяцей, хоць бы ў Дабрацічы, а лепш – у Львоў. Хто яго ведае, як тут павернецца…
– Гэтая пачвара на судзе скажа, што вывезлі Ляўка, бо Макрыня сапраўды вінаватая.
– Скажаце, што вывезлі, бо мору баяліся, разам з іншымі дзецьмі. У кожным разе, яго суду паказваць няможна.
– Праўда. Можа, удасца аперацыю і ў Львове зрабіць, не прыйдзецца ў Цепліцы ехаць.
– То добра.
– Выеду, як сцямнее. Паедзем наўкола, каб не ехаць па мосце. Лепш, каб пакуль ніхто нас не бачыў.
– Так.
– Мы з малымі возьмем шаблі, а Начко хай падрыхтуе аркебузы, – падаў голас з кутка Хрыстош.
– Слушна.
– Там у турэцкай трэба замок паправіць, – Начко падвёўся. – Хадзем, паніч, дапаможаш.
Начко і Хрыстош выйшлі. Раіна і Старыма засталіся адны; праз паперу, якой былі зацягнутыя вокны, прабівалася размытае жаўтаватае апошняе святло дня.
– Не чакаў я, што так прыйдзецца вярнуцца. Што ж, Раіна, я павязу дзяцей у Львоў, пастараюся з панам доктарам дамовіцца, потым адразу назад. Ці мо лепш вы з Начком вязіце, а я застануся каля Макрыні?
Раіна адмоўна пахітала галавой.
– Дарога няблізкая, небяспечная. Лепш паехаць вам. Макрыні будзе спакайней, што дзеці з вамі. А я тут і сама рады дам. Заўтра ж пайду да пана вознага.
Старыма выцягнуў зза пазухі чырвонага камзола скураны мяшэчак і працягнуў Раіне.