Пятае дзіця Макрыні
Госпадзе, што творыцца!
Народ забунтаваў. Незадаволенасць набухала даўно; тут у Берасці – як, падазраю, і ўсюды – народ быў крыклівы і злы на жыццё; я часта чула галосныя незадаволеныя крыкі: на рынку, калі падаражэла соль; з моста, калі ўвялі мыта для мясцовых вазоў; ад ратушы, калі засядалі райцы, шумелі аднолькава гучна і польскія, і рускія; ад касцёлаў, калі туды з’язджаліся дэлегаты на соймы і соймікі… Жонка не дагадзіла – крык на ўсю вуліцу; вучань крыва выкраіў халяву – лямант; суседпартач перахапіў кліента – гвалт і бойка; шафар прыйшоў па падатак – енк, як па забітым… Я ўжо многае і многіх ведала ў горадзе.
Зразумеўшы механіку – калі тут дарэчы гэтае слова – маіх правалаў у норы, я не стала губляць часу – мне чамусьці стала здавацца, што часу ў мяне засталося няшмат, і на наступны ж дзень я выправілася ў крэпасць. Я ведала большменш дакладна – дзякуючы ўсё той жа Лаўранеўскай, – дзе знаходзіўся стары горад. У бязлюдным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», на шэрых і чырвоных асфальтавых сцяжынках, паміж фортаў, казематаў і бетонных, пафарбаваных пад бронзу, помнікаў, дзе тупалі, поўныя пыхі, кожны ў свой час, Троцкі, Пілсудскі, Гітлер са сваім Мусаліні, Брэжнеў з Машэравым, Лукашэнка, а цяпер вось Тарасенка – і шмат хто яшчэ, я ціха совалася, прыслухоўваючыся да сябе і будзячы цьмяныя падазрэнні двух ахоўнікаў, якія яўна нудзіліся ад недахопу работы. Мая задача была адматаць спружыну часу шмат далей; прамінуць агорнутыя празрыстым паветрам войны і перыяды будаўніцтва, пажэжы і паморы, і праз змрок знайсці адказ на пытанні, якія яшчэ ніхто не агучыў. І я сноўдалася па крэпасці. Ахоўнікі – два маладзёны – соваліся за мной, адзінай наведніцай. Іх можна зразумець, але мне яны перашкаджалі засяродзіцца, і ў мяне нічога не выходзіла. Мяне выратаваў выпадак. Я сядзела на газоне, беспаспяхова імкнучыся зноў адчуць ужо знаёмы мне стан раздробленага бачання. Ахоўнікі туляліся побач, потым усё ж вырашылі падысці.
– На газонах сядзець забаронена, – абвясціў мне адзін. – Іх не для таго сеялі, каб вы сядзелі.
Замест адказу я паказала пальцам, ахоўнікі адначасова абярнуліся, адзін з іх вохнуў, і яны кінуліся бегчы: за іх спінамі, на пляцоўцы ля рэстарана «Абарона» – яго адчынілі ў казематах ля ўвахода і прадавалі там гарэлку «Цытадэль» ды неймавернай цвёрдасці біфштэксы «Камбат Зубачоў», – дык вось, каля гэтай рэстарацыі двое нейкіх бэйбусаў зацята лупілі кіямі па шыкоўнай машыне; сыпаліся густым дажджом шкляныя пырскі, але праз адлегласць гуку было не чуваць. Дабегшы, ахоўнікі рынуліся ў бойку, малайцы з ломамі не хацелі здавацца, наведнікі рэстарана – колькі іх там было – пажадалі таксама далучыцца, тады падляцеў міліцэйскі «опель»… А я, як толькі засталася на самоце, адразу правалілася ў нару. Мае разлікі спраўдзіліся.
З таго дня ахоўнікі мне не надакучвалі. Дасведчаны ўладальнік шыкоўнай машыны запатрабаваў з комплексу такія бабкі за незабеспячэнне парадку, што дырэктар распарадзіўся ахове знаходзіцца ля рэстарана неадлучна, справядліва мяркуючы, што яшчэ адзін эксцэс можа прывесці прадпрыемства да банкруцтва.
І вось цяпер я добра знала стары горад і нават яго асобных крыклівых насельнікаў. Соваючыся туды-сюды, я трапляла ў розныя месцы. Вядома, больш за ўсё мяне цікавіла Макрыня. Я ўжо ведала, дзе яе дом – у паўночнай частцы крэпасці, на беразе Буга, дзе цяпер засыпаная бітай цэглай пустка зарасла баршчэўнікам, – і пабывала ў ім; на рынку знайшла лаўку пана Трызны; яны пабраліся, а пані войтава не памерла – я не раз бачыла гэтую ўладарную жанчыну на рынку.
Кальвіністы (і Макрыня са сваімі дзецьмі) хадзілі маліцца ў вялізную старую царкву святога Міколы – у ёй троху працякаў дах, таму з атынкаваных сценаў і падлогі падоўгу не сыходзілі сырыя плямы, – а пан Трызна з сынамі штонядзелю наведваў нядаўна адбудаваную ля ракі драўляную цэркаўку Параскевы з вясёлымі бляшанымі купалкамі. Трапіла я раз і ў школу: пан дыдыктар дыдыкаў некалькім дарослым хлопцам, якія сядзелі наўкола яго; іх вучылі, як я ўцяміла, крэсліць графік функцыі y=x2 у мэтах вылічэння траекторыі стрэла гакаўніцы;[23] у мяне акругліліся вочы; я праседзела там паўдня і была ўражаная; мяркуючы па асяледцах вучняў, гэта была брацкая школа.
