«Супакоіцца, супакоіцца,» – паўтарала я ў думках, разраўноўваючы нарытыя свіннёй горы і закладваючы ёй салому, але ў выніку разнервавалася яшчэ больш.
Участковы зпад ігрушы пільна назіраў за тым, як я мыю рукі.
– Яшчэ хвілінку, – сказала я яму, скрывіўшы морду ва ўсмешку, і прайшла на веранду.
Там я дастала з лядоўні бутэльку. Не, я адразу ж зразумела, што не змагу сёрбнуць, але прыхапіла віскі, шклянку і лёд з сабой.
– Кропельку? – прапанавала я міліцыянеру.
Ён трохі павярнуў галаву, каб прачытаць надпіс на этыкетцы і нечакана пагадзіўся.
– А давайце! Лёду туды, калі ласка, паболей.
Раніца была спякотнай, і хаця падвор’е яшчэ заставалася накрытым ценем дрэваў, прахалоды не адчувалася.
Участковы прыняў шклянку, пагайдаў трохі, пакаштаваў і прамовіў:
– Добрая рэч. Нават смачна. Але ж да справы. Калі памятаеце, першы раз мы пабачыліся зза таго, што тут недалёка знайшлі труп мужчыны. Вось жа, і зноў я да вас праз труп мужчыны, але ўжо іншага.
Халодны струмень пацёк у мяне ўздоўж пазваночніка. Сказаць нешта? Маўчаць?
Міліцыянер востра глянуў на мяне і працягваў:
– Роўна тыдзень таму тут непадалёк, ля шлюза, быў знойдзены тапелец, вельмі ўплывовы і вядомы чалавек, багаты бізнэсмен… Вы ж яго ведалі, ці не так?
«М-м-м» і вар’яцкі погляд былі адказам.
– Кукаль Іван Дзмітрыевіч, – патлумачыў міліцыянт. – Я ведаю, у вас з ім былі канфлікты.
Мяне ўжо амаль трэсла. Я адчувала: яшчэ секунда, і я самлею; вось-вось не стрываю; істэрыка накатвалася немінуча. І тут, падняўшы позірк, я пабачыла: за спінай міліцыянта пагорак, дуброву, авал плёсу, кавалак сіняга далягляду… Што б ні стала са мной, пагорак ніхто не зрэжа, плёсу не засыпле, а дубы не спілуе… Прынамсі, пакуль што. Пакуль што дабрацінскія сцежкі не будуць таптаць ні бл…і, ні быдла. І нечакана я супакоілася. Да халеры! Што будзе, хай будзе.
Я наліла ў сваю шклянку вады з міскі, дзе плавіўся ў гарачыні лёд, і выліла сабе на макаўку.
– Горача вельмі, – патлумачыла я міліцыянту. – Хочацца неяк асвяжыцца. Не звяртайце ўвагі. Дык што вы гаворыце, Кукаль утапіўся? Не, я гэтага не ведала. А канфліктытакі былі, сапраўды. Так што плакаць з нагоды ягонай смерці не буду. Туды і дарога.
Участковы пасля майго дэмаршу чамусьці павесялеў, сёрбнуў са шклянкі і набыў вельмі задаволены выгляд.
– Разборам гэтай справы займалася абласная пракуратура, але, паколькі смерць адбылася на маім участку, я таксама браў у гэтым удзел. Аднак, шчыра кажучы, я цяпер тут у вас не афіцыйна, а як прыватная асоба, – у знак таго, што ён прыватная асоба, хлопец паказаў мне шклянку з віскі. – Цяпер справа амаль закончаная. Мне падалося, што вам цікава будзе паслухаць, да якіх высноваў мы прыйшлі.
– Што ж, калі вам так падалося…
– У двух словах. Смерць настала, калі Кукаль разам са сваімі супрацоўнікамі і сябрамі быў на пікніку. Як водзіцца, было нямала выпіта, і хутка кампанія ўжо языком не варочала, так што на допытах толку ад іх дабіцца было складана. Амаль цвярозы быў Кукалеў шафёр, ён паказаў, што пацярпелага знайшлі ў вадзе. Яго адразу дасталі, паспрабавалі – як маглі – рэанімаваць – безвынікова, а потым павезлі ў бальніцу… На наступны дзень была распачата крымінальная справа па факце смерці, тады ж спецыялісты агледзелі месца… Адпрацоўваліся дзве асноўныя версіі. Першая: быўшы п’яным, пацярпелы ўпаў у ваду і захлынуўся. Экспертыза гэта абвергла. Не буду ўдавацца ў тонкасці, скажу толькі, што ёсць метады выявіць, сам чалавек патануў ці яму, так бы мовіць, дапамаглі. І экспертыза адназначна ўстанавіла: дапамаглі. Хто? Гэтае пытанне адразу распалася на два: нехта з тых, хто прыехаў разам з Кукалем ці нехта старонні, хто прыйшоў – або, скажам, прыехаў на трактары – у нейкі момант потым.
Агляд месца здарэння многа не даў – моцны вецер літаральна развеяў усе сляды, таму абапірацца прыйшлося ў асноўным на паказанні сведкаў.
Што адразу насцярожыла следства: на пікнік прыехалі дзве машыны – пра гэта прагаварылася адна дамачка, – а ў бальніцу яго прывезла адна, другая там не з’яўлялася. Прычым, калі Кукалевым спадарожнікам пачалі задаваць на гэтую тэму пытанні, то яны спачатку ўвогуле адмаўлялі, што былі дзве машыны, а калі іх прыпёрлі да сценкі, то пацвердзілі, што так, на другой машыне прыехаў… – тут зноў пачалася была блытаніна, але іх даціснулі – на другой машыне быў такі Куля са сваімі прыснымі, так званы крымінальны аўтарытэт, які даўно ўжо знаходзіцца ў вышуку. Прычым варожасць паміж Куляй і Кукалем – ні для кога не сакрэт, мы даўно ведалі, што яны на нажах. Сведкі гаварылі, што пікнік якраз ладзіўся з нагоды таго, што так званыя «два К» памірыліся. Куля, з іх словаў, разам з усімі купаўся воддаль і разам з усімі вярнуўся. Калі знайшлі тапельца-Кукаля, ён адразу ж з’ехаў, бо разумеў, што цяпер без міліцыі не абыдзецца, а яму сустракацца з міліцыяй зусім не з рукі. Такім чынам, можна дапусціць, што на пікніку паміж старымі ворагамі разгарэлася сварка ці што Куля з самага пачатку планаваў выдаліць канкурэнта, нібыта памірыўшыся з ім, і што, выбраўшы зручны момант, Куля ці хтось з яго чэлядзі ўтапілі Кукаля. Сведкі гэтага не паказваюць, але цалкам праўдападобна, што яны не бачылі; яшчэ больш праўдападобна, што яны, калі і бачылі, проста баяцца Кулі, таму і маўчаць.
Калі адпрацоўвалася іншая версія – наконт старонняга забойцы – рабілася апытанне рыбакоў, што былі паблізу, і дачнікаў, і адзін з дачнікаў паказаў, што ў меркаваны час забойства бачыў трактар грамадзяніна Гадуна Анатоля і «адну з сёстраў-блізнятаў з Дабрацічаў» з ім у кабіне. Недалёка ад месца здарэння сляды трактара былі знойдзены – на жаль, іх, праўда, нельга было з пэўнасцю ідэнтыфікаваць, бо яны былі моцна занесеныя пяском – і гэта дало падставу распрацоўваць гэты напрамак больш грунтоўна. Але хутка следству стала зразумела, што гэта тупіковы шлях: двое вельмі аўтарытэтных для следства сведкаў бачылі вас, і з іх паказанняў ясна вынікала, што на месцы забойства вы быць не маглі, і, значыць, там сляды іншага трактара. Першы сведка – дырэктар «Агравіталікі+» Чарота, вы яго, мусіць, не ведаеце. Ён паказаў, што роўна ў 12.40 выехаў на шашу з Дабрацічаў і бачыў, як трактар Гадуна ў гэты час пад’ехаў да дарогі на Горы з боку Страдзічаў (то бок з супрацьлеглага ад шлюза кірунку) і павярнуў, як выказаўся сведка, «да далёкіх дамкоў дачнага пасёлка». Ён пазнаў трактар, бо, як кажа, наогул сваю тэхніку па гуку адрознівае, а пры тым у трактара ёсць асаблівая прыкмета – адно крыло ў яго чырвонае. Чарота потым гаварыў з Гадуном, Гадун патлумачыў, што па асабістых справах ездзіў у лес – па лекавыя расліны, і Чарота вельмі сварыўся, што Гадун раз’язджае па зёлкі замест таго, каб ехаць, куды пашлюць… Другі сведка прыпомніў, што бачыў сіні трактар з чырвоным крылом на дзесяць хвілінаў раней, у 12.30, у саміх Страдзічах. Такім чынам выявілася вашае алібі.
– А хто другі сведка? – спытала я, хаваючы ашаламленне.
– Я, – спакойна адказаў малады чалавек. – Я быў у Страдзічах па справе і бачыў ваш трактар каля крамы. А час запомніў, бо якраз у той момант складаў пратакол, у якім трэба было яго пазначыць.
Мы глядзелі адно аднаму проста ў вочы, і я адчувала, як нагортваюцца слёзы…
Чарота, сын якога праз Кукаля стаў наркаманам, бачыў, як мы выязджалі з дарогі ад шлюза, а сказаў, што мы пад’язджалі да дарогі на Горы з іншага боку і павярнулі «да далёкіх дамкоў дачнага пасёлка»… А гэты малады міліцыянэр ненавідзеў Кукаля не менш за мяне і таксама бачыў наш трактар там, дзе яго не было…
– Так што, бачыце, не так і кепска ў некаторых выпадках мець чырвонае крыло на сінім трактары, хоць ДАІ за гэта і ганяе, – ён падвёўся. – А ў некаторых выпадках добра вось так зранку дзербалызнуць. Як там кажуць: утром выпил – день свободен? Ну, на всэ добрэ. Пайду, прагуляюся лесам. Кажуць, грыбы пракінуліся.