Гузік ад мундзіра польскага жаўнера, жменя аскепкаў ад снарадаў, кавалак ланцуга – вось і ўсё, што мы знайшлі. Больш нічога. Толік і Юрка зваліліся ў халодную ваду, змоклі і перапэцкаліся.
Перад світанкам, прыгнечаныя, мы вярнуліся на савецкую радзіму і паселі на беразе плёсу.
Валік, сухі і найменш змучаны, прыпячатаў:
– Ну што ж, таго трэба было чакаць. Не знайшлі, дык не знайшлі. Аблазілі ж усё. Дый, шчыра кажучы, дзіўна было б, каб знайшлі.
– Ну так. Але вам не варта скардзіцца, – паспрабаваў супакоіць нас Юрка. – У працэсе пошукаў вы збавілі свет ад вырадка, што нямала, прабілі акно ў Еўропу – маю на ўвазе ход праз склеп, да таго ж, набылі мапу – рарытэт, пра які Ала можа напісаць артыкул.
– Які там артыкул, – махнула я рукой.
– Дый ніякі гэта не рарытэт, – дадала Улянка.
Юрка перакаціўся на жывот, шчоўкнуў ліхтарыкам і дастаў з валізкі мапу, перададзеную Валерыкам з Нью-Ёрка.
– Не знаю, не знаю, можа, і не рарытэт, але рэч цікавая, – Юрка вадзіў ліхтаром і ўважліва разглядаў ужо вывучаную намі ўздоўж і ўпоперак карту. – Цікавая, цікавая…
Толік, які да гэтага як паваліўся, так і ляжаў каменем, заварушыўся і пракашляўся.
– А можа, там памылка, у той запісцы? Можа, трэ было на кастамалоцкім беразе шукаць, на левым, а не на правым?
Поўны месяц заліваў усё сваім прывідным белым святлом. Хутка, хутка абрынецца ён з неба ў правальную бездань за Бугам, і адразу ж з другога боку, ад Масквы, набухне і ўзарвецца чырвонае сонца, зазвіваецца, як змяя, туман над асушанымі балатамі, і кроплі расы, якія халодзяць паветра, высахнуць пад няўмольным, пякучым ветрам часу…
Хвалі месяцовага святла залівалі прастору. Маўчанне. Цішыня над схаванымі ў зямлі торфамі, над вапнавымі ракавінкамі даўно загінулых малюскаў, над прыдушанымі пластамі мулу шкілецікамі карасёў ды ўюноў, над вужынымі шкуркамі і заечымі белымі костачкамі…
І вось я зноў бачу ўсё настолькі падрабязна, што не бачу нічога цэлым, і раптам з нейкім тупым, прыцішаным спалохам я адчуваю, што са мною робіцца нешта дзіўнае: падсыхае мяккае цела, я меншаю ростам, косці цвярдзеюць, і нетутэйшае паветра б’е ў твар. Я глытаю яго, у яго нязвычны смак, і галава точыцца… Невытлумачальны страх агарнуў мяне. Я бачыла сястру, хлопцаў, але адчувала, што насамрэч я не тут, а ў іншым месцы, ці, дакладней, у іншым часе… Калі б я схамянулася, узяла сябе ў рукі, сабрала волю ў кулак, пэўна, скінула б морак. Але воля ў мяне, як вы знаеце, слабая, і праз момант я ўжо была не я, а нехта іншы бег праз залітую месяцам цемру, гэта быў мужчына, але разам з тым гэта была і я, Алка з Гадуноў. Я не толькі правалілася ў нару, я выпала з яе з другога боку! Я бачыла не свае жылястыя рукі, цяжкі куфэрак прыціскала да грудзіны, хутка дыхала, бегучы берагам начной ракі і ў знямозе спынілася, сказаўшы хлопчыку, што бег побач:
– Чакай, дух духа прэ, аддыхаюся…
І адразу загула зямля, ззаду данёсся тупат, гіканне, воклічы, ад якіх мароз пайшоў у мяне па скуры.