Спадабалася мне ў карчме, якую трымала смуглявая дамачка на імя Эстэрка; не знімаючы, яна насіла круглую шапачку, расшытую шклянымі пацеркамі, і заўсёды чысты зрэбны фартушок. Мне хацелася пакаштаваць палюхоў і грэчанай бабкі, што падавалі тым, у каго было два пенязі, і кілбасаў, што выносілі на дошцы тым, у каго знаходзіўся грош, і кавалачак вэнджанага сома… Але часцей за ўсё – і тым, хто прыходзіў з пенязямі, і хто з грошамі, а нават і тым, хто з тынфамі, тут падавалі напоі, ад якіх ўладальнікі грошай весялелі. Азірнуўшыся па баках, час ад часу Эстэрка перабягала ў суседні – Макрынін – дом, і вярталася адтуль, зноў зіркнуўшы па баках, прыкрываючы хусткай бутлю або гляк. Бегаючы туды-сюды, я змагла ўгледзець, што карчмарка гешэфтуе з Начком, Макрыніным служкам, які, у сваю чаргу, скрадаючыся, гоніць гарэлку і адначасова варыць піва ў лёху за домам.
Жыццё горада зачароўвала.
Хлопцы з худымі нагамі, што прабіраюцца вечаровым сутоннем пад сценамі замка, босыя, з кінжаламі як адзін.
Кабеты на Бугу, з валкамі і кошыкамі; галасы разносяцца далёка, і кожная з жыватом.
Рынак з яго размовамі пра курсы абмену шматлікіх еўрапейскіх грошай, пра падаткі: дзяклы, капшчызны, дымнае, польнае, на соль, на селядзец, чопавы, паваротнае, шарваркі…
Хейнал кожную раніцу.
Спрэчкі муляраў у Налозках: горад рос, працягваўся будаўнічы бум, як грыбы, раслі новыя заможныя камяніцы. Фактары прыводзілі патэнцыйных пакупнікоў, але тыя круцілі носам, кошты падалі, і пан войт, якому ўсё было мала, быў незадаволены.
Гнілая – жыдоўская вуліца; аптэкаржыд ад фэбры (дома ўлезла ў інтэрнэт: фэбра значыць ліхаманка) прапануе адвар лазовай кары і яшчэ нечага (чаго – пан аптэкар не прызнаецца), але гарантуе палёгку; тры тынфы каштуе адвар, для пані войтавай гэта не грошы, але высвятляецца, што тынфы маскоўскія, і аптэкар адмаўляецца; тады сыходзяцца на казе.
Козы – асобная размова. Малады арандатар з Кастамалот, выходзячы ад Эстэркі ў вясёлым настроі, разагнаў шабляй сорак козаў пані Багушовай, і чатыры прапала. Крыкі ў магістраце з гэтай нагоды (ляжу, прыціснуўшыся да манумента «Жажда», каб не прапусціць ні слова). Пані Багушова свайго не папусціць, і няма такога закона, каб козам забаранялася хадзіць па вуліцах! А пан арандатар няхай свае парадкі на сваіх валоках заводзіць!
Усё часцей чую пра Хмеля: Хмель зменшыць падаткі, Хмель забярэ ў жыдоў арэнду мытні, Хмель дае зямлю казакам, Хмель дае зямлю сялянам, Хмель ваюе за веру, Хмель зменшыць падаткі… Хлопчыкам у Кастамалотах, якія пасвілі быдла, з’явілася Божая Маці і сказала чакаць Хмеля… Ой, Хмелю ж мій, Хмелю…
Цікава ўсё гэта да немагчымасці, да замірання ў жываце.
А сёння з раніцы рынак забурліў, забурліў і выбухнуў. Мор у Берасці. Кароль распарадзіўся перанесці паседжанні гарадскога суда ў Кобрынь, і першымі незадаволенасць выказалі салявары з Коданя, якія прыехалі сюды разбірацца ў судзе з берасцейскім кагалам. Ім прыйдзецца цяпер змарнаваць яшчэ дзень, цягнуцца ў Кобрынь, а справа тым часам у Кодані стаіць! А выдаткі растуць! Салявары кучкаваліся ля ратушы, і адтуль чуліся зласлівыя выгукі.
Тым часам у ятку пана Яраша, мясніка, які гандляваў яшчэ і скурамі, прыйшоў Герман з Валынкі, магільшчык, і паведаміў, што на мінулым тыдні ён зарабіў добра, але з сённяшняга дня мёртвых будуць хаваць ў брацкіх магілах за кошт магістрата, а з яго многа не возьмеш. Тым часам у ятку з раямі мух уплыла пані войтава, перад ёю расступіліся, яна пачала мацаць і варочаць кумпякі, разглядаць рэбры – пані войтавай трэба найлепшае; пан Яраш напружыўся.
Тут Ціт, скамарох, прыезджы з Валыні, высокі і мажны, што жарон з млына падымаў, шрубам прайшоў па рыначным пляцы і ўпаў там, дзе брукаванка межавала з бур’яном.
Поп у мясной ятцы, перажагнаўшыся, сказаў:
– Бог гневаецца на берасцейцаў.
Салявары загаманілі больш голасна.
А пані войтава, выціраючы пальцы аб спадніцу, кінула:
– Бо развялося погані зашмат, што з ворагам роду людскога гешэфтуюць, чаруюць і труцяць хрысціянаў.
Ціта, чуваць было, ванітавала (а ці не заражуся я тут гэтай хваробай? – мільгае у мяне думка, – яшчэ не хапала).
– Трэба абысці горад з хросным ходам, – прапануе пані Багушова, якая звычайна, як я заўважыла, з’яўляецца паўсюль, дзе з’яўляецца пані войтава.
[23] Род гарматы.