– Грошай не шкадуй.
Хтосьці пранізліва заверашчаў – я не адразу зразумела, дзе – у старым ці ў новым горадзе. Усё ж у новым, зноў ля рэстарана. Я вярнулася ў свой час.
У час, дзе Алка ды Улянка з Гадуноў ужо адбіліся ад Івана з Кукаляў.
Дзе чакаў кагосьці скарб пана Трызны.
Дзе шчэрыўся над дарогамі агідны твар.
Дзе нараджаліся і раслі новыя дзеці.
Дзе – гэтая здагадка разрасталася ўва мне – лёс гэтых дзяцей і змест прыдарожных бігбордаў нейкім пакуль яшчэ незразумелым мне чынам залежаў ад таго, у чые рукі трапіць скарб.
Розныя гатункі жонак на «Княжай ладдзі»
Было ўжо зусім поначы. Я паспрабавала зноў праваліцца ў нару, але чамусьці нічога не выходзіла. Праз якую гадзіну безвыніковых спробаў вырашыла, што сёння больш нічога не выйдзе і пайшла дамоў. Дакладней, не дамоў, а да Зарніцкай – яна распарадзілася, каб яе домработніца выдала мне ключы, каб я магла пры неабходнасці там пераначаваць, і некалькі разоў, заседзеўшыся ў крэпасці, я так і рабіла.
Вырваўшыся з цёмнай крэпасці на асветленую ліхтарамі вуліцу, я трохі запаволіла хаду. Па мабільніку я дамовілася з Хведзькам, каб ён заўтра пакарміў маіх жывёлаў і адчула, што і сама была б не супраць перакусіць.
Я ішла ўздоўж ракі, пераходзячы з плямаў жоўтага святла натрыевых ліхтароў пад цёмныя шаты дрэваў; у порце ціха вуркаталі краны; ізалятар бялеў у цемры свежаатынкаванымі сценамі. Трохі далей мільгалі і залаціліся агеньчыкі: новы рэстаран, месца адпачынку тых, хто падобным адпачынкам цікавіцца. Сам рэстаран на беразе, ёсць яшчэ адкрытая пляцоўка, якую вынаходліва размясцілі на вялізнай баржы, на вадзе, з нагоды чаго, мусіць, рэстаран назвалі «Княжая ладдзя». Смачна запахла кавай, тушанай капустай, глінтвайнам. Я вырашыла паесці тут. На баржы было многа людзей, мне ж хацелася спакою, і я прайшла ў закрытую залу. Тут амаль нікога не было, стаяў паўзмрок, даносіліся гукі маленькага аркестра, які граў на ладдзі: умпа, умпа, умпа – здаецца, «Полеся чар», старую, яшчэ польскіх часоў, песню.
Замовіўшы вячэру, задумалася.
Шасціпалае дробненькае хлапчанятка, Ляўко Трызна, выклікала ў душы маёй нейкае шчымлівае пачуццё, якое ахоплівала мяне кожны раз, калі я бачыла яго белую галоўку і зрэбную кашульку. Мне здавалася, што так бы я глядзела на сына, калі б ён у мяне быў. Я амаль не сумнявалася, што менавіта ад яго пайшлі мы, Гадуны. А тое, што прозвішча ў нас па ягонай маці, Макрыні, а не па бацьку, таксама лёгка тлумачыцца. У людзей таго часу часта былі двайныя прозвішчы, акрамя таго, нярэдка ў побыце карысталіся проста нейкай мянушкай, якая потым пераходзіла і ў паперы: Ляўко Трызнін Гадуноў або Ляўко Макрыньчын з Гадуноў зусім лёгка мог зрабіцца Ляўком Гадуном. І не выпадкова Раіна згадала назву Дабрацічы: відаць, гэты маёнтак сям’я або купіла, або заснавала на вольных землях. Нешта стукнула мяне ў грудзі: за плёсам у Дабрацічах ёсць дзве даліны – Ляўкова і Сіроціна… Макрыню спалілі як ведзьму, і Ляўко застаўся сіратой?
– Вам запіска.
Я ўзняла галаву, вырваная са сваіх думаў. Нада мной стаяла афіцыянтка. На невялікім падносіку яна працягвала мне складзеную ўдвая паперчыну.
– Мне?
– Так. Прасілі перадаць.
У святле невялікай лямпы, што стаяла на стале, я разгарнула паперу:
«Я ведаю, што ваша сястра распытвала пра мяне, не думайце, што ёй удалося зрабіць гэта таемна. Я ведаю, што вам плявузгалі пра мяне мае нядобразычліўцы. Але калі б яна прыйшла да мяне самой, то і ў вочы пачула б: так, я ненавіджу вас, Ала. Што вы сабой уяўляеце? Пустое месца, старая баба. Вы ўжо не жонка яму, чаму Антон купіў вам кватэру, чаму запісаў на вас частку маёмасці ў запавеце? Памятаеце, як вы скакалі ад бумеранга? Гэта ад мяне было прывітанне, і ў мяне ідэй яшчэ многа, і сяброў многа. Пакіньце Антона ў спакоі, папярэджваю. Я цяпер ягоная жонка, ён мой».
І подпіс: «А.Тлуская».
Нейкі час я глядзела на паперчыну ў поўным аслупяненні.
Што гэта? Хто такая А.Тлуская? І раптам мне ўспомнілася, як сястра расказвала пра сустрэчу з незнаёмкай на брэсцкім вакзале і папярэджанне той: «Але запомніце: трымайцеся далей ад Антаніны Длускай». Сястра тады яшчэ сумнявалася, ці правільна яна дачула прозвішча… Ці не ёсць гэтая Антаніна Длуская і А.Тлуская адной і той самай асобай?
Афіцыянтка прынесла крудзітэ і сок.
– Скажыце, а хто перадаў мне гэтую запіску? – спытала я.
– Антаніна Тлуская, – спакойна адказала тая.
– Ды хто гэта?
– Спявачка, хіба вы не ведаеце?
Спявачка! Дык вось яно што! Так, памятаю, мне ж казаў тады той хлопец-украінец пра спявачку, якую прадусуе Антон! Усё ясна! Дык вось яна, новая жонка Антона!
– А дзе яна?
– Сядзела тут, у бары, потым пабачыла вас, напісала запіску, папрасіла перадаць і адразу сышла. Але ў нас ёсць яе касета, калі хочаце паслухаць. Я магу паставіць.