Ячалавек агледзеўся ў гэтым дзікім месцы. Кусты, паблісквае рака, зноў кусты, кавалак млыновага кола над шатамі дрэваў. Пагорак. На пагорку дуб, малады, але камлюкаваты. Дуб. Позірк мой зачапіўся за яго; пад адным коранем чарнела ямка.
– Я напішу цыдулу, – я задыхалася. – Вось, бяры і бяжы хутчэй. Панічу, Хрыстошу, перадай…
Спалоханы белы хлапчук ухапіў жоўты кавалачак, які яму працягнуў ячалавек, і размыўся ў месяцовай цемры; зашапацелі за ім кусты.
Я кінулася да дуба, нажом пашырыла яміну, засунула туды куфэрак, прываліла зноў дзёрнам і сухім счарнелым лісцем. Так, цяпер адвесці супастатаў адсюль, адвесці… І ў мяне ёсць нож, за шэлег мяне не возьмуць… Слізгаючы на мокрай траве схілу скуранымі чобатамі, згубіўшы па дарозе шырокую футраную шапку, я кінулася да рэчкі, і халодныя дробныя хвалі разбіліся пад маім целам… І ад холаду ўсё скончылася.
Я вярнулася на бераг плёсу, і месяц вісеў тамсама, дзе я бачыла яго апошні раз… Сэрца шалёна калацілася. Я ашаломлена абмацала сябе і перахрысцілася – трэці раз у жыцці. Ніхто не звяртаў на мяне ўвагі. Усе, павярнуўшыся да Юркі, слухалі яго.
– …цёк не там, дзе зараз. От глядзіце: бачыце гэты выступ? – чатыры галавы схіліліся разам. – Насупраць Прылуцкай царквы? А яго ж цяпер няма. Мы ж там хадзілі, вы самі бачылі, няма яго. Помніш, Алка яшчэ чаплялася, дапытвалася, дзе ж тыя лукі, пры якіх Прылукі стаяць. Цяпер іх няма, на гэтай мапе стагадовай даўніны ад іх засталася толькі закавыка, а гадоў мо чатырыста назад тут і сапраўды Буг клаўся лукай. Рэкі мяняюць рэчышча, гэта ж вядома. Мы калісьці вывучалі на грунтазнаўстве, як разлічваць гэты працэс, толькі я дакладна ўжо не памятаю. Калі агулам, у першым прыбліжэнні, то рэкі адступаюць супраць кручэння зямлі. Так, – Юрка падняўся. – Буг цячэ туды, – ён махнуў рукой на поўнач. – Той бераг у яго стромы, выходзіць, ён адступае ў Польшчу. Выходзіць, цалкам можа быць, што раней ён цёк недзе бліжэй сюды, да нас. Можа, плёс – гэта тое, што засталося ад старога рэчышча.
– Авохці! – Валік аж сеў. – Рэкі разбягаюцца. Ну, так, як жа мы маглі пра гэта забыць? І што ж цяпер рабіць?
– Ну, можна пашукаць спецыяліста, такія ёсць. Ён павінен вывучыць асаблівасці ландшафту, структуру грунту, асаблівасці ракі – ну, там, хуткасць плыні, аб’ём вады, – і з пэўнай доляй верагоднасці адкажа, дзе было рэчышча чатырыста пяцьдзясят год таму. Толькі, вядома, няма ніякай пэўнасці, што ён вылічыць дакладна.
– Не трэба шукаць спецыяліста, – сказала я здушаным голасам і пракашлялася. – Толік, бяры свой шукальнік, хадзем.
– Куды? – не зразумеў той.
– Вунь туды, – я паказала рукой на дуброву на пагорку. – Пайшлі хутчэй, потым растлумачу.
Толік пільна зірнуў на мяне, і, ні слова больш не кажучы, падвёўся следам.
– Ну, пайшлі.
Юрка, Улянка і Валік паспяшаліся за намі.