– Калі ласка, пастаўце.
Засвяціўся вялікі экран над барам, і я яе пабачыла.
Яна спявала песні, вядома ж, Эдзіт Піяф. Спявачкі такога гарту заўсёды іх спяваюць, спадзеючыся выехаць на вялікім рэпертуары, але не выязджаюць. Занадта, аж да бляску дагледжаная – дагледжанасць для экрана, а не для жыцця, у жыцці яна звычайна вельмі непрыемная. Спявачка шырока разявала рот і ўвесь час пасміхалася, бяздумна, соладка і абсалютна недарэчна. Спяваць так «Я не шкадую» – гэта, ведаеце, пра многае гаворыць… Не, не рэўнасць ува мне гаворыць (што мне цяпер Гекуба?), але не было ў гэтай жанчыне ні таленту, ні сапраўднай прыгажосці. Антоне, Антоне, мне нішто цяпер Гекуба, але дзе ж былі твае вочы? Ці дзе былі мае вочы, калі я не заўважыла такіх кардынальных зменаў у тваіх густах…
Я знакам папрасіла бармена выключыць запіс, і ён з гатовасцю зрабіў гэта.
З баржы зноў данеслася умпапа, умпапа старадаўняй песні, якая, відаць, зноў набывала папулярнасць у гэтых месцах.
– Прабачце, – да мяне яшчэ раз падышла афіцыянтка, – кухар цікавіцца, чаму вы не ясцё? Калі вам не смакуе, мы можам прапанаваць нешта іншае…
– Не, не трэба, дзякуй, усё вельмі смачна…
Афіцыянтка выбачылася і адышла. Я ўзялася за відэлец. У зале цяпер я сядзела адна; на баржы ж было даволі людна. Шумлівая кампанія, якая прыехала на вялізным джыпе, не знайшоўшы месца там, увалілася ў залу; яны замовілі водяру. Мой відэлец бразнуў аб талерку: у адным з мужчынаў я пазнала спецназаўца Пачцівага. Сёння ён быў у штацкім. Стрыжаная галава, наліты тлушчам карак… Гэта ён. Ля яго трымалася чарнявая вёрткая асоба, да якой Пачцівы разпораз нахіляўся. Абсалютна раўнадушным позіркам ён слізнуў па мне. Не пазнаў.
Яны запаланілі залу гучнымі размовамі. Першую выпілі за маладых, і Пачцівы з чарнявай пацалаваліся. Муж з жонкай, значыцца! Сапраўды, прыгледзеўшыся, я заўважыла на яго руцэ бліскучы заручальны пярсцёнак. З-за іх стала шырокім патокам ліўся мат; я то думала, што такім чынам яны кантактуюць толькі з адмарожанымі ворагамі іхняга прэзідэнта, а высвятляецца, з каханымі таксама. Жанчыны за гэтым сталом таксама пачыналі кожную фразу з «б…, сука»: «Б…, сука, папробуй салат! Б…, сука, пашли патанцуем!». Калі Пачцівы з жонкай пайшлі танцаваць на баржу, дзве жанчыны, якія засталіся за сталом, адразу ж прыняліся пляткарыць пра іх, і я даведалася, што Элка на чацвёртым месяцы, што калі Сашка на службе, яна жыве з Газманам, што Сашка прыдурак, бо даўся Элцы абкруціць. Я перавяла позірк на баржу, дзе скакалі маладыя. На чацвёртым месяцы так піць? Не, няхай Марыя Вайцяшонак гаворыць што хоча, але жыццё ўсё ж пакарае іх пустымі вачыма дзяцей.
Шушко і Пачцівы, Сцяпан Фёдаравіч, Грайчык і Майдзенка лічыліся ў мяне ў асабістым шортспісе. Не магу сказаць, што пасля таго вечара я адмовілася ад сваіх планаў, але на душы ў мяне зрабілася спакайней: я яшчэ раз упэўнілася, што жыццё раздае-такі кожнаму брату па дукату; раздасць і гэтым, нават без майго ўдзелу.
Такім чынам, сёння ў рэстаране на беразе Мухаўца цікаўныя маглі назіраць, сярод іншых цікавостак, парад жонак:
1. Жонка кінутая (я).
2. Жонка актыўная і зорная (Тлуская).
3. Жонка, якая яшчэ парадуе свайго мужа (мадам Пачцівая).
Перш чым устаць зза стала, я прыхапіла з сабой запіску Тлускай: збіралася адаслаць яе Антону. І тут мяне чакаў яшчэ адзін сюрпрыз: на маіх вачах літары ў запісцы раптам сталі блякнуць, блякнуць і прапалі! Яны былі напісаныя спецыяльным чарнілам; такія асадкі прадаюцца на кожным кроку. Або я недаацаніла пачуццё гумару Антаніны, або і яна таксама яшчэ парадуе Антона. Антон і Антаніна… Халера, у іх жа імёны аднолькавыя! Дзве анучы – камплект.
Пры святле месяца
Над пакатым берагам плёсу біліся камары. І жабы, і птушкі маўчалі ўжо, толькі кажаны з сухім шэлестам крылаў праносіліся над намі. Месяцовае святло ляжала на авале вады, як павернуты дыбам знак «уезд забаронены», а Толікаў прыбор для пошуку скарбаў валяўся воддаль, раздражнёна кінуты. Усе маўчалі. Мы прыйшлі ў тупік. Толькі што праз склеп мы вярнуліся з Буга. Сёння ўсе нашы надзеі, падагрэтыя Толікавай палкай пэўнасцю, праваліліся.
Два тыдні запар я, Толік і Валік, бы нейкія шалёныя землярыйкі, апантана капалі норы – толькі гэтым разам не ў часе, а ў сухой, зацвярдзелай, як камень, зямлі. Улянка з намі не працавала – была занятая, выбарачная кампанія падыходзіла да фіналу. А мы надрываліся. Часу ў нас было няшмат – толькі два тыдні.
Толькі два тыдні. Аднойчы за вячэрай мы пачулі ў навінах, што праз два тыдні, з нагоды набліжэння выбараў і дзеля захавання стабільнасці і парадку, усе сілавыя структуры будуць пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым службы. У тым ліку вялося і пра памежнікаў: у нас, маўляў, і так праз мяжу муха не праляціць незаўважна, а тады і мікроб не перапаўзе, і амёба не праплыве… Прычым вусаты пузан з генеральскімі пагонамі падкрэсліў, што пасля выбараў такі ўзмоцнены рэжым захаваецца ўжо назаўжды. Пякноты гэтага самага ўзмоцненага рэжыму былі досыць сур’ёзнымі: увесь наяўны склад выводзіцца на пастаянную патрульную службу, атрымлівае баявую зброю і загад ужываць яе супраць парушальнікаў без папярэджання…
Падліў алею ў агонь і Саша. На адным са сходаў у той дзень ён сустрэў свайго былога калегу. Той калега таксама ўжо не працаваў у КББ, але меў там добрых знаёмых. Дык вось, брэсцкія рыцары плашча і кінжала атрымалі з Менска досыць дзіўны загад. Ім прадпісвалася выдзеліць вялікую групу адказных і фізічна моцных супрацоўнікаў і на працягу двух тыдняў цалкам падрыхтавацца да пошуку скарбаў на тэрыторыі раёна…
Пачуўшы пра гэта, мы пераглянуліся. Стала зразумела: або мы знойдзем скарб на працягу гэтых тыдняў, або не зможам гэтага зрабіць ніколі.
Толік з Валікам, рызыкуючы тым, што Чарота папросту іх звольніць, усё ж пайшлі ў адпачынак, і мы ўзяліся за справу. Гэтыя два тыдні я ніколі не забуду. Штодня мы ўталоўваліся, як валы. Спіна балела, не перастаючы. Рыдлёўка амаль прыліпла да маіх далоняў. Крывавыя мазалі не сыходзілі, а лопаліся. На іх месцы паступова з’явіліся нарывы, якія невыносна тохкалі, але я, сцяўшы зубы, працягвала дапамагаць хлопцам. Каб трохі зменшыць боль, я перабінтавала рукі, і варта было націснуць на дзяржальна рыдлёўкі, як на бінтах з’яўляліся бурыя плямы крыві і гною. Першы раз пабачыўшы гэта, Толік накрычаў на мяне і паспрабаваў прагнаць дамоў. Але я, у сваю чаргу, накрычала на яго, швыргануўшы вобзем вялізную глыбу пясчаніку, якую якраз была адкапала, і заявіла, што няхай ён сам ідзе дамоў, дадаўшы яшчэ пару-тройку выразаў… Словам, Валік з цяжкасцю нас разняў. Прычым аціхлі мы толькі пасля таго, як наш заўсёды спакойны і разважлівы сябрук, страціўшы цярпенне, паслаў нас па нядобрым адрасе, сказаўшы, што ён адмаўляецца працаваць з такімі казламі, што мы яго дасталі і што ведаў бы – не звязваўся б…
Словам, мы ўсе нерваваліся. Бо цяжкая праца не прыносіла плёну. Абломкі косаў, вілаў і сярпоў, ланцугі, цвікі, манеты расейскай і савецкай імперый, іржавыя каскі Першай і Другой сусветнай, гільзы, асколкі авіябомбаў ды снарадаў, гарматны – як аўтарытэтна пазнаў былы артылерыст Валік – замок, кансервавыя пушкі, бясформныя кавалкі бляхі – металашукальнік разпораз пазвоньваў, але, на жаль, на жаль…
Мяне мучылі сумненні і сумленне. Сумненні, што мы нічога не знойдзем. Не паспеем, прапусцім. Сумленне, што скарб пойдзе на ўзбагачэнне дамачак з БТ. Я адчувала нейкую адказнаьць за яго. Не проста так усё ў жыцці, невыпадкова. Цьмяна, але я адчувала, што невыпадкова ўсё так складаецца: стары акт у таўшчэзнай кнізе, Тарас Слёзка ў львоўскім архіве, мае правалы ў норы… Выразнай сувязі паміж гэтым нібы і не праглядалася, але не на пустым жа месцы гэтыя супадзенні. Нейкі дар, нейкае пакліканне за гэтым, нейкая таямніца, давераная менавіта нам… Можа, гэта якраз тое, дзеля чаго мы топчам чорныя сцежкі? – як сказаў аднойчы Толік. І вось, выходзіць, адзінае, што мы змаглі зрабіць – выдаць гэтую таямніцу, і цяпер, чаго добрага, вялікая група адказных і фізічна моцных службакоў груба выхапяць яе з маіх рук… Калі скарб выявіцца вартым – а, мусіць, у іх ёсць нейкія доказы гэтага, не проста ж так кабэбістаў знялі са службы на выбарах, – калі скарб выявіцца вартым, з іх станецца абвясціць яго знаходку чарговым доказам богаабранасці іхняга правадыра…
Словам, раны на душы пяклі не менш, чымся на руках.
Працавалі мы днём і ноччу, пакідаючы на сон пару гадзінаў. Схудзелі, змарнелі. Хлопцы мелі праблемы з жонкамі, паколькі да пары не прызнаваліся, чым такім займаюцца і куды цягаюцца на працягу гэтых тыдняў. Прыходзілася скрадацца ды зважаць і на памежнікаў. Але кожны дзень, кожную ноч мы прадзіраліся праз вузкі праход у склепе, выпаўзалі на паверхню, і ціха і тайна, але метадычна, крок за крокам перакопвалі ўсё наваколле, рухаючыся на змену то справа, то злева ў кірунку да таго месца, дзе на польскім беразе чарнелі тоўстыя старыя палі ад млына. Чым менш заставалася недаследаванай зямлі, тым менш заставалася ў мяне надзеі. Валік, акрамя той успышкі, трымаўся роўна і маўкліва (на наступны дзень ён прынёс мне пальчаткі, працаваць у якіх, трэ прызнаць, было шмат зручней). А ў Толіку, здаецца, наадварот, ноч ад ночы расла ўпэўненасць. Калі я выказалася ў тым сэнсе, што шанцаў знайсці скарб менее, ён запярэчыў:
– Наадварот. Чым менш нам застаецца абшукаць, тым больш шанцаў, што знойдзем ужо сёння.
Але ж адно сёння змяняла наступнае, а мы нічога не знаходзілі.
Прыехала Улянка разам са сваім мужам Юркам. У апошнюю ноч, калі нам засталося абшукаць апошні невялікі кавалак якраз насупраць паляў, мы выправіліся на бераг Буга ўпяцёх.
– Сёння мы яго нарэшце дастанем, – абвясціў Толік, вылазячы са склепа на засохлы дзірван